Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы могуць забраць у Беларусі ўсё, што захочуць»


Наколькі рэальна, што Расеі прададуць беларускую кампанію «Гомельтранснафта», якая абслугоўвае транзыт расейскай нафты ў Эўропу? На гэтую тэму разважаюць беларускія адмыслоўцы.

Паўночная галіна нафтаправоду «Дружба», якая ўжо ня дзейнічае, Расею не цікавіць, Масква мае патрэбу ў паўднёвай частцы нафтаправоду, які абслугоўвае кампанія «Гомельтранснафта Дружба». Праз гэты трубаправод ідзе каля 30 адсоткаў усяго расейскага экспарту нафты — гэта каля 80 мільёнаў тон. Як чакаецца, у сувязі з пускам новага расейскага нафтаправоду БТС-2 гэты аб’ём скароціцца прыкладна на чвэрць, але ўсё роўна будзе істотны.

Пытаньне аб продажы «Гомельтранснафты» ўзьнікла ня сёньня, да таго ж прадпрыемства гэтае акцыянаванае, фармальных перашкод да продажу няма. А ў выніку перамоваў з Расеяй у 2010 годзе Беларусь страціла магчымасьць самастойна вызначаць стаўкі транзыту нафты, зазначае экспэрт у энэргетычнай галіне Тацьцяна Манёнак. Яна не выключае, што Беларусі некалі давядзецца прадаваць і гэты стратэгічны актыў:

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
«Калі Беларусь страціла магчымасьць самастойна ўплываць на транзытную палітыку, то гэтая труба абясцэнілася. Тым ня меней трэба разумець, што, нягледзячы на будаўніцтва БТС-2, умовы пастаўкі нафты праз тэрыторыю Беларусі, паводле лягістыкі, самыя прывабныя і самыя танныя. Таму відавочна, што расейскай кампаніі „Транснефть“ — я так разумею, што гэта будзе прэтэндэнт на куплю — гэта цікава».

Паводле Тацьцяны Манёнак, зьдзелка магчымая, калі будзе палітычная мэтазгоднасьць, як гэта было ў справе продажу «Белтрангазу». Яна мяркуе, што Беларусь, калі хоча надалей мець выгадныя ўмовы паставак расейскай нафты, павінна будзе неяк расплачвацца.

Эканаміст Сяргей Чалы рэкамэндаваў бы ўраду не сьпяшацца прадаваць «Гомельтранснафту» Расеі. Па-першае, таму што гэта стратэгічны аб’ект, адзін з апошніх козыраў на перамовах з Расеяй. А па-другое, Сяргей нагадаў, што паўднёвая галіна нафтаправоду «Дружба» выкарыстоўвалася пры арганізацыі альтэрнатыўных паставак нафты ў Беларусь, у тым ліку з Вэнэсуэлы і Азэрбайджану:

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы
«Гэта патэнцыйна можа выключыць увогуле магчымасьць альтэрнатыўных паставак. Гэта той участак, які дазваляў нам выкарыстоўваць нафтаправод „Адэса-Броды“ і адну зь дзьвюх ветак „Дружбы“, якія там ляжаць. На экспарт выкарыстоўваецца толькі каля паловы магутнасьцяў гэтых труб. Другую ветку можна задзейнічаць, напрыклад, на пастаўку ў Мазыр нафты, у тым ліку касьпійскай ці якой-небудзь яшчэ».

Эканаміст Міхал Залескі мяркуе, што лёс «Гомельтранснафты» можа вырашаць толькі Аляксандар Лукашэнка, але і ён не гаспадар, бо будзе вымушаны прадаць Расеі ўсё, што тая запатрабуе:

Міхась Залескі
Міхась Залескі
«Калі надзяюць хамут, то далей толькі б’юць пугаю ў плечы. Нашую галаву ў хамут камандзір ужо ўставіў, і зараз расейцы будуць толькі паганяць. Вось і ўсё, што будзе для Беларусі. Мяркую, што гульня скончылася ў той дзень, калі Лукашэнка паехаў у Маскву перад выбарамі. Тады ўсё скончылася, далей мы як дзяржава будзем рабіць усё, што скажуць расейцы. Яны могуць забраць абсалютна лёгка ўсё, што ім захочацца, калі ім захочацца. У той час ён за сваю ўладу аддаў усё наперад».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG