Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узровень рэпрэсіяў у Беларусі – беспрэцэдэнтны


Пра гэта гаворыцца ў штогадовай справаздачы аб правах чалавека ў сьвеце, якую ў нядзелю, 22 студзеня абнародавала міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 19 сьнежня 2010 году былі несапраўднымі і разьбілі надзеі на дэмакратычны прагрэс у гэтай краіне, гаворыцца ў справаздачы са спасылкай на экспэртнае заключэньне Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе.

У прыватнасьці, пра падзеі пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году ў справаздачы адзначана наступнае:

«Вечарам 19 сьнежня дзясяткі тысяч дэманстрантаў выйшлі на вуліцы Менску, каб выказаць пратэст супраць таго, што яны лічылі чарговымі сфальшаванымі выбарамі. Спэцназ гвалтоўна разагнаў наогул мірную дэманстрацыю, зьбіваючы кожнага, хто трапляў пад руку. Было арыштавана больш за 700 пратэстоўцаў, уключна зь дзясяткамі журналістаў і сямю кандыдатамі ў прэзыдэнты. Сотні арыштаваных адседзелі па 15 дзён арышту па абвінавачаньні ў «хуліганстве». Кааліцыя незалежных праваабарончых арганізацый у Менску, якая дакумэнтавала разгон, адзначыла, што сотні затрыманых скардзіліся на злоўжываньні з боку міліцыі падчас арышту, уключна з пабоямі ды адсутнасьцю вады і ежы, а таксама на тое, што іх прымушалі падпісваць пратаколы зь непраўдзівай інфармацыяй адносна абставін іхнага затрыманьня. Судовыя справы адбываліся пры зачыненых дзьвярах і адзначаліся шматлікімі працэдурнымі парушэньнямі. Большасьць падсудных ня мела магчымасьці пакарыстацца дапамогай адвакатаў і не магла выклікаць сьведкаў. У гэтых працэсах нікога не апраўдалі».

У пасьлявыбарчыя месяцы ўлады распачалі кампанію ціску супраць праваабаронцаў, палітычных актывістаў, журналістаў і адвакатаў. Жорсткія абмежаваньні супраць свабоды аб'яднаньняў, сходаў і прэсы застаюцца ў сіле, а узровень рэпрэсіяў – беспрэцэдэнтны, падсумоўвае справаздача леташнія падзеі ў краіне.

Камэнтуючы глябальныя працэсы, арганізацыя заклікае краіны Захаду прызнаць станаўленьне ў сьвеце палітычнага ісламізму і навучыцца супрацоўнічаць зь ім неканфрантацыйным шляхам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG