Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Было нясоладка, а будзе яшчэ горш


Як сёлетнія палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя пераўтварэньні адгукнуцца на беларускім грамадзтве ў бліжэйшай будучыні?

Усю першую палову 2011-га ў Беларусі судзілі арганізатараў і ўдзельнікаў Плошчы, выносіліся шматлікія абвінаваўчыя прысуды. Да сотняў пакараных па адміністрацыйных справах дадаліся амаль паўсотні абвінавачаных па крымінальных артыкулах за "арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках". Ці ўдалося ўладам запалохаць грамадзтва? Ці варта чакаць пратэставых настрояў у будучыні?

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
Вось што лічыць экс-кандыдат у прэзыдэнты, намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

"Думаю, што ў наступным годзе сытуацыя ў эканамічным пляне яшчэ пагоршыцца і людзі ўсё ж пачнуць выказваць пратэст. Зразумела, што гэты пратэст будзе тычыцца найперш пытаньняў эканамічных — канечне, заробкаў, паніжэньня ўзроўню жыцьця. Але, лічу, палітыкам неабходна прыняць меры, каб гэтыя пратэсты былі ўвязаныя і з палітычнымі пытаньнямі. Ну, а ці ўдалося людзей запалохаць? Зразумела, што быў пэрыяд, калі ўладам гэта зрабіць удалося, але, як бачым, практычна ўсе арганізацыі, якія дзейнічалі ў давыбарчай кампаніі — палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі, — існуюць, працуюць. Можа быць, ня так актыўна, але яны ёсьць. І, як кажуць, калі косьці ёсьць, то мяса нарасьце. Таму, я думаю, нічога звышстрашнага не адбылося. А які будзе наступны год? Мяркую, што год для Беларусі, для насельніцтва краіны будзе больш складаным і ў эканамічным пляне, і ў палітычным пляне. Жыцьцё пакажа. Цяжка прагназаваць вельмі дакладна, але ўзровень жыцьця толькі пагоршыцца".

Цягам мінулага году рубель абясцэніўся ўтрая, на столькі ж упалі прыбыткі насельніцтва, інфляцыя па выніках году прагназуецца на ўзроўні 120%. Вось камэнтар былога кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, эканаміста Уладзімера Ганчарыка:

Уладзімір Ганчарык
Уладзімір Ганчарык
"На жаль, маем варыянт горшы, чым можна было нават уявіць. І падзеньне ўзроўню жыцьця працягнецца, бо ня бачна ніякіх захадаў, якія б у пэрспэктыве далі станоўчы вынік. Што я маю на ўвазе? Найперш, грашовая маса павялічваецца. Тыя аб'екты, будаўніцтва якіх трэба было б згарнуць, узводзяцца. Трэба скарачаць чынавенскі апарат, але ён не скарачаецца. Сілавыя структуры разьдзьмутыя. Адкуль будуць якія вынікі? Мадэрнізацыя, якая павінны праводзіцца — а гэта новыя тэхналягічныя будоўлі, прадпрыемствы, — адсутнічае. Усё, на маё разуменьне, у разьліку на датацыі з боку Расеі. Штосьці прададзім, штосьці атрымаем так, некія крэдыты дадуць і гэтак працягнем. Але карэнных зрухаў у эканамічнай палітыцы ня бачна. Адсюль і вынікі. Адкуль можна чакаць павышэньня ўзроўню жыцьця пры прагназаванай інфляцыі? Магчыма, урад нешта і рабіў бы, але розныя "ўказілаўкі" адносна таго, што трэба працягваць выпрацаваную на нейкім сходзе палітыку і г.д., усё зводзяць на нуль. Усё ідзе да аднаго: грашовы пухір будзе надзімацца і мы зноў атрымаем вынік, які маем у гэтым годзе".

2011-ы адзначаны вялікай працоўнай і палітычнай міграцыяй. Ва ўмовах эканамічнага крызісу тысячамі ад'яжджаюць на заробкі будаўнікі, праграмісты, работнікі сфэры абслугоўваньня. Былы вядучы папулярнага ток-шоў "Выбар" на тэлеканале АНТ Сяргей Дарафееў:

Сяргей Дарафееў
Сяргей Дарафееў
"Усе цудоўна разумеюць, што разумныя людзі ў Беларусі не перавяліся: і палітыкі, і ў тым ліку тыя, хто ў гэты час працуе ў міністэрствах і ведамствах. Я з многімі такімі людзьмі кантактаваў. І сапраўды: і ў Міністэрстве культуры, і ў МЗС, у міністэрствах, якія займаюцца грашыма ці эканомікай, у нас дастаткова адукаваных людзей. Прычым, людзей-патрыётаў. Але ж не мы выбралі гэты час, гэта час выбраў нас. І абставіны прапанаваў нам гэты час. Хоць я зараз і ня сьпісваю нашу адказнасьць за гэты час, гэта ключавыя словы — не забывайся пра адказнасьць за гэты час. У нас шмат энэргічных, адукаваных людзей, але мы ўсе складнікі аднаго мэханізму, які зараз гудзіць, рычыць. Гэтыя людзі, пра якіх я сказаў, разумеюць, наколькі важная задача, роля мас-мэдыя ў данясеньні, у тым ліку, і дзяржаўных ідэяў. Не ў трансфармацыі іх у дагоду ідэалягічным ці нейкім прапагандысцкім меркаваньням. Задача СМІ — адлюстроўваць сытуацыю ў грамадзтве і неяк дапамагаць уладзе. Але ж у Беларусі гэтага не адбываецца. У нас СМІ — гэта патрэбны ўладам праваднік. У беларускіх умовах, хутчэй, паўправаднік".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG