Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў у лісьце нічога ня піша пра сябе

абноўлена

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

Пасьля пэўнага перапынку Ірына Халіп, жонка былога экс-кандыдата ў прэзыдэнты, палітвязьня Андрэя Саньнікава, атрымала ад яго вялікі, ажно на дзьве старонкі ліст.

Але ў ім няма ні слова пра самога Саньнікава, пра яго самаадчуваньне. Таксама ў лісьце няма пытаньняў пра сям’ю.

Ірына Халіп: «З аднаго боку, я зразумела, што ён усё ж атрымаў нейкую вестачку ад мяне, бо яшчэ ў мінулым месяцы я яму пісала, што безь яго кветкі гінуць, хаця я іх паліваю. І тут ён мне падрабязна на дзьве старонкі напісаў пра кожную кветку, як што трэба рабіць. З другога боку, я думаю, што яму сказалі, калі ён хоча, каб хоць нешта ад яго даходзіла да сям’і, няхай піша пра кветачкі. Бо пра сябе ў лісьце няма ні слова. Яму проста забаронена тлумачыць, што зь ім адбываецца. Ён раней пісаў, што спрабуе пісаць, што зь ім адбываецца, „але пошта ў ваш бок не працуе“. Я думаю, што каб пошта працавала, ён можа пісаць толькі пра кветачкі».

«Я нават і ня ведаю, пра што пісаць, хіба што пра кветкі. Пішуць, што яны гінуць, а што там засталося? Фікус Бэнджаміна, які ў вялікім пакоі каля тэлевізара стаяў, загінуў яшчэ раней, між іншым, ад пераліву. Я яго даўно выкінуў. А дыфэнбахія, тая, што зараз каля тэлевізара заняла месца Бэнджаміна, можа зімой хварэць. Яе ніжнія лісты жаўцеюць, і іх трэба абрываць, калі яны зусім жоўтымі становяцца», — працытавала Ірына ліст мужа з турмы.

«І так на дзьвюх старонках ліста, пра кожны гаршчок з кветкамі», — адзначыла Ірына.

Паводле яе, сёньня да Андрэя Саньнікава зноў спрабаваў прарвацца адвакат, але нічога ня выйшла. Начальнік калёніі сказаў, што адвакат езьдзіць дарэмна, бо ён яго ўсё роўна ня пусьціць, бо вядзе праверку. Якую праверку, ён не патлумачыў. Начальнік ня лічыць мэтазгодным доступ адваката і сваякоў да Саньнікава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG