Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое ідэальны чыноўнік?


Намесьнік кіраўніка кампаніі "Гавары праўду«Андрэй Дзьмітрыеў і дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэй Бандарэнка распавялі пра сумесную кампанію «Беларусь — гэта хто?»

Мэта кампаніі — паказаць узровень карупцыі ў краіне, паказаць твары гэтай карупцыі. А таксама — прадэманстраваць, што тая сыстэма, якая пануе сёньня ў дзяржаве, — замкнёная, непразрыстая, кажа Андрэй Дзьмітрыеў:

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў
«У мінулым годзе кампанія „Гавары праўду“ сабрала больш як 53 тысячы подпісаў за тое, каб быў прыняты Закон аб публічным дэкляраваньні чыноўнікамі іх прыбыткаў. Падчас гэтай кампаніі мы даведаліся пра больш як 100 фактаў карупцыі ў рэгіёнах ці падазрэньняў у карупцыі. І ў 22 раёнах мы правялі кампаніі, дзе абнародавалі гэтыя факты.

Што такое ідэальны чыноўнік? Ён павінен быць адкрыты для народа, як у ток-шоў „За шклом“ — каб людзі бачылі, што ён робіць, за што атрымлівае заробак, колькі атрымлівае, на якія сродкі жыве ягоная сям’я. Што сёньня ў Беларусі адбываецца? Чыноўнік — як тая чорная котка ў цёмным пакоі, дзе няма вокнаў, няма сьвятла, дык ён яшчэ зачынены знутры на некалькі замкоў. Наша справа — зьмяніць сытуацыю, дамагчыся празрыстасьці і адкрытасьці сыстэмы. Гэта магчыма толькі праз абавязак — калі мы абавяжам чыноўніка дэкляраваць свае даходы, тлумачыць грамадзянам, чым ён займаецца і за што атрымлівае заробак. І тады ня будзе пытаньняў».

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэй Бандарэнка распавёў, што адметнасьць кампаніі — рэгіянальныя прыклады шыкоўнага жыцьця канкрэтных чыноўнікаў і мясцовых начальнікаў. Распачаць такую кампанію падштурхнула наведваньне элітнага дачнага пасёлку пад Салігорскам, які ў народзе завецца «Даліна жабракоў».

Менавіта простыя грамадзяне часьцяком самі інфармавалі пра ўзровень жыцьця канкрэтных начальнікаў. Натуральна, факты правяраліся. І 22 прыклады з сотні былі абнародаваныя:

«У рэгіёнах крыху прасьцей — кожны абазнаны чалавек, які цікавіцца праблемай, ведае, што ў чыноўніка ва ўласнасьці, якая нерухомасьць, на якіх машынах езьдзяць чальцы ягонай сям’і. Зь цяжкасьцямі, але ўдавалася атрымаць інфармацыю, якія заробкі ў чыноўнікаў. Мы паказалі прыбыткі чыноўнікаў і параўналі іх з прыбыткамі простых грамадзянаў. Цяпер мы хочам працягнуць гэты праект ужо ў межах грамадзянскага кантролю, каб выяўляць факты карупцыі і даносіць іх да адпаведных органаў. Мэта наша — прымусіць парлямэнт прыняць закон пра тое, што кожны чыноўнік абавязаны дэкляраваць свае прыбыткі і гэта павінна быць празрыстым для выбарцаў».

На пытаньне журналістаў, ці аспрэчыў хто з «герояў» праекту «Беларусь — гэта хто?» інфармацыю пра сябе, Андрэй Бандарэнка адказаў, што пакуль ніводнага сьмелага не знайшлося. Быў выпадак, калі сястра аднаго зь міліцэйскіх начальнікаў абурылася абнародаванай інфармацыяй аб братавых прыбытках. Але калі ўсё пераправерылі, інфармацыя пацьвердзілася.

Андрэй Дзьмітрыеў падкрэсьліў, што кампанія «Беларусь — гэта хто?» накіраваная ня супраць чыноўнікаў. Яе мэта — зьдзейсьніць сыстэмныя зьмены ў краіне, каб улада, чынавенства стала адкрытым і зразумелым людзям. Каб чыноўнік быў не гаспадаром над людзьмі, а нанятым імі на пэўны тэрмін адмыслоўцам для выкананьня пэўных функцыяў і абавязкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG