Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ерогліф беларускі


Як да нас прыйшла кітайская пагроза


Беларускі рэжым імкліва перажывае працэс пераходу ад дзікага сацыялізму да дзікага рынку, з пэрспэктывай продажу прадпрыемстваў разам з працоўнымі ды немагчымасьцю працоўных у гэтым продажу паўдзельнічаць. Наперадзе – перафарматаваньне большасьці буйных гарадоў, прыход замежных уласьнікаў, якія здолелі дамовіцца з уладай аб спрыяльным рэжыме гаспадараньня, буйныя будоўлі, ўзьнікненьне шматлікіх «сіці» ды бізнэс-кварталаў. Пагроза прыватным інтарэсам грамадзян непазьбежная. У гэтых умовах катэгарычна важна прапанаваць грамадзтву ready-made постаць ці постаці адказных. Відавочна, што дзяржава як такая адказнай за пагаршэньне ўмоваў жыцьця беларусаў быць ня можа, бо дзяржава ў нас адказная выключна за пазытыў. І вельмі ж цікава было назіраць у мінулыя тыдні за павольным канструяваньнем у мэдыях новага вобразу, вобразу ўсюдыісных кітайцаў.

Мэдыйнае вымярэньне «кітайскай навалы»


Адразу адзначым: як там ёсьць насамрэч – вялікае пытаньне: здаецца, у Менску зараз нашмат болей машынаў з расейскімі нумарамі, чым з кітайскімі. Кітайцаў тых ня бачна і не чутно. Болей за тое, што да стратэгіяў у бізнэсе кітайцы, здаецца, існуюць на агульных з усімі ўмовах і фізычна ня здольныя «набыць» ды забудаваць увесь горад, у якім пасьпяхова рэалізуюць уласныя інтарэсы бізнэс-групы з Бліжняга Ўсходу ды іншых, ідэйна блізкіх да Беларусі, краінаў. Аднак маніторынг мэдыяў дэманструе стараннае адбудоўваньне нейкага міту аб вялікім кітайскім нашэсьці, якога беларусам трэба баяцца і за якім трэба бачыць прычыну ўсіх уласных праблемаў. Стратэгіі канструяваньня «кітайскай пагрозы» – іншая рэч, тут патрэбна паўнавартаснае дасьледаваньне, якое магло б падказаць, ад каго сыходзіць ініцыятыва «акітайваньня» беларускіх праблемаў: ад мэдыяў як такіх, ад інфармацыйных крыніцаў, якія ствараюць нагоды пісаць, ці ад яшчэ нейкіх сіл, якія старанна падбухторваюць настроі. Аднак, факт застаецца фактам: слова «Кітай» усё часьцей зьяўляецца ў Інтэрнэце ды на папяровых носьбітах як патэнцыйна небясьпечная для людзей зьява.

Беларускі «Хімкінскі лес»?


Пачалося ўсё ў жніўні, з паведамленьняў аб нейкім буйным «Чайна таўне», які пабудуць кітайцы ў Ждановічах, у мікрараёне «Лябяжы». Якія эмоцыі выклікала паведамленьне пра хуткае зьяўленьне «33 дамоў» у кітайскім стылі, пабудаваных паводле кітайскіх нарматываў, у жыхароў мікрараёну «Лябяжы», можна толькі здагадвацца, аднак малаверагодна, каб гэтыя эмоцыі былі вельмі сьвяточнымі. Тыдзень таму ў мэдыях узьнікла новая нагода баяцца кітайцаў – пачала шырока абмяркоўвацца сытуацыя вакол будаўніцтва гатэля «Пэкін» на месцы парку 40-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Шматлікіх камэнтатараў гэтай навіны асабліва бянтэжыць той факт, што ў выніку будоўлі ўжо высеклі 15 дрэваў, усяго ж можа зьнікнуць больш за 300 дрэў. Гледзячы па паведамленьнях, жарсьці вакол парку маюць вялікі патэнцыял: абаронцы сабралі больш за 400 подпісаў і гатовыя бараніць дрэвы. Больш за тое, як і ў выпадку з Хімкінскім лесам пад Масквой, барацьба за парк успрымаецца грамадзтвам як справа высакародная, шмат хто спачувае гэтай ініцыятыве. Палітыкі да яе пакуль што не далучыліся, аднак у гэтым якраз яе цікавасьць, бо шмат якія акцыі, выбухнуўшыя ў 2011-м годзе, праходзілі без удзелу палітычных лідэраў. Заўважце, супрацьстаяць абаронцы беларускага «Хімкінскага лесу» нібыта не дзяржаве, нібыта не гарадзкім уладам, аднак – ананімным ды нябачным кітайцам.

Кітайскія аўтамабілі як пагроза інтэграцыі


Дадало пачуцьця неспакою славутае інтэрвію расейскага пасла Аляксандра Сурыкава «Звязьдзе». У тым інтэрвію зноў паўстала тэма кітайскай пагрозы, гэтым разам – пагрозы ня толькі для Беларусі, аднак для нашага братэрства з расіянамі. Пасол раскрытыкаваў сумесны беларуска-кітайскі аўтамабільны праект: «Глядзіце, мы стварылі Мытны саюз якраз для абароны сябе ад нядобрасумленнай канкурэнцыі іншых краін. А Кітай, як вядома, не ўваходзіць у Мытны саюз. Таму я не выключаю, што Расея, якая мае значныя магутнасьці па выпуску легкавых аўтамабіляў, будзе настойваць на істотным абмежаваньні ўвозу кітайскіх камплектных частак для наступнай зборкі зь іх машын у Беларусі. Гэта права Расіі і такое пытаньне можа паўстаць». Выглядае так, нібыта з-за ўсюдыісных кітайцаў беларусы могуць пасварыцца з магутнай суседкай. Для шараговага чытача гэта – яшчэ адна нагода скалануцца ад каварных плянаў кітайскай экспансіі.

Дуліна для Расеі


Трэба прызнаць, што ілюзорная (ці то сапраўдная?) «кітайская пагроза» – вельмі ўтульная для сучаснага геапалітычнага становішча Беларусі рэч. 15 гадоў Беларусь будавала ўласны дабрабыт, шантажуючы Расею эўрапейскімі танкамі, якія мы не пусьцім на Маскву, калі што. Усім бакам было зразумела, што ва ўмовах пост-пазыцыйнай вайны ніякія танкі празь Беларусь і ня пойдуць, аднак вораг, якога можна было «прадаваць» Расеі, існаваў. І гэты вораг кранаў нейкія глыбінныя слаі расейскай падсьвядомасьці. Раз за разам, калі адносіны паміж Менскам і Масквой пагаршаліся, мы абяцалі наблізіцца да Эўропы, пачыналі лібэралізацыю, выпускалі вязьняў, і гэта спрацоўвала: Беларусі вярталі грошы, газ, нафту і гэтак далей. У сьнежні 2011 году адбыліся падзеі, якія значна зьменшылі прастору для заляцаньняў з Эўразьвязам. Эўропа ды ЗША адназначна растлумачылі, што без сапраўднай лібэралізацыі, амністыі ды зьменаў у заканадаўстве, яны больш ня будуць рабіць нават выгляду таго, што сябруюць з Беларусьсю. Беларусь апынулася адна – ва ўмовах тэрмінова ашалелага ад магчымасьцяў выкарыстаньня такога становішча ўсходняга партнэра. У Менску проста не было інструмэнтаў заспакаеньня прыватызацыйных апэтытаў Масквы. Не было супрацьвагі: з аднаго боку Крэмль, з другога – маўчаньне Брусэлю ды Вашынгтона. Зараз мы бачым паўставаньне той самай супрацьвагі. Зараз з аднаго боку – Масква, з другога – Пэкін. Хай сабе пакуль што – толькі гатэль «Пэкін», на месцы парка. Але – Пэкін!


Кітайцы значна больш эфэктыўныя ў якасьці геапалітычнай супрацьвагі Маскве. Па-першае, яны кранаюць яшчэ больш глыбінныя страхі жыхароў Крамля. Бо, калі раней расейскія афіцыйныя асобы казалі, што з задавальненьнем пабачаць збліжэньне Менску з Эўразьвязам, што яны ня супраць такога збліжэньня, дык беларускага збліжэньня з Кітаем яны б не жадалі. І ня толькі з-за тых прычынаў, якія выклаў у інтэрвію пасол Сурыкаў. Расіяне мысьляць Кітай паўнавартасным канкурэнтам сабе. Яны разумеюць, што гэтая краіна год за годам усё больш займае ў рэгіёне месца, якое бачыла сваім месцам Расея. А таму пужаць расейца кітайцам – значна больш эфэктыўна, чым пужаць расейца Брусэлем, у якім траціна расейскіх алігархаў маюць нерухомасьць. Да таго ж Кітай ня будзе патрабаваць вызваленьня палітзьняволеных, яго цікавіць выключна бізнэс.

Дарэчы, курсы кітайскай у Менску каштуюць менш за 2 мільёны беларускіх рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG