Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ўлады вядуць рэпрэсіі супраць палітвязьняў


Міколу Статкевічу прысудзілі тры гады турэмнага рэжыму. Якія юрыдычныя зачэпкі ўжываюцца для ціску на палітзьняволеных? Якія палітычныя мэты маюць такія дзеяньні ўладаў? Што можа зрабіць грамадзкасьць у абарону палітвязьняў?

Удзельнікі: экспэрт праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч і кіраўніца зарэгістраванага ў Літве Праваабарончага альянсу Людміла Гразнова.

Юрыдычныя зачэпкі для ціску на палітзьняволеных


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Уладзімер Лабковіч
Уладзімер Лабковіч
Людміла Гразнова
Людміла Гразнова
Валер Карбалевіч: «Такога ў сучаснай Беларусі яшчэ не было. Ужо колькі месяцаў улады чыняць ціск, рэпрэсіі адносна палітвязьняў, якія адбываюць пакараньне. Кульмінацыяй гэтага прэсінгу стаў суд над Міколам Статкевічам, якому прысудзілі тры гады турэмнага рэжыму. Таксама суд за кратамі чакаецца і ў адносінах да Міколы Аўтуховіча. Чакае суду ў Віцебску Сяргей Каваленка. Жорсткі ціск чыніцца на Андрэя Саньнікава, Зьмітра Дашкевіча, Зьмітра Бандарэнку. Найперш пагаворым пра юрыдычны бок справы. Ці ёсьць нейкая агульная схема, паводле якой ладзяцца рэпрэсіі?»

Уладзімер Лабковіч: «Уся гэтая гісторыя з судом. Нам вядома, што фармальнымі падставамі зьмену рэжыму на турэмны стала быццам бы парушэньне Статкевічам рэжыму ўтрыманьня ў калёніі, дзе ён знаходзіўся. А таксама тое, што ён не раскайваўся ў тым, за што яго судзілі. Самая цынічная фармулёўка: пры выхадзе на волю Статкевіч „працягне супрацьпраўныя дзеяньні“. Напэўна, маецца на ўвазе, што будзе і далей займацца палітыкай.

Але ўсё гэта не юрыдычная працэдура, а палітычны ціск. Турэмны арышт зьняволенага — гэта выключная мера. Яна прымяняецца адносна людзей, якія ўдзельнічаюць у бойках, іншых гвалтоўных дзеяньнях. Статкевіч такога не рабіў. Таму гэта палітычная расправа.

Такія ж самыя падставы і для суду над Аўтуховічам. Толькі зачэпкай стала тое, што ён быў вымушаны ўскрыць сабе вены, пратэстуючы супраць ціску адміністрацыі калёніі. Гэта расцанілі як членашкодніцтва і хочуць таксама замяніць рэжым на турэмны. І гэта робіцца ў адносінах да тых людзей, якіх, на думку праваабаронцаў, асудзілі незаконна.
Турэмны арышт зьняволенага — гэта выключная мера.

Тое ж самае адбылося з Васьковічам, актывістам анархісцкага руху. Яму таксама пагоршылі рэжым утрыманьня. Таксама надуманыя абвінавачаньні на адрас Каваленкі. Адзін з фактаў нібыта парушэньня ім рэжыму пакараньня нават у судзе ня быў даказаны. Суд над ім праходзіць нягледзячы на тое, што ён у цяжкім фізычным стане».

Якія задачы, мэты ставяць улады?


Карбалевіч: «А навошта гэта патрэбна ўладам? Якія задачы, мэты яны ставяць? Гэта пры тым, што рэпрэсіі супраць людзей, якія і так пацярпелі, апынуўшыся за кратамі, выглядаюць агідна і не дададуць уладам ніякіх дывідэндаў».

Людміла Гразнова: «Сапраўды, улада ад гэтых дзеяньняў толькі траціць. І ў пляне іміджу, і ў пляне электаральнай падтрымкі. Улада імкнецца прымусіць палітвязьняў падпісаць лісты аб памілаваньні. Такім чынам іх хочуць прынізіць, зламаць, выключыць з паўнавартаснай палітычнай дзейнасьці. Улады імкнуцца запалохаць апазыцыю, усё грамадзтва.

Але галоўная прычына ў тым, каб такімі рэпрэсіямі канчаткова сапсаваць імідж краіны, адрэзаць Беларусь ад Захаду, зрабіць немагчымым дыялёг з ЗША і ЭЗ, прывязаць яе да Расеі».

Карбалевіч: «Дык хто ж гэта робіць такія рэчы, каб адрэзаць Беларусь ад Захаду?»
Аднак адзін чалавек усё рабіць ня можа. Ёсьць атачэньне, якое ім маніпулюе.

Гразнова: «Гэта толькі здаецца, што Лукашэнка такі самастойны, усёмагутны. Аднак адзін чалавек усё рабіць ня можа. Ёсьць атачэньне, якое ім маніпулюе».

Лабковіч: «У мяне няма інфармацыі, хто канкрэтна прымае рашэньні пра рэпрэсіі. Гэтым выконваецца некалькі задач. Найперш, гэта зьвядзеньне асабістых рахункаў зь людзьмі, якія былі самымі рэзкімі апанэнтамі Лукашэнкі падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Акрамя Статкевіча, нас хвалюе лёс Саньнікава, пра якога два месяцы няма ніякай інфармацыі.

Таксама гэта запужваньне апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, шараговых грамадзян. Ня маючы магчымасьці сацыяльна залагоджваць грамадзтва, улады зрабілі стаўку на страх. А для гэтага трэба яркія, відавочныя прыклады».

Захады ў абарону палітвязьняў?


Карбалевіч: «Што можа зрабіць грамадзкасьць, беларуская і замежная, дзеля абароны палітвязьняў?»

Гразнова: «Трэба праводзіць больш актыўную інфармацыйную кампанію. Каб шараговыя грамадзяне ведалі, што ёсьць людзі, якія ахвяруюць жыцьцём за нас, нашу будучыню. Кампанія павінна быць сучаснай, крэатыўнай, скарыстоўваць новыя тэхналёгіі, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі. Мала маліцца ў цэрквах.

Выкажу спрэчную думку. Трэба выкарыстаць удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў дзеля агітацыі за вызваленьне палітвязьняў. Гэта павінна быць першым пунктам прапановаў дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты».

Лабковіч: «Гэта самае складанае пытаньне. Бо і ў беларускай грамадзкасьці, і ў Захаду мала рычагоў уплыву на рэжым, які жыве ў парадыгме абложанай крэпасьці.

Акрамя таго, што казала сп-ня Гразнова, трэба яшчэ мацаваць у грамадзтве пачуцьцё салідарнасьці з палітвязьнямі. Мы вельмі ўсьцешаныя кампаніяй грашовых ахвяраваньняў дзеля выплаты штрафу Алеся Бяляцкага.

А Захад дзеля вызваленьня палітвязьняў павінен выкарыстоўваць усе рычагі ціску на рэжым: палітычныя, юрыдычныя, эканамічныя. Бо іхнія жыцьці пад пагрозай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG