Наша перадача адрасаваная тым, хто апынуўся ў няволі, а таксама сваякам і блізкім гэтых людзей. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны — пакараньне адбываў або сам чалавек, або яго сваякі.
Сярод сёньняшніх тэмаў:
Дзе жыць пасьля турмы? Такое пытаньне ў сваім лісьце задае зьняволены.
Галадоўка за кратамі. Мэдычны аспэкт і грамадзкае стаўленьне.
Беларускія турмы — гісторыя і сучаснасьць. Працяг расповеду пра першыя астрогі "жалезнага Фэлікса" і пра турэмную загартоўку сучасных палітвязьняў.
Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952. Дзякуем усім, хто напісаў або патэлефанаваў нам, а таксама родным зьняволеных, якія дазволілі працытаваць фрагмэнты прыватнага турэмнага ліставаньня.
Аўтар ліста — 39-гадовы зьняволены Аляксандар (прозьвішча вядомае рэдакцыі). Праз пару гадоў ён вернецца на волю. Іншае пытаньне — куды. Аляксандар піша:
"Да 22 гадоў я жыў у Салігорску на вуліцы Кастрычніцкай, 37, у цудоўнай трохпакаёвай кватэры. Яе калісьці атрымала мая мама. Яна памерла, калі мне было 15 гадоў. Напэўна, дзіцячыя гады былі самыя лепшыя ў жыцьці, бо часта згадваю той час, нават сьню маму з татам, мой бацькоўскі дом, калі мы ўсе разам.
У 1989-м я ўчыніў злачынства, і мяне асудзілі на 8 гадоў турмы. Праз 3 гады, у 1992-м, у мяне памёр бацька. Празь некалькі месяцаў да мяне на спатканьне прыехала мая цётка — хросная маці. Яна сказала мне: "Усё, Саша, губляеш кватэру, бо яна не прыватызаваная".
Мой бацька быў пэнсіянэрам, ня ўсё разумеў у той працэдуры, жыў, ашчаджаючы кожную капейчыну, на прыватызацыю сабраць грошай так і не пасьпеў. Я ж на той момант быў выпісаны з кватэры ў адпаведнасьці з законам. З калёніі я напісаў у пракуратуру, аднак мне прыйшоў адказ, што я ня маю права на тое жыльлё.
Калі я вызваліўся ў 1997 годзе, я зайшоў у колішнюю нашу кватэру. Хацелася даведацца, як дасталася яна новым гаспадарам. Іх на месцы не было. Былі іх дзеці. Яны адказалі, што мама з татам яе купілі. Я нават ня стаў высьвятляць, як гэтыя людзі купілі не прыватызаваную, а сацыяльную кватэру. У нас у той час кіраўніком у горадзе быў Юрчык. Яго пазьней пасадзілі за карупцыю. З кватэрамі тады рабіліся самыя розныя махінацыі. Мне сказалі, што шанцаў дабіцца справядлівасьці няма. Я вымушаны быў сноўдацца па самых розных закутках, жыць дзе прыйдзецца. Пасьля быў яшчэ двойчы асуджаны.
У 2013-м я адбуду тэрмін свайго пакараньня і буду вызвалены. Куды мне ісьці, дзе жыць, я ня ведаю".
Пракамэнтаваць гэты ліст мы папрасілі былога палітвязьня, прадпрымальніка і грамадзкага дзеяча Валера Леванеўскага. Такім чынам — куды ісьці людзям, якія маюць тыя ж праблемы, што і аўтар ліста Аляксандар?
Леванеўскі: У такіх людзей выбару няма. Толькі назад у турму. Там, сапраўды, хапае месца ўсім. Уся праблема ў тым, што сацыяльная рэабілітацыя чалавека, які зрабіў нейкую правіну, яна ў нас цалкам адсутнічае. Чалавек вызваляецца, а ў яго ані жытла, ані працы. Як расказваў мне адзін хлопец, які трапіў за краты па малалетцы, ён сам прыйшоў у міліцыю і папрасіў: "Пасадзіце мяне ў турму ізноў, бо мне няма дзе жыць і няма чаго есьці". Людзі, якія маюць працяглыя тэрміны зьняволеньня і ня ведаюць, куды ім вяртацца на волі, сустракаюцца вельмі часта. Іх кватэры, набытыя іхнымі бацькамі і нават імі самімі паводле дамовы сацыяльнага найму, адымаюцца дзяржавай на самых розных падставах. Больш таго, у такіх выпадках, як кажуць, "па-сяброўску" могуць дадаць чалавеку тэрмін, каб ён ня выйшаў раней ды не аформіў неабходныя паперы. Як тлумачыць дзяржава (у дадзеным выпадку ЖЭС) сваю пазыцыю: "Дамова была складзеная, напрыклад, з маці, а тая памерла — значыць, мы маем поўнае права...".
Падобныя выпадкі ня толькі тыповыя, яны множацца. Гэта ўжо бізнэс. Некаторых нават саджаюць адмыслова паводле надуманых абвінавачаньняў, а некаторых спойваюць і саджаюць, каб забраць у іх гэтае сацыяльнае жытло, бо на яго прэтэндуюць тыя ж чыноўнікі ці іх сваякі. Гэта вядомыя выпадкі, пра іх пішуць. І я магу прагназаваць, што гэта будзе толькі разьвівацца, бо заслоны гэтаму жульлю няма.
І яшчэ адзін допіс. Яго аўтар, асуджаны Ігар М. (прозьвішча вядомае рэдакцыі), піша пра тое, што 7 чэрвеня распачаў бестэрміновую галадоўку. Да свайго ліста аўтар таксама далучыў копію заявы ў Генпракуратуру. Ігар піша:
"У красавіку мной была накіраваная скарга ў Менск, у Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, па пераглядзе судовых актаў у парадку нагляду. Да скаргі я прыклаў копіі адпаведных дакумэнтаў. Як высьветлілася, пакет так і не дайшоў да адрасата. 6 чэрвеня, спрабуючы даведацца пра яго выходныя нумары, я зразумеў, што скарга не была зафіксаваная ў канцылярыі і з установы не выходзіла. Такім чынам, я быў пазбаўлены ня толькі своечасовага доступу да правасудзьдзя, але і далейшых дзеяньняў па абскарджаньні прысуду, які лічу неабгрунтаваным і несправядлівым. Копіі працэсуальных парушэньняў у мяне былі ў адным асобніку. А таму я застаўся бяз важных дакумэнтаў па крымінальнай справе. Пры такіх абставінах шанцы мізэрныя, а таму іду на крайнюю меру — галадоўку".
(Працяг тэмы "Галадоўка за кратамі" — у рубрыцы "Турма і здароўе".)
Расказваем пра мінулае і сёньня беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў.
"... Вязьніца страшная толькі для слабых духам", — пісаў больш за 100 гадоў таму з ковенскай турмы сваёй сястры Альдоне ў Вільню недавучаны гімназіст з ашмянскай шляхецкай сям'і, які марыў у юнацтве быць ксяндзом, аднак стаў заснавальнікам ЧК, ініцыятарам чырвонага тэрору, правакацыяў, інстытуту закладнікаў, стваральнікам савецкага ГУЛАГу — Фэлікс Дзяржынскі (30.8(11.9).1877 — 20 ліпеня 1926).
Сёньня мы працягваем гартаць першыя турэмныя лісты і дзёньнікі "жалезнага Фэлікса", дзе ён паўстае рaмантычным юнаком, які марыць пра справядлівасьць і шчасьце для ўсіх. Якімі былі турмы на захадзе тагачаснай Расейскай імпэрыі 100 гадоў таму і як уплывае турма на людзей — гістарычны ракурс і сучасныя рэфлексіі.
Tацяна Поклад:
Ковенская турма, у якой самы першы свой тэрмін адбываў малады Фэлікс Дзяржынскі, існуе ад 1823 году — тады гэта быў клясычны драўляны будынак усяго на 9 камэраў.
Цагляны турэмны замак у Коўне збудавалі пазьней, а першыя зьняволеныя пасьля паўстаньня 60-х гадоў у 19-м стагодзьдзі зьявіліся там яшчэ да заканчэньня будоўлі — у 1863-м.
Дабудавалі турму ў 1865 годзе. Яна была найбольшая ў рэгіёне, а пасьля і ў Літве — 120 камэраў, разьлічаных больш як на 500 вязьняў. Апрача адміністрацыйных памяшканьняў, лазьні, кухні, — тут была і праваслаўная царква, і каталіцкая капліца.
Халоднае, бяздушнае жалеза
Адзіночкі ў Ковенскім турэмным замку былі прыкладна на 10 квадратных мэтраў: жалезны ложак, зэдлік, маленькі столік. Пазьней, у 20-м стагодзьдзі, у адзіночках трымалі і па трое, і па пяцёра вязьняў. У адной з такіх адзіночак і пісаў свае першыя турэмныя лісты Фэлікс Дзяржынскі.
"… Не ўяўляй, што турма невыносная. Не. Стась (брат) такі добры, што клапоціцца пра мяне; я маю кніжкі, займаюся, вывучаю нямецкую мову і маю ўсё неабходнае нават у большай колькасьці, чым меў на волі..." (Зь ліста да А.Э.Булгак. Ковенская турма, 13 студзеня 1898 г.)
Так пісаў Фэлікс да сястры ў студзені 1898 году з Ковенскай турмы, калі адседзеў там паўгода пасьля свайго першага арышту.
Празь дзесяць амаль гадоў, пасьля яшчэ некалькіх арыштаў, Дзяржынскі напіша:
"Штодня закоўваюць у кайданкі па некалькі чалавек. Калі мяне прывялі ў камэру, дзе я некалі ўжо сядзеў сем гадоў назад, першы гук, які я пачуў, гэта быў звон кайданоў. (...) Халоднае, бяздушнае жалеза на жывым чалавечым целе. Жалеза, якое вечна прагне цяпла і ніколі не наталяецца, заўсёды нагадвае няволю". (Зь дзёньніка зьняволенага. 1908—1909 гады, запіс 2 траўня 1908 г. Х павільён Варшаўскай цытадэлі.)
У турэмных лістах Фэлікс згадвае пра тагачаснага палітвязьня Антона Росала, зь якім сядзеў у адной камэры ў Сядлецкай вязьніцы, што ў Польшчы. Росал паміраў ад сухотаў і ня мог хадзіць, але марыў пабачыць неба, і — пра гэта ўжо напісалі іншыя вязьні — Дзяржынскі стаў выносіць сябра на руках на шпацыр, а паколькі спыняцца ў часе турэмнага шпацыру было нельга, то ўсе 40 хвілін штодня цэлае лета ён так і насіў хворага сябра на шпацыр на руках.
Ці ўзгадваў пра гэта "жалезны Фэлікс", кіруючы савецкай карнай сыстэмай? Магчыма, згадваў — і помсьціў... Лісты палітвязьняў-бальшавікоў з турмаў напісаныя так, што іх маглі б і сёньняшнія палітвязьні напісаць — сіла духу, узьнёслыя словы, якія падмацоўваюцца годнымі ўчынкамі. Ці ня сталася так, што тады, сто гадоў таму, змагары за справядлівы сьвет ператварыліся пасьля турмаў у жорсткіх катаў, якія, прыйшоўшы да ўлады, распачалі супраць сваіх супернікаў новы тэрор, яшчэ больш жорсткі за той, які перажылі самі?
"Турма — гэта сутыкненьне з каменем, жалезам, зь нянавісьцю"
Што пра гэта сказалі б самі палітвязьні — ці зьмяняе турма чалавека? 34-гадовы грамадзкі і палітычны дзяяч Павал Севярынец, якога "Міжнародная амністыя" прызнала вязьнем сумленьня, першы раз быў арыштаваны каля 15 гадоў таму. У 2005 годзе яго абвінавацілі ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць "трэцяга тэрміну Лукашэнкі" і асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі ("хіміі"); з улікам амністыі тэрмін быў скарочаны да 2-х гадоў. Летась Паўла Севярынца арыштавалі 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, а пасьля пяці месяцаў у "амэрыканцы" асудзілі на 3 гады "хіміі" (абмежаваньня волі з накіраваньнем на папраўчыя працы). Вось такі досьвед ды нядаўні новы прысуд. Пытаюся ў Паўла: ці магчыма, што пасьля турмы чалавек выйдзе, цалкам зьмяніўшыся?
Севярынец: Безумоўна, магчыма, і вельмі часта так здараецца. Турма — гэта жорсткая рэчаіснасьць, гэта сутыкненьне з каменем, жалезам, зь нянавісьцю, і жывая чалавечая душа, калі трапляе ў такія ўмовы, паўстае перад неабходнасьцю выбару. Чым ёй быць, як ёй выжываць, як ёй з гэтым змагацца? Як кажуць хрысьціяне, той самы агонь, які плавіць воск, робіць каменнай гліну.
То бок — чалавек, які праходзіць гэтыя выпрабаваньні, выходзіць з турмы альбо тым, хто ненавідзіць, альбо тым, хто яшчэ мацней любіць. Таму, безумоўна, тут шмат што залежыць ад сэрца чалавека. Для веруючых турма — гэта выпрабаваньне, якое Бог дае для ачышчэньня, для загартаваньня.
"Умовы ў большасьці турмаў — блізкія да манастырскіх"
Такім чынам, кажа Павал Севярынец, вызначальны фактар — вера ў Бога. Што ж, Дзяржынскі марыў у юнацтве быць ксяндзом, але як пайшоў у рэвалюцыю, то пра Бога ўжо ня згадваў.
Севярынец: Вера важная, на мой погляд, найбольш. І ў турме, а гэта адразу бачна па паводзінах людзей, якія там сядзяць, яны вельмі часта хапаюцца за Біблію. Таму што ўмовы ў большасьці турмаў — блізкія да манастырскіх. Там дастаткова жорсткі распарадак дня, прастора і час звужаныя да немагчымага мінімуму.
У такіх абставінах у чалавека папросту зьнікае магчымасьць шырокага выбару розных варыянтаў і адценьняў. Ён павінен вырашаць для сябе, так бы мовіць, выбіраць вельмі ясна паміж чорным і белым. Вось момант вырашаньня, момант выбару — памятаеце, як у Васіля Быкава, — вось гэты момант гранічна важны. І гэты выбар для многіх робіцца выбарам на ўсё жыцьцё.
Пра сябе магу сказаць, што я пакаяўся і прыйшоў да Бога менавіта ў турме. Гэта было на Валадарцы 13 гадоў таму. І я ўдзячны Богу за гэтую турму. Калі б яе не было, я б быў нашмат горшым чалавекам, я магу дакладна сказаць.
"Гарт жалезам, каменем, крывёй"
Ад таго часу кожная адседка — гэта выпрабаваньне, гэта гарт, — працягвае Павал Севярынец. — Бог нагадвае пра тое, што трэба зьмяніць у сэрцы. Для многіх людзей, якія трапляюць у турму, маючы чалавечае жаданьне нешта зьмяніць сваімі сіламі, турма часта пераўтвараецца ў гарт чалавека помсты, чалавека-ворага. Чалавек сам у сабе гартуе нянавісьць.
І, паверце, гарт жалезам, каменем, крывёй вельмі моцны. І тыя, што праходзяць турму і чарсьцьвеюць сэрцам, гэта сапраўды вельмі небясьпечныя супраціўнікі. Такімі маглі быць і бальшавікі. Такімі маглі быць і савецкія дысыдэнты. Яны былі сур'ёзнымі ворагамі савецкай сыстэмы.
Зь іншага боку, мне здаецца, што перамагае ня той, хто робіцца больш моцным у чалавечым сэнсе, больш загартаваным ненавісьнікам, а якраз-такі той, каго Госпад гартуе для пераменаў і перамогаў ня злом, а дабром. Як сказана ў Бібліі, у Апостальскіх пасланьнях, ня будзь пераможаны злом, але перамагай дабром, — кажа Павал Севярынец.
Валеры Савянкоў быў у зьняволеньні і ў Беларусі, і ў Літве. Тых, хто быў у месцах пазбаўленьня волі, адразу можна пазнаць, цьвердзіць ён. Турма зьмяняе людзей, але палітычныя вязьні — гэта зусім іншая справа, адзначае Валеры Савянкоў:
Турма ламае людзей, паварочвае да жорсткасьці, зла. Памятаеце прымаўку: з ваўкамі жыць — па-ваўчынаму выць. У месцах пазбаўленьня волі іначай не выходзіць, даводзіцца "падвываць". Такім шляхам і ідзе бальшыня людзей, што трапляюць у турму, гэта ж не сакрэт. Іх проста ламаюць. Але палітвязьні — гэта абсалютна іншая сытуацыя. Да іх іншае стаўленьне нават у саміх зьняволеных. На палітычных па-іншаму глядзяць, як на дзіва, як на людзей зь іншага сьвету. Нашы палітвязьні цяперашнія, якія трапілі ў гэтую сыстэму, яны ж не дадуць сябе зламаць. Напрыклад, Някляева там ня зломіш. Гэта ж зразумела. Там па іх адразу бачна, што іх ня зломіш, няма нават і сэнсу ламаць. Гэта бачаць і самі зэкі, што няма сэнсу яго старацца прынізіць і гэтак далей.
"Перамога за тымі, хто ў турме навучаецца любіць"
Яўген Васьковіч, напрыклад, — кажа Павал Севярынец. — Малады хлопец. Шпурнуў бутэльку ў будынак КДБ. Атрымаў несправядлівы вырак. Адназначна зразумела, што сем гадоў прысудзіла хлопцу жорсткая, несправядлівая сыстэма. Але вось пытаньне: выйдзе адтуль Яўген падрыхтаваным рэвалюцыянэрам, які будзе гатовы зашпурляць бутэлькамі з запальнай сумесьсю ўсё што заўгодна, альбо выйдзе ён адтуль чалавекам, гатовым узяць адказнасьць за краіну, будаваць і ствараць?! Бо, паважаючы ягоную мужнасьць і прызнаючы за ім, як кажуць, спадчыну Каліноўскага, мы, хрысьціянскія дэмакраты, кажам тым жа часам, што прыняць такія мэтады ня можам. Бо яны зыходзяць зь нянавісьці, а не зь любові. Але, безумоўна, мужнасьць ёсьць мужнасьць, і подзьвіг Каліноўскага, да прыкладу, ёсьць подзьвіг. Але перамога дастаецца часьцей за ўсё тым, хто ў турме навучаецца любіць, а не ненавідзець.
Галадоўка за кратамі
Тры тыдні запар трымае галадоўку ў калёніі асуджаны Ігар М. Ён пратэстуе супраць таго, што скаргі асуджаных у вышэйшыя судовыя інстанцыі вельмі часта не выходзяць за сьцены папраўчай установы.
У сваім лісьце да родных Ігар папярэджвае, што сьвядома ідзе на гэткі крайні крок і што, усьведамляючы ўсю сур’ёзнасьць свайго рашэньня, зьбіраецца ісьці да канца, што б зь ім ні рабілі.
Ігар цалкам адмовіўся ад ежы, аднак ужывае шмат вады. Гэта так званая агульная галадоўка — найбольш распаўсюджаны від пратэсту, асабліва сярод палітвязьняў. Разам зь Ігарам пакараньне ў калёніі адбывае палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Яго адмова ад ежы была найбольш працяглай у гісторыі турэмнай Беларусі — прыкладна тры месяцы. Як сьведчылі мэдыкі, у выніку такога негвалтоўнага пратэсту Аўтуховіч дайшоў да крытычнага стану.
"Сыгнал небясьпекі — характэрны пах ацэтону пры дыханьні"
Лекары-адмыслоўцы папярэджваюць, што ўжо пасьля трох тыдняў адмовы ад ежы арганізм дарэшты спажывае свой натуральны прыродны запас, то бок тлушчы, і пераходзіць на спажываньне ўласных бялкоў. Пачынаецца "самапаяданьне" цела, цягліцаў. Сыгнал такога небясьпечнага працэсу — характэрны пах ацэтону пры дыханьні.
Як кажа адмысловец у галіне ўнутраных захворваньняў Аляксандар, калі тэрмін галадоўкі перавышае месяц, у арганізьме могуць пачацца незваротныя зьмены:
"У чалавека істотна мяняецца мэтабалізм. Расшчапляецца тлушч і пачынаюць вылучацца некаторыя рэчывы, не ўласьцівыя звычайна нашаму абмену. Напрыклад, розныя кетонныя целы, якія вырабляе пячонка. А гэта не зусім тое, што патрэбна арганізму. У чалавека пачынаюцца праблемы з імунітэтам і дэгенэратыўныя або дыстрафічныя зьмены ў сэрцы, пячонцы, нырках. А гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да летальнага выніку".
Лекар ня раіць ісьці на галадоўку прынамсі тым, хто мае малую вагу або праблемы з эндакрыннай сыстэмай. Тым жа, хто ўсё ж пайшоў на гэты негвалтоўны пратэст, доктар рэкамэндуе:
"Зразумела, арганізм трэба ўвесь час прамываць. Таксама трэба часта прымаць душ, улічваючы, што ня надта патрэбныя рэчывы выдзяляюцца потавымі залозамі праз скуру. Наколькі гэта магчыма ва ўмовах вязьніцы".
"Сухая галадоўка небясьпечная з самых першых дзён"
Што тычыцца "сухой галадоўкі", калі чалавек адмаўляецца ня толькі ад ежы, але і ад вады, то гэта нашмат больш небясьпечны стрэс для арганізму, сьцьвярджае Аляксандар. Ужо на самым пачатку пры "сухім" страйку могуць распачацца незваротныя працэсы, калі цалкам "ляцяць" ныркі, пячонка, сэрца.
У гісторыі беларускіх турмаў нярэдкія выпадкі, калі, адчуваючы небясьпеку, турэмная адміністрацыя загадвае прымусова карміць вязьня праз кропельніцу ці зонд.
Такое некалі здарылася і зь вядомым беларускім палітыкам Віктарам Ганчаром. За некалькі месяцаў да зьнікненьня, вясной 1999 году, Ганчара кінулі ў турму на Акрэсьціна, дзе ён правёў 10-дзённую галадоўку з поўнай адмовай ня толькі ад ежы, але і ад вады. Паводле ягоных тагачасных успамінаў, прымусовае кармленьне было арганізавана, калі ён пачаў мачыцца крывёю. Віктар Ганчар сьведчыў:
"Усё рабілі "традыцыйна". Мяне прыкавалі кайданкамі да нараў. Каб не чуваць было, як я крычу, на поўную моц уключылі нейкую музыку па радыё. Потым абслуга пачала расьціскаць мне зубы, дзясны, нёба, усё гэта было моцна паранена да крыві. Далей уставілі ў стрававод нейкую цьвёрдую плястмасавую трубку. Уставілі няправільна, бо закранулі дыхальныя шляхі, а таксама падрапалі стрававод. Пайшла кроў, я страціў прытомнасьць".
Апісаньне выпадкаў поўнай адмовы зьняволеных ад ежы і піцьця, або сухога страйку, можна знайсьці і ў гістарычных архівах. Сустракаюцца зьвесткі, што ў міжваенны час сухія галадоўкі праводзіліся, напрыклад, палітвязьнямі ў гарадзенскай турме. Днямі пяцідзённы сухі галодны страйк у гэтай жа ўстанове правёў журналіст Ігар Банцар. Пра тое, што яго падштурхнула да такой формы пратэсту, Ігар распавёў у размове з нашым карэспандэнтам Сяргеем Астраўцовым.
Ігар Банцар быў затрыманы ля ўласнага дому, калі зьбіраўся на суд над сваім калегам і паплечнікам Андрэем Пачобутам. Ігара пасадзілі на 5 сутак за краты, інкрымінаваўшы яму дробнае хуліганства і нецэнзурную лаянку.
"Цэлы дзень пратрымалі: ні вады, ні ежы. І на наступны дзень, калі мяне судзілі, атрымалася, што цэлы дзень я галадаў. Таму я сказаў: няма сэнсу перарываць, буду галадаць да канца".
Гэта была ня першая ягоная галадоўка, але ўпершыню ён вырашыў зрабіць сухую: нічога ня піць.
Банцар: Па выніках галадоўкі, як я жартую, "мэтад Лукашэнкі" дзейнічае даволі добра: мінус восем кіляграмаў я, што праўда, страціў, але ў той жа час адчуваю сябе фізычна вельмі добра. Ніякіх псыхалягічных няма стратаў. І таму я ўсё ж такі, нягледзячы на ўсю гэтую сытуацыю, лічу, што пазытыўна прайшлі гэтыя пяць дзён для мяне. Нягледзячы на тое, што страціў гэтыя восем кіляграмаў, я набіраю назад вагу, ніякіх наступстваў для арганізму, тфу-тфу, няма. Таму я лічу, што няма такога дрэннага, што б на добрае ня выйшла. Я цалкам задаволены.
Пытаньне такое, што калі сухая галадоўка трывае даволі працяглы тэрмін, тады, напэўна, яна мае наступствы, цяжкія для арганізму, або нават сьмерць. А пяць дзён — гэта, як сказаў бы Андрэй Пачобут, — гэта так… адпачынак і ачышчэньне арганізму.
Ігара Банцара неаднойчы затрымлівалі, неаднойчы каралі арыштам, таму ён не выключае, што мінулы арышт быў не апошні.
Банцар: Наступным разам, калі атрымаю больш сутак, тады будзе пытаньне — ці галадаць па-сухому, ці ўсё ж такі з вадкасьцю? Але я не гляджу на гэта патэтычна. Калі ты трапляеш у ненармальную сытуацыю за краты — я так і напісаў у заяве на імя начальніка ізалятара часовага ўтрыманьня: я лічу абуральным тое, што адбылося, і таму галадаю. Гэта адзіная правільная лінія паводзінаў нармальнага чалавека, які трапіў у ненармальную сытуацыю, як было са мной.
Характэрна, што пры канцы тыдня, неўзабаве пасьля гэтай размовы, Ігара Банцара ізноў затрымалі.
Тым часам адмыслоўцы ў галіне саматычных захворваньняў перасьцерагаюць журналіста ды іншых грамадзкіх актывістаў: уратаваць чалавека пасьля пяці-сямі сутак сухой галадоўкі вельмі складана.
Аляксандар: "Асноўная небясьпека пры так званай сухой галадоўцы — абязводжваньне арганізму. Бо страта вады ніжэй фізіялягічнай нормы ўсяго на некалькі адсоткаў вядзе да парушэньня жыцьцядзейнасьці, зрыву адаптацыйных мэханізмаў. Пагроза інваліднасьці і нават сьмерці вельмі высокая".
А цяпер — грамадзкая думка на тэму галодных пратэстаў за кратамі. Чаго больш у гэтых акцыях — плюсаў ці мінусаў? Ці рэальна дамагчыся праз галадоўку сваіх патрабаваньняў? Ці мае яна ўвогуле сэнс у беларускіх умовах? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да людзей ля будынка раённага суду ў Горадні, дзе гэтымі днямі праходзяць паседжаньні ў справе Андрэя Пачобута.
Юнак: "Па вялікім рахунку, чалавек, які абвяшчае галадоўку ў беларускіх турмах, наўрад ці чаго даб’ецца. Як сьведчыць практыка, галадоўкі да станоўчых вынікаў не прыводзілі. Я маю на ўвазе зьмяненьне прысуду і гэтак далей. У той жа час чалавек, які абвяшчае галадоўку, паказвае, што ён вельмі моцны як асоба і рызыкуе сваім здароўем, але не адмаўляецца ад сваёй пазыцыі, ад маральных, этычных, палітычных поглядаў, і падкрэсьлівае, што такім чынам можна змагацца з гэтай сыстэмай".
Першы спадар: "Улады ў такіх выпадках прымаюць заяву і спрабуюць, можна так сказаць, пераканаць у тым, што галадоўку абвяшчаць у турме нельга. І даюць падпіску аб тым, што яны маюць права прымусова карміць таго, хто абвясьціў галадоўку. Я ведаю, што ў турмах нашых было прымусовае кармленьне. Гэта павінна быць у прысутнасьці мэдыка і, само сабой, наглядчыка".
Другі спадар: "Перш за ўсё, да галадоўкі трэба ставіцца сур’ёзна ў ідэалягічным пляне, таму што абвяшчаць галадоўку, напрыклад, на тыдзень ці на некалькі дзён — гэта ўвогуле руйнуе саму ідэю галаданьня. Галадоўка абвяшчаецца як фактар таго, што ўладу ставяць на мяжы маральна-этычнага выбару, што чалавек, які галадае, у першую чаргу рызыкуе сваім здароўем і нават жыцьцём. І ўлада ставіцца тады на гэтую мяжу: ці дазволіць яна яму страціць здароўе, ці абыякава яна ставіцца да яго? А абвяшчаць галадоўкі зь любой нагоды, на некалькі дзён — гэта руйнуе сам сэнс. Таму, калі галадоўка абвяшчаецца, то сапраўды ідуць да вельмі далёкіх межаў… Былі такія факты, як адмова ад ежы, але гэта не галадоўка. Чалавек заяўляе: я адмаўляюся ад вашай ежы на некалькі дзён, пакуль мяне несправядліва пасадзілі, як знак пратэсту. А ў прынцыпе, у нашых умовах мы ўжо ўсё пабачылі, і людзі таксама — што галадоўкі гэтыя ня робяць ніякага ўражаньня ня толькі на ўладу, але й на грамадзтва. Таму яны становяцца бессэнсоўнымі. І людзі павінны штосьці есьці, быць моцнымі, каб выйсьці і працягваць сваю справу, ня страціўшы здароўя".
Трэці спадар: "Мая пазыцыя: у нашай краіне ў галадоўцы няма ніякага сэнсу, таму што ўлада не рэагуе на гэта, яна ня думае ні пра здароўе, ні пра жыцьцё грамадзяніна. Ёй, можа, нават лепей, калі яна пазбудзецца чарговага апанэнта. Адназначна: мы павінны добра харчавацца і нарошчваць цягліцы".
Чацьверты спадар: "Мне запомнілася працяглая галадоўка Аляксандра Казуліна супраць прысуду. Галадоўкі такіх людзей, грамадзянаў зь вялікай літары, яны маюць, вядома, сэнс: таму што ўвага да краіны, да падзеяў з боку міжнароднай супольнасьці пашыраецца. Казуліну ўдалося зьвярнуць увагу на сябе, а таксама на судзілішчы, на стан рэчаў у Беларусі і на таго, хто на пірамідзе ўлады стаіць. У Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у Эўразьвязе зьвяртаюць увагу на падзеі ў Беларусі ўжо не з прагматычных пазыцый, а з пазыцый чалавечых каштоўнасьцяў".
Пяты спадар: "Галадоўка — гэта, напэўна, самая жорсткая і самаахвярная форма пратэсту, якая можа быць у турме. Людзі, якія на яе ідуць, яны спрабуюць пратэставаць супраць тых умоваў, у якіх яны знаходзяцца, супраць таго, як іх ці затрымлівалі, ці засудзілі. Судзіць за гэта людзей нельга. Я разумею, скардзіцца могуць іх родныя, бо гэтыя людзі ў цяжкіх умовах трацяць сваё здароўе, хоць нібыта павінны берагчы сябе. Бо колькі б ты ні сядзеў у турме, але ўсё роўна трэба выходзіць на волю і працягваць барацьбу".
Спадарыня: "Я думаю, што такія акцыі — яны павінны быць эфэктыўнымі. Але, на жаль, напэўна, з-за маральнага разьвіцьця нашага грамадзтва на галадоўкі вельмі рэдка зьвяртаюць увагу. Па-першае, з-за таго, што мы абмежаваныя ў інфармацыі, ня ўсё ведаем — хто галадае цяпер, напрыклад. А па-другое, калі нехта абвясьціў галадоўку, то праяўляецца прынцып — свая сарочка бліжэй да цела. Таму трэба зьмяніць, у першую чаргу, нашы каштоўнасьці, нашы прыярытэты ў жыцьці, і тады толькі вось такія мэтады барацьбы супраць улады, яны будуць эфэктыўнымі".
Слухаць перадачу можна тут:

Зваротная сувязь
Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952. Дзякуем усім, хто напісаў або патэлефанаваў нам, а таксама родным зьняволеных, якія дазволілі працытаваць фрагмэнты прыватнага турэмнага ліставаньня.
Дзе жыць пасьля турмы?

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць
Расказваем пра мінулае і сёньня беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў.
"... Вязьніца страшная толькі для слабых духам", — пісаў больш за 100 гадоў таму з ковенскай турмы сваёй сястры Альдоне ў Вільню недавучаны гімназіст з ашмянскай шляхецкай сям'і, які марыў у юнацтве быць ксяндзом, аднак стаў заснавальнікам ЧК, ініцыятарам чырвонага тэрору, правакацыяў, інстытуту закладнікаў, стваральнікам савецкага ГУЛАГу — Фэлікс Дзяржынскі (30.8(11.9).1877 — 20 ліпеня 1926).
Сёньня мы працягваем гартаць першыя турэмныя лісты і дзёньнікі "жалезнага Фэлікса", дзе ён паўстае рaмантычным юнаком, які марыць пра справядлівасьць і шчасьце для ўсіх. Якімі былі турмы на захадзе тагачаснай Расейскай імпэрыі 100 гадоў таму і як уплывае турма на людзей — гістарычны ракурс і сучасныя рэфлексіі.
Tацяна Поклад:
Павал Севярынец: "Чалавек выходзіць з турмы альбо тым, хто ненавідзіць, альбо тым, хто яшчэ мацней любіць"
Ковенская турма, у якой самы першы свой тэрмін адбываў малады Фэлікс Дзяржынскі, існуе ад 1823 году — тады гэта быў клясычны драўляны будынак усяго на 9 камэраў.
Цагляны турэмны замак у Коўне збудавалі пазьней, а першыя зьняволеныя пасьля паўстаньня 60-х гадоў у 19-м стагодзьдзі зьявіліся там яшчэ да заканчэньня будоўлі — у 1863-м.
Дабудавалі турму ў 1865 годзе. Яна была найбольшая ў рэгіёне, а пасьля і ў Літве — 120 камэраў, разьлічаных больш як на 500 вязьняў. Апрача адміністрацыйных памяшканьняў, лазьні, кухні, — тут была і праваслаўная царква, і каталіцкая капліца.
У будынку адной з былых ковенскіх турмаў цяпер музэй. Так выглядала камэра, у якой трымалі палітвязьняў у 20 ст.
Былі 84 агульныя камэры і 36 адзіночак. Агульныя камэры мелі плошчу больш як 30 кв.м., пяць з паловай мэтраў даўжыні, нары альбо жалезныя ложкі, якія падымаліся на дзень, а пасярод — доўгі і вузкі (два мэтры ўдоўжкі і паўмэтра ўшыркі) стол і дзьве лавы. У камэры таксама была паліца і вешалкі для вопраткі.Халоднае, бяздушнае жалеза
Адзіночкі ў Ковенскім турэмным замку былі прыкладна на 10 квадратных мэтраў: жалезны ложак, зэдлік, маленькі столік. Пазьней, у 20-м стагодзьдзі, у адзіночках трымалі і па трое, і па пяцёра вязьняў. У адной з такіх адзіночак і пісаў свае першыя турэмныя лісты Фэлікс Дзяржынскі.
"… Не ўяўляй, што турма невыносная. Не. Стась (брат) такі добры, што клапоціцца пра мяне; я маю кніжкі, займаюся, вывучаю нямецкую мову і маю ўсё неабходнае нават у большай колькасьці, чым меў на волі..." (Зь ліста да А.Э.Булгак. Ковенская турма, 13 студзеня 1898 г.)
Так пісаў Фэлікс да сястры ў студзені 1898 году з Ковенскай турмы, калі адседзеў там паўгода пасьля свайго першага арышту.
Празь дзесяць амаль гадоў, пасьля яшчэ некалькіх арыштаў, Дзяржынскі напіша:
"Штодня закоўваюць у кайданкі па некалькі чалавек. Калі мяне прывялі ў камэру, дзе я некалі ўжо сядзеў сем гадоў назад, першы гук, які я пачуў, гэта быў звон кайданоў. (...) Халоднае, бяздушнае жалеза на жывым чалавечым целе. Жалеза, якое вечна прагне цяпла і ніколі не наталяецца, заўсёды нагадвае няволю". (Зь дзёньніка зьняволенага. 1908—1909 гады, запіс 2 траўня 1908 г. Х павільён Варшаўскай цытадэлі.)
У турэмных лістах Фэлікс згадвае пра тагачаснага палітвязьня Антона Росала, зь якім сядзеў у адной камэры ў Сядлецкай вязьніцы, што ў Польшчы. Росал паміраў ад сухотаў і ня мог хадзіць, але марыў пабачыць неба, і — пра гэта ўжо напісалі іншыя вязьні — Дзяржынскі стаў выносіць сябра на руках на шпацыр, а паколькі спыняцца ў часе турэмнага шпацыру было нельга, то ўсе 40 хвілін штодня цэлае лета ён так і насіў хворага сябра на шпацыр на руках.
Ці ўзгадваў пра гэта "жалезны Фэлікс", кіруючы савецкай карнай сыстэмай? Магчыма, згадваў — і помсьціў... Лісты палітвязьняў-бальшавікоў з турмаў напісаныя так, што іх маглі б і сёньняшнія палітвязьні напісаць — сіла духу, узьнёслыя словы, якія падмацоўваюцца годнымі ўчынкамі. Ці ня сталася так, што тады, сто гадоў таму, змагары за справядлівы сьвет ператварыліся пасьля турмаў у жорсткіх катаў, якія, прыйшоўшы да ўлады, распачалі супраць сваіх супернікаў новы тэрор, яшчэ больш жорсткі за той, які перажылі самі?
"Турма — гэта сутыкненьне з каменем, жалезам, зь нянавісьцю"
Што пра гэта сказалі б самі палітвязьні — ці зьмяняе турма чалавека? 34-гадовы грамадзкі і палітычны дзяяч Павал Севярынец, якога "Міжнародная амністыя" прызнала вязьнем сумленьня, першы раз быў арыштаваны каля 15 гадоў таму. У 2005 годзе яго абвінавацілі ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць "трэцяга тэрміну Лукашэнкі" і асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі ("хіміі"); з улікам амністыі тэрмін быў скарочаны да 2-х гадоў. Летась Паўла Севярынца арыштавалі 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, а пасьля пяці месяцаў у "амэрыканцы" асудзілі на 3 гады "хіміі" (абмежаваньня волі з накіраваньнем на папраўчыя працы). Вось такі досьвед ды нядаўні новы прысуд. Пытаюся ў Паўла: ці магчыма, што пасьля турмы чалавек выйдзе, цалкам зьмяніўшыся?
Севярынец: Безумоўна, магчыма, і вельмі часта так здараецца. Турма — гэта жорсткая рэчаіснасьць, гэта сутыкненьне з каменем, жалезам, зь нянавісьцю, і жывая чалавечая душа, калі трапляе ў такія ўмовы, паўстае перад неабходнасьцю выбару. Чым ёй быць, як ёй выжываць, як ёй з гэтым змагацца? Як кажуць хрысьціяне, той самы агонь, які плавіць воск, робіць каменнай гліну.
То бок — чалавек, які праходзіць гэтыя выпрабаваньні, выходзіць з турмы альбо тым, хто ненавідзіць, альбо тым, хто яшчэ мацней любіць. Таму, безумоўна, тут шмат што залежыць ад сэрца чалавека. Для веруючых турма — гэта выпрабаваньне, якое Бог дае для ачышчэньня, для загартаваньня.
"Умовы ў большасьці турмаў — блізкія да манастырскіх"
Такім чынам, кажа Павал Севярынец, вызначальны фактар — вера ў Бога. Што ж, Дзяржынскі марыў у юнацтве быць ксяндзом, але як пайшоў у рэвалюцыю, то пра Бога ўжо ня згадваў.
Севярынец: Вера важная, на мой погляд, найбольш. І ў турме, а гэта адразу бачна па паводзінах людзей, якія там сядзяць, яны вельмі часта хапаюцца за Біблію. Таму што ўмовы ў большасьці турмаў — блізкія да манастырскіх. Там дастаткова жорсткі распарадак дня, прастора і час звужаныя да немагчымага мінімуму.
У такіх абставінах у чалавека папросту зьнікае магчымасьць шырокага выбару розных варыянтаў і адценьняў. Ён павінен вырашаць для сябе, так бы мовіць, выбіраць вельмі ясна паміж чорным і белым. Вось момант вырашаньня, момант выбару — памятаеце, як у Васіля Быкава, — вось гэты момант гранічна важны. І гэты выбар для многіх робіцца выбарам на ўсё жыцьцё.
Пра сябе магу сказаць, што я пакаяўся і прыйшоў да Бога менавіта ў турме. Гэта было на Валадарцы 13 гадоў таму. І я ўдзячны Богу за гэтую турму. Калі б яе не было, я б быў нашмат горшым чалавекам, я магу дакладна сказаць.
"Гарт жалезам, каменем, крывёй"
Ад таго часу кожная адседка — гэта выпрабаваньне, гэта гарт, — працягвае Павал Севярынец. — Бог нагадвае пра тое, што трэба зьмяніць у сэрцы. Для многіх людзей, якія трапляюць у турму, маючы чалавечае жаданьне нешта зьмяніць сваімі сіламі, турма часта пераўтвараецца ў гарт чалавека помсты, чалавека-ворага. Чалавек сам у сабе гартуе нянавісьць.
І, паверце, гарт жалезам, каменем, крывёй вельмі моцны. І тыя, што праходзяць турму і чарсьцьвеюць сэрцам, гэта сапраўды вельмі небясьпечныя супраціўнікі. Такімі маглі быць і бальшавікі. Такімі маглі быць і савецкія дысыдэнты. Яны былі сур'ёзнымі ворагамі савецкай сыстэмы.
Зь іншага боку, мне здаецца, што перамагае ня той, хто робіцца больш моцным у чалавечым сэнсе, больш загартаваным ненавісьнікам, а якраз-такі той, каго Госпад гартуе для пераменаў і перамогаў ня злом, а дабром. Як сказана ў Бібліі, у Апостальскіх пасланьнях, ня будзь пераможаны злом, але перамагай дабром, — кажа Павал Севярынец.
Валеры Савянкоў быў у зьняволеньні і ў Беларусі, і ў Літве. Тых, хто быў у месцах пазбаўленьня волі, адразу можна пазнаць, цьвердзіць ён. Турма зьмяняе людзей, але палітычныя вязьні — гэта зусім іншая справа, адзначае Валеры Савянкоў:
Турма ламае людзей, паварочвае да жорсткасьці, зла. Памятаеце прымаўку: з ваўкамі жыць — па-ваўчынаму выць. У месцах пазбаўленьня волі іначай не выходзіць, даводзіцца "падвываць". Такім шляхам і ідзе бальшыня людзей, што трапляюць у турму, гэта ж не сакрэт. Іх проста ламаюць. Але палітвязьні — гэта абсалютна іншая сытуацыя. Да іх іншае стаўленьне нават у саміх зьняволеных. На палітычных па-іншаму глядзяць, як на дзіва, як на людзей зь іншага сьвету. Нашы палітвязьні цяперашнія, якія трапілі ў гэтую сыстэму, яны ж не дадуць сябе зламаць. Напрыклад, Някляева там ня зломіш. Гэта ж зразумела. Там па іх адразу бачна, што іх ня зломіш, няма нават і сэнсу ламаць. Гэта бачаць і самі зэкі, што няма сэнсу яго старацца прынізіць і гэтак далей.
"Перамога за тымі, хто ў турме навучаецца любіць"
Яўген Васьковіч, напрыклад, — кажа Павал Севярынец. — Малады хлопец. Шпурнуў бутэльку ў будынак КДБ. Атрымаў несправядлівы вырак. Адназначна зразумела, што сем гадоў прысудзіла хлопцу жорсткая, несправядлівая сыстэма. Але вось пытаньне: выйдзе адтуль Яўген падрыхтаваным рэвалюцыянэрам, які будзе гатовы зашпурляць бутэлькамі з запальнай сумесьсю ўсё што заўгодна, альбо выйдзе ён адтуль чалавекам, гатовым узяць адказнасьць за краіну, будаваць і ствараць?! Бо, паважаючы ягоную мужнасьць і прызнаючы за ім, як кажуць, спадчыну Каліноўскага, мы, хрысьціянскія дэмакраты, кажам тым жа часам, што прыняць такія мэтады ня можам. Бо яны зыходзяць зь нянавісьці, а не зь любові. Але, безумоўна, мужнасьць ёсьць мужнасьць, і подзьвіг Каліноўскага, да прыкладу, ёсьць подзьвіг. Але перамога дастаецца часьцей за ўсё тым, хто ў турме навучаецца любіць, а не ненавідзець.
Турма і здароўе
Галадоўка за кратамі
Тры тыдні запар трымае галадоўку ў калёніі асуджаны Ігар М. Ён пратэстуе супраць таго, што скаргі асуджаных у вышэйшыя судовыя інстанцыі вельмі часта не выходзяць за сьцены папраўчай установы.
У сваім лісьце да родных Ігар папярэджвае, што сьвядома ідзе на гэткі крайні крок і што, усьведамляючы ўсю сур’ёзнасьць свайго рашэньня, зьбіраецца ісьці да канца, што б зь ім ні рабілі.
Ігар цалкам адмовіўся ад ежы, аднак ужывае шмат вады. Гэта так званая агульная галадоўка — найбольш распаўсюджаны від пратэсту, асабліва сярод палітвязьняў. Разам зь Ігарам пакараньне ў калёніі адбывае палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Яго адмова ад ежы была найбольш працяглай у гісторыі турэмнай Беларусі — прыкладна тры месяцы. Як сьведчылі мэдыкі, у выніку такога негвалтоўнага пратэсту Аўтуховіч дайшоў да крытычнага стану.
"Сыгнал небясьпекі — характэрны пах ацэтону пры дыханьні"
Лекары-адмыслоўцы папярэджваюць, што ўжо пасьля трох тыдняў адмовы ад ежы арганізм дарэшты спажывае свой натуральны прыродны запас, то бок тлушчы, і пераходзіць на спажываньне ўласных бялкоў. Пачынаецца "самапаяданьне" цела, цягліцаў. Сыгнал такога небясьпечнага працэсу — характэрны пах ацэтону пры дыханьні.
Як кажа адмысловец у галіне ўнутраных захворваньняў Аляксандар, калі тэрмін галадоўкі перавышае месяц, у арганізьме могуць пачацца незваротныя зьмены:
"У чалавека істотна мяняецца мэтабалізм. Расшчапляецца тлушч і пачынаюць вылучацца некаторыя рэчывы, не ўласьцівыя звычайна нашаму абмену. Напрыклад, розныя кетонныя целы, якія вырабляе пячонка. А гэта не зусім тое, што патрэбна арганізму. У чалавека пачынаюцца праблемы з імунітэтам і дэгенэратыўныя або дыстрафічныя зьмены ў сэрцы, пячонцы, нырках. А гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да летальнага выніку".
Лекар ня раіць ісьці на галадоўку прынамсі тым, хто мае малую вагу або праблемы з эндакрыннай сыстэмай. Тым жа, хто ўсё ж пайшоў на гэты негвалтоўны пратэст, доктар рэкамэндуе:
"Зразумела, арганізм трэба ўвесь час прамываць. Таксама трэба часта прымаць душ, улічваючы, што ня надта патрэбныя рэчывы выдзяляюцца потавымі залозамі праз скуру. Наколькі гэта магчыма ва ўмовах вязьніцы".
"Сухая галадоўка небясьпечная з самых першых дзён"
Што тычыцца "сухой галадоўкі", калі чалавек адмаўляецца ня толькі ад ежы, але і ад вады, то гэта нашмат больш небясьпечны стрэс для арганізму, сьцьвярджае Аляксандар. Ужо на самым пачатку пры "сухім" страйку могуць распачацца незваротныя працэсы, калі цалкам "ляцяць" ныркі, пячонка, сэрца.
У гісторыі беларускіх турмаў нярэдкія выпадкі, калі, адчуваючы небясьпеку, турэмная адміністрацыя загадвае прымусова карміць вязьня праз кропельніцу ці зонд.
Такое некалі здарылася і зь вядомым беларускім палітыкам Віктарам Ганчаром. За некалькі месяцаў да зьнікненьня, вясной 1999 году, Ганчара кінулі ў турму на Акрэсьціна, дзе ён правёў 10-дзённую галадоўку з поўнай адмовай ня толькі ад ежы, але і ад вады. Паводле ягоных тагачасных успамінаў, прымусовае кармленьне было арганізавана, калі ён пачаў мачыцца крывёю. Віктар Ганчар сьведчыў:
"Усё рабілі "традыцыйна". Мяне прыкавалі кайданкамі да нараў. Каб не чуваць было, як я крычу, на поўную моц уключылі нейкую музыку па радыё. Потым абслуга пачала расьціскаць мне зубы, дзясны, нёба, усё гэта было моцна паранена да крыві. Далей уставілі ў стрававод нейкую цьвёрдую плястмасавую трубку. Уставілі няправільна, бо закранулі дыхальныя шляхі, а таксама падрапалі стрававод. Пайшла кроў, я страціў прытомнасьць".
Апісаньне выпадкаў поўнай адмовы зьняволеных ад ежы і піцьця, або сухога страйку, можна знайсьці і ў гістарычных архівах. Сустракаюцца зьвесткі, што ў міжваенны час сухія галадоўкі праводзіліся, напрыклад, палітвязьнямі ў гарадзенскай турме. Днямі пяцідзённы сухі галодны страйк у гэтай жа ўстанове правёў журналіст Ігар Банцар. Пра тое, што яго падштурхнула да такой формы пратэсту, Ігар распавёў у размове з нашым карэспандэнтам Сяргеем Астраўцовым.
Ігар Банцар: "Галадоўка — адзіная правільная лінія паводзінаў нармальнага чалавека ў ненармальнай сытуацыі"
Ігар Банцар быў затрыманы ля ўласнага дому, калі зьбіраўся на суд над сваім калегам і паплечнікам Андрэем Пачобутам. Ігара пасадзілі на 5 сутак за краты, інкрымінаваўшы яму дробнае хуліганства і нецэнзурную лаянку.
"Цэлы дзень пратрымалі: ні вады, ні ежы. І на наступны дзень, калі мяне судзілі, атрымалася, што цэлы дзень я галадаў. Таму я сказаў: няма сэнсу перарываць, буду галадаць да канца".
Гэта была ня першая ягоная галадоўка, але ўпершыню ён вырашыў зрабіць сухую: нічога ня піць.
Банцар: Па выніках галадоўкі, як я жартую, "мэтад Лукашэнкі" дзейнічае даволі добра: мінус восем кіляграмаў я, што праўда, страціў, але ў той жа час адчуваю сябе фізычна вельмі добра. Ніякіх псыхалягічных няма стратаў. І таму я ўсё ж такі, нягледзячы на ўсю гэтую сытуацыю, лічу, што пазытыўна прайшлі гэтыя пяць дзён для мяне. Нягледзячы на тое, што страціў гэтыя восем кіляграмаў, я набіраю назад вагу, ніякіх наступстваў для арганізму, тфу-тфу, няма. Таму я лічу, што няма такога дрэннага, што б на добрае ня выйшла. Я цалкам задаволены.
Пытаньне такое, што калі сухая галадоўка трывае даволі працяглы тэрмін, тады, напэўна, яна мае наступствы, цяжкія для арганізму, або нават сьмерць. А пяць дзён — гэта, як сказаў бы Андрэй Пачобут, — гэта так… адпачынак і ачышчэньне арганізму.
Ігара Банцара неаднойчы затрымлівалі, неаднойчы каралі арыштам, таму ён не выключае, што мінулы арышт быў не апошні.
Банцар: Наступным разам, калі атрымаю больш сутак, тады будзе пытаньне — ці галадаць па-сухому, ці ўсё ж такі з вадкасьцю? Але я не гляджу на гэта патэтычна. Калі ты трапляеш у ненармальную сытуацыю за краты — я так і напісаў у заяве на імя начальніка ізалятара часовага ўтрыманьня: я лічу абуральным тое, што адбылося, і таму галадаю. Гэта адзіная правільная лінія паводзінаў нармальнага чалавека, які трапіў у ненармальную сытуацыю, як было са мной.
Характэрна, што пры канцы тыдня, неўзабаве пасьля гэтай размовы, Ігара Банцара ізноў затрымалі.
Тым часам адмыслоўцы ў галіне саматычных захворваньняў перасьцерагаюць журналіста ды іншых грамадзкіх актывістаў: уратаваць чалавека пасьля пяці-сямі сутак сухой галадоўкі вельмі складана.
Аляксандар: "Асноўная небясьпека пры так званай сухой галадоўцы — абязводжваньне арганізму. Бо страта вады ніжэй фізіялягічнай нормы ўсяго на некалькі адсоткаў вядзе да парушэньня жыцьцядзейнасьці, зрыву адаптацыйных мэханізмаў. Пагроза інваліднасьці і нават сьмерці вельмі высокая".
"Чаго больш у галадоўцы: плюсаў ці мінусаў?" — апытаньне