Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія аўтадылеры паднялі кошты на новыя аўтамабілі на 15%


Беларускія аўтадылеры паднялі кошты на новыя легкавыя аўтамабілі і лёгкія камэрцыйныя аўтамабілі на 15% у сувязі з адменай ільготаў пры іх увозе юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў камэрцыйных мэтах.

«Адмена ільготы прывядзе да падаражэньня новых аўтамабіляў ня менш чым на 16% і падаражэньня ўжываных аўтамабіляў», — заявіў Інтэрфаксу старшыня праўленьня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.

БАА лічыць несправядлівым рашэньне скасаваць ільготы па падатку на дададзеную вартасьць пры ўвозе і рэалізацыі транспартных сродкаў юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

«Гэты ўказ выраўноўвае працэдуру спагнаньня гэтага падатку, але не выраўноўвае эканамічныя ўмовы. У краінах Мытнага саюзу дзейнічаюць розныя стаўкі. У Расеі і Беларусі — 18% і 20% адпаведна, у Казахстане — наагул 12% . Акрамя гэтага, неабходна ўлічваць розны ўзровень коштаў закупу ў імпартэраў і розьнічных цэн у дылераў — у РФ ён ніжэйшы. Розьніца па большай частцы мадэльнага шэрагу вядучых брэндаў складае ад 5% да 25%».

На думку Міхневіча, рашэньне ня ўлічвае розьніцу ва ўзроўнях сярэдняй заработнай платы насельніцтва ў Беларусі, Расеі і Казахстане.

«У Беларусі заработная плата амаль у два разы ніжэйшая».

Паводле дадзеных БАА, продажы беларускіх аўтадылераў ў 2011 годзе склалі 14 тысяч аўтамабіляў. У Расеі ў мінулым годзе аўтарынак дасягнуў узроўню 2008 году — каля 2 млн штук.

«Прыведзеныя лічбы сьведчаць пра няроўнасьць рынкавых і эканамічных умоў у Расеі і ў Беларусі. Аўтамабільны рынак Беларусі складае менш за 1% ад расейскага рынку і ня можа хоць як уплываць на яго».

Таксама, у адрозьненьне ад Расеі, адзначыў экспэрт, у Беларусі сёньня няма магчымасьці прыцягнуць танныя крэдытныя рэсурсы для фінансаваньня закупу аўтамабіляў па імпарце.

Экспэрты рынку таксама адзначаюць, што падаражэньне новых аўто будзе дыферэнцыяваным у залежнасьці ад маркі, базавага кошту і камплектацыі. На іх думку, менш за ўсё падаражэюць аўтамабілі, пры рэалізацыі якіх даходнасьць аўтадылераў знаходзілася на верхняй мяжы — каля 10%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG