Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае выпрабаваньне для палітвязьняў


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Наступным пасьля Мікалая Статкевіча ў крытай турме можа апынуцца Мікалай Аўтуховіч, якога будуць судзіць у калёніі 17 студзеня. Чым тлумачыцца дадатковы ціск на палітвязьняў?

Вязьня 5-й Івацэвіцкай калёніі Мікалая Аўтуховіча 17 студзеня чакае гэткі ж суд, які ўчора пакараў трыма гадамі турэмных умоваў Мікалая Статкевіча. Цяпер былы прадпрымальнік Аўтуховіч — у мэдычнай частцы калёніі, прычым зь якой прычыны ён туды трапіў, сваякі і адвакаты ня ведаюць. Былы адвакат Павал Сапелка кажа:

«Пра гэта стала вядома досыць выпадкова — нехта з калёніі пазваніў ягоным сваякам. Пацьвердзілася інфармацыя, што 17 студзеня будзе разглядацца справа Аўтуховіча адносна зьмены рэжыму ўтрыманьня. Ставіцца пытаньне пра зьмену рэжыму ўтрыманьня з калёніі на турму. Аўтуховіча будзе абараняць адвакат, я паспрабую трапіць на гэты працэс, але калі працэс будзе ў самой калёніі, то, хутчэй за ўсё, яго зробяць закрытым і мяне не дапусьцяць».

Павал Сапелка ня ведае, чым захварэў Мікалай Аўтуховіч, якога зьмясьцілі ў мэдычную частку. Былы адвакат Аўтуховіча кажа, што таго ізалявалі ня толькі фізычна, але і інфармацыйна:

Павал Сапелка
Павал Сапелка
«Ліставаньне паміж намі фактычна спынілася. Доўгі ўжо час ягоныя лісты не даходзяць да мяне, а мае — да яго. Магчымасьці тэлефанаваць у яго таксама больш няма. Такім чынам, карыстаемся толькі тым, што нехта перадае ў трох словах інфармацыю ад мяне — яму, ад яго — мне».

Карэспандэнт: «Якім будзе турэмны рэжым для Аўтуховіча, калі такое рашэньне будзе прынята?»

«Яго амаль пазбавяць прагулак на сьвежым паветры, ён амаль увесь час будзе знаходзіцца ў камэры. Доўгатэрміновых спатканьняў у яго таксама ня будзе, толькі кароткатэрміновыя са сваякамі. Абмяжуюць колькасьць перадач і пасылак і абмяжуюць магчымасьць набываць харчы ў турэмнай краме за безнаяўны разьлік».

Паводле Паўла Сапелкі, у Беларусі тры гэтак званыя «крытыя» турмы — у Гародні, Магілёве і Жодзіне. Былы адвакат Аўтуховіча мяркуе, што таго адправяць, хутчэй за ўсё, у Гарадзенскую турму, якая бліжэй да Івацэвіцкай калёніі.

Чаму палітвязьняў усё больш настойліва намагаюцца ізаляваць? Былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў знаходзіцца ў Віцебскай 3-й калёніі, яго трымаюць у адзіночнай камэры. Жонка палітвязьня Ірына Халіп кажа, што нічога ня ведала пра ўмовы, у якіх сядзіць яе муж, і не даведалася пра гэта з апошняга ліста, які атрымала днямі. «Андрэй падрабязна напісаў пра тое, як трэба паліваць кветкі ў нашай кватэры, а пра сябе нічога. Разумею так, што яму забаранілі пісаць хоць нешта пра сябе і ён адправіў гэты ліст з адной мэтай — каб засьведчыць, што жывы», — кажа Ірына Халіп. Яна мяркуе, што грамадзтва сьвядома ізалююць ад інфармацыі пра яе мужа, каб сьцішыць хвалю пратэстаў і міжнароднай падтрымкі палітвязьняў.

У Глыбоцкай калёніі ў ПКТ да красавіка будзе знаходзіцца і лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Ягоная нявеста Наста Палажанка, якая сама шмат часу адбыла ў беларускіх турмах, тлумачыць, што Зьмітру не прысуджаюць «крытую» турму толькі таму, што яму засталося сядзець меней за год. На думку Насты Палажанкі, мэта пагаршэньня рэжыму ўтрыманьня для палітвязьняў — помста і далейшы ціск:

«Магчыма, гэта новая форма такога псыхалягічнага ціску. Вельмі цяжка такое перажываць, калі ўмовы ўсё горшыя і горшыя. Гэта і помста за ранейшае, і працяг атакі, удар на будучыню».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG