Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымусовае кармленьне прыроўненае да катаваньняў


Сяргея Каваленку пачалі прымусова карміць у віцебскім СІЗА. Гэта другі выпадак ў гісторыі палітычных галадовак у сучаснай Беларусі.

У найноўшай гісторыі Беларусі працяглыя палітычныя галадоўкі бяруць пачатак з 1996 году, калі ў СІЗА на Валадарцы абвясьцілі галадоўку Вячаслаў Сіўчык і Юрась Хадыка, яна цягнулася 23 дні. 20 кастрычніка 2006 году пачаў галадоўку экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін; 11 сьнежня таго самага году яна была спыненая з прычыны дрэннага стану здароўя. За час галадоўкі Казулін схуднеў на 41 кіляграм. У сьнежні 2010 году былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч абвясьціў галадоўку ў турме КДБ — яна цягнулася 24 дні. Супрацоўнікі КДБ пагражалі прымяніць прымусовае кармленьне, але да гэтага не дайшло.

Увогуле, прымусовае кармленьне галадоўнікаў па палітычных матывах у сучаснай Беларусі прымянялася толькі аднойчы — у сакавіку 1999 году да Віктара Ганчара, тагачаснага старшыні «альтэрнатыўнай» ЦВК, які абвясьціў сухую галадоўку ў турме на Акрэсьціна.

Усясьветная мэдычная асацыяцыя (УМА), якая аб’ядноўвае лекараў з усяго сьвету, катэгарычна забараняе гэтую працэдуру. Сябры УМА перакананыя, што яна парушае права зьняволенага на негвалтоўны пратэст. Па-другое, яны прыраўноўваюць гвалтоўнае кармленьне да катаваньня. Калі вязьня прывязваюць да крэсла ці ложка і пачынаюць уводзіць яму ежу праз нос ці рот, гэта вельмі траўматычна і балюча.

Паводле рашэньня Эўрапейскага суду ў Страсбуры, у 2005 годзе Ўкраіна выплаціла кампэнсацыю памерам 26 тысяч эўра па справе «Неўмяржыцкі супраць Украіны». Суд канстатаваў парушэньне правоў пазоўніка што да ўмоваў утрыманьня пад вартай і пазбаўленьня належнага лячэньня, а таксама адносна прымусовага кармленьня.

У 2007 годзе ў Страсбуры разглядалася аналягічная справа, ініцыяваная малдаўскім грамадзянінам — «Чорап супраць Малдовы». Эўрапейскі суд па правах чалавека прысудзіў выплаціць пазоўніку 20 тысяч эўра і 1150 эўра за судовыя выдаткі.

Што да ўплыву працяглай галадоўкі на здароўе, дык лекары-адмыслоўцы папярэджваюць пра небясьпеку працяглай галадоўкі. Пасьля трох тыдняў адмовы ад ежы арганізм дарэшты спажывае свой натуральны прыродны запас, то бок тлушчы, і пераходзіць на спажываньне ўласных бялкоў. Пачынаецца «самапаяданьне» цела, цягліцаў. Сыгнал такога небясьпечнага працэсу — характэрны пах ацэтону пры дыханьні.

Як кажа адмысловец у галіне ўнутраных захворваньняў Аляксандар, калі тэрмін галадоўкі перавышае месяц, у арганізьме могуць пачацца незваротныя зьмены:

«У чалавека істотна мяняецца мэтабалізм. Расшчапляецца тлушч і пачынаюць вылучацца некаторыя рэчывы, не ўласьцівыя звычайна нашаму абмену. Напрыклад, розныя кетонныя целы, якія вырабляе пячонка. А гэта не зусім тое, што патрэбна арганізму. У чалавека пачынаюцца праблемы з імунітэтам і дэгенэратыўныя або дыстрафічныя зьмены ў сэрцы, пячонцы, нырках. А гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да летальнага выніку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG