Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь любоўю да дзядзькі Рыгора


Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін

Распачалася акцыя салідарнасьці з Рыгорам Барадуліным.

Яе мэта — сабраць грашовую дапамогу народнаму паэту. Гэта — ня продаж кніг, а ахвяраваньні, за якія кожны ўдзельнік атрымлівае ў падарунак кнігу з аўтографам Рыгора Барадуліна.

Гэта ўжо другая акцыя салідарнасьці з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. У 2008 годзе ў такой акцыі ўзялі ўдзел некалькі соцень чалавек, было распаўсюджана блізу 500 кніг, дзядзьку Рыгору сабралі істотную дапамогу. Сутнасьць акцыі ў тым, што кожны чалавек за адвольную, прапанаваную ім самім цану можа набыць кнігі з аўтографам народнага паэта. Ініцыятар абедзьвюх акцыяў журналіст Глеб Лабадзенка распавёў:

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка
«Тры гады таму, калі мы праводзілі гэтую акцыю, першую (а гэта ўжо другая па ліку), тады знайшліся людзі, якія крыху „выкруцілі“ яе сутнасьць. Што нібыта Рыгор Барадулін як жабрак, а мы, маўляў, яму з-за спачуваньня грошы зьбіраем... Канечне, гэта ня так. Таму што гэта найперш акцыя салідарнасьці, акцыя выказваньня пашаны, падтрымкі любімаму паэту. І ў ніякім разе гэта не таму, што ён папрасіў ці яму вельмі нешта трэба».

За званьне «народнага» ў Беларусі даплата — тры базавыя велічыні (зараз гэта 105 тысяч рублёў, ці 12 даляраў). Народная артыстка Зінаіда Бандарэнка таксама атрымлівае такую мізэрную даплату. Але яна ня скардзіцца. А вось што да дапамогі паважаным людзям, якія ўжо ў вельмі сталым веку і ня маюць здароўя, Зінаіда Бандарэнка кажа:

Зінаіда Бандарэнка
Зінаіда Бандарэнка
«Дастукацца трэба, каб дапамагчы нашым народным паэтам... Проста ў нас улада такая жорсткая. Тым больш — якім паэтам? Канечне, такім паэтам, як Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, ніхто дапамагаць ня будзе — я маю на ўвазе ўладу. Проста нам самім трэба нейкім чынам аб’яднацца і дапамагчы. Таму што сапраўды сорамна...»

Раней званьні народных паэтаў, пісьменьнікаў, мастакоў, артыстаў прысвойвалі Саўнаркам і прэзыдыюм Вярхоўнага Савету, а з 1994 году — прэзыдэнт. За ўсю гісторыю такое званьне атрымалі 8 паэтаў і 9 пісьменьнікаў. Былы старшыня камісіі па культуры Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч распавёў:

«Сярод пісьменьнікаў апошнім Іван Чыгрынаў ішоў, яго наша камісія вылучала. На гэтым скончылася. Стаў прысуджаць званьні прэзыдэнт».

Карэспандэнтка: «А з паэтаў камісія апошнім каго вылучала?»

«Барадуліна. Я быў дакладчыкам па Барадуліну».

За час прэзыдэнцтва Лукашэнка прысвоіў званьне народнага толькі аднаму літаратару — Івану Навуменку ў 1995-м. І нікому з паэтаў. На сёньня няма ў жывых ніводнага народнага пісьменьніка і засталіся толькі два народныя паэты — Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін. Пытаюся ў Ніла Гілевіча: чаму ўжо 17 гадоў нікога не вылучалі на званьне народнага? Што, няма талентаў?

«Няма літаратуры. Якія таленты, калі няма беларускай літаратуры? Ёсьць генэральскі Саюз пісьменьнікаў. І ў тым саюзе, як кажа прэзыдэнт, ніхто не напісаў другую „Вайну і мір“. Пагрукайце тройчы па дрэве, бо яшчэ хапае розуму не даваць — у мяне такія мэтафарычныя прозьвішчы ёсьць — напісаў нейкі Алесь Пэцкаль альбо Міхась Квэцкаль. У іх хапае розуму такому Пэцкалю і Квэцкалю такое званьне не даваць. Але пастукайце — могуць даць».

Што да акцыі салідарнасьці з Рыгорам Барадуліным — людзі актыўна адгукаюцца, ёсьць попыт на ўсе выстаўленыя чатыры кнігі паэта.

Глеб Лабадзенка распавёў:

«Каля 140 чалавек ужо прыняло ўдзел. У нядзелю ўвечары я вывесіў абвестку, і ўжо каля 140 чалавек. Гэта нават больш, чым мінулым разам, таму што тады за адзін дзень адгукнуліся 70 чалавек, а зараз за паўдня — удвая больш, 140».

Усе ўмовы правядзеньня акцыі можна даведацца на сайце: http://labadzenka.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG