Цімашэнка: 6 студзеня 2012 году рашэньнем Міністэрства ўнутраных справаў Чэскай рэспублікі, мне, Аляксандру Цімашэнку, далі палітычны прытулак. Я быў прымушаны выехаць з Украіны і папрасіць палітычнага прытулку з прычыны неймавернага ціску і перасьледу з боку цяперашняй украінскай улады — аўтарытарнага рэжыму прэзыдэнта Януковіча. Ва Ўкраіне на ўказаньне прэзыдэнта Януковіча і паводле надуманых крымінальных прычынаў быў зьняволены шэраг палітыкаў — службовых асобаў папярэдняга ўраду. У прыватнасьці, безь ніякай віны была зьняволеная на сем гадоў мая жонка, Юлія Цімашэнка, колішні прэм’ер-міністар і кандыдатка ў прэзыдэнты Ўкраіны, якой не хапіла ўсяго 3% галасоў, каб перамагчы Януковіча на выбарах 2010 году. Кіроўны рэжым ва Ўкраіне ня грэбуе ніякімі бруднымі мэтадамі. Ім не ўдалося зламаць Юлію Цімашэнку ні запалохваньнем, ні судамі, ні зьняволеньнем, ні катаваньнем. І яны пайшлі на больш гідкія рэчы. Яны пачалі перасьледаваць мяне і іншых зь яе сям’і. Я не хачу даваць Януковічу ніякага дадатковага рычагу ціску на лідэра апазыцыі, і для мяне палітычны прытулак — гэта адзіны спосаб дасягнуць гэтай мэты.
РС: Чаму вы вырашылі папрасіць палітычнага прытулку менавіта ў Чэхіі?
Цімашэнка: У мяне доўгая гісторыя супрацоўніцтва з Чэскай рэспублікай. Акрамя гэтага, у сьнежні 2011 году мы падалі дакумэнты ў Празе на рэгістрацыю міжнароднай грамадзкай арганізацыі «Бацькаўшчына». І яшчэ — Чэхія зьяўляецца краінай, у якой, у адрозьненьне ад Украіны, забясьпечваецца пашана для правоў чалавека. Я прыехаў сюды прасіць сьвет дапамогі ў вызваленьні маёй жонкі з турмы ды ўратаваньні яе ад зьдзекаў рэжыму.
РС: Як вы зможаце падтрымліваць сваю жонку з-за мяжы? Ці ў вас ёсьць нейкія магчымасьці кантактаў зь ёю?
Цімашэнка: Кожны дзень я сачу за навінамі з Украіны. І кожны дзень я ў кантакце зь сям’ёю ды сябрамі. Пэнітэнцыярная служба Ўкраіны дэзінфармуе грамадзтва і міжнародную супольнасьць, заяўляючы, што Юлія Цімашэнка нібыта атрымала мэдычную дапамогу ў сьледчым ізалятары папраўчай калёніі № 54 у Харкаве. Уладам не ўдалося зьнішчыць палітычна Юлію Цімашэнку. Увесь сьвет прызнаў палітычную матываванасьць перасьледу лідэра апазыцыі. Таму зараз яны намагаюцца рэалізаваць сцэнар фізычнага зьнішчэньня, пазбаўляючы Юлію Цімашэнку кваліфікаванай мэдычнай дапамогі. Я хачу, каб увесь сьвет зразумеў, што рэжыму Януковіча не патрэбная жывая Юлія Цімашэнка. Я зьвяртаюся да лідэраў усіх краінаў сьвету з просьбай абараніць маю жонку ад фізычнага зьнішчэньня ў засьценках рэжыму Януковіча. Я заклікаю краіны Эўропы ўвесьці санкцыі супраць кіраўнікоў сёньняшняй улады ва Ўкраіне і іх сем’яў — у прыватнасьці, сыноў Януковіча — ды кіраўнікоў Генэральнай пракуратуры, Службы бясьпекі Ўкраіны, судзьдзяў і сьледчых, якія спрыялі фальшаваньню справы супраць Юліі Цімашэнкі. Лідэрам краінаў сьвету час урэшце зразумець, што Януковіч і дэмакратыя — гэта несумяшчальныя рэчы. Двойчы суджаны колішні злачынец фармуе таталітарны рэжым ва Ўкраіне.
РС: Чым, на вашу думку, закончыцца супрацьстаяньне апазыцыі і ўлады ва Ўкраіне ў справе Юліі Цімашэнкі?
Цімашэнка: Спадзяюся, што праўда пераможа і Юлія Цімашэнка выйдзе на волю. Выйдзе пераможцам і прэзыдэнтам Украіны.