Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: дзядзя Ваня Купала


Літаратурная дыскусія на Свабодзе

З маленства для мяне Янка Купала і Якуб Колас — два беларускія зубры з карычневай паштовай маркі СССР. У школе іх не вывучаў, бо ў нас былі Саламея Нярыс, Пятрас Цьвірка… А ва ўнівэры напачатку дзівіўся: чаму ж гэта Дамінікавіч па бацьку, але Іван? «А хто там ідзе?!» ніколі не падабаўся, а вось «Тутэйшыя», наадварот, вельмі. Тады яны яшчэ пад забаронай былі. З-пад крыса чыталі першы друк — 1927 году: «Амэрыка — для амэрыканцаў, Беларусь — …», шматкроп’е, словам. Гэта, прызнаюся, узрушала. Дзякуй табе, дзядзька Янка. «Тутэйшых» на сцэне ўявіць было немагчыма.

«Купала ў Пячышчах. Год 42-гі»

Так назваецца п’еса на расейскай мове, тады пісьменьніка з ЦК КПБ Скобелева, выдадзеная 25 гадоў таму. Яго чамусьці зацікавілі апошнія месяцы жыцьця Купалы, напярэдадні трагічнай сьмерці. Дзядзем Ванем паэта называе ў творы дзяўчынка.

Дзея першая: жонка Ўладзіслава з марозу цягае дровы, сам паэт «хмурясь, читает газету, курит трубку, стряхивая пепел в консервную банку». Жонка вельмі крытыкуе парадкі, што ў немцаў процьма танкаў і самалётаў, а ў Саветаў нічога. Паэт стомлена перапыняе: «Нытье и недостойно, и нелепо. И без того смуруго на душе». Ён захапляецца народам пад акупацыяй — «О, как неодолима вера в правду!» Крытыкуе сам сябе, што замала працаваў: «Несли мы всё же мало на алтарь!» і ўзгадвае неспадзявана, што ў іх няма дзяцей (амаль 62 гады чалавеку, напраўду запозна).

Ёсьць прафэсійны момант. Паэт разважае: «Душа молчит… Когда в ней нет стихов. Она мертва. О, бедные поэты!» (Можа, гэта найлепшыя радкі). Жонка «супакойвае»: «Ты исписался. Всю кровь свою ты вычерпал пером. Угомонись!» Купала раптам цытуе прысягу партызана: «Но если я по слабости своей, по трусости, по воли злой нарушу присягу, пусть паду я от руки товарищей своих позорной смертью!»

У фінале з рэпрадуктара гучыць «суровая мелодия песни-набата «Вставай, страна огромная!» Даслухаўшы, «Купала проникновенно и гневно стал читать свои стихи, обращенные к партизанам». Ён закончыў, «опять звучит «Вставай, страна огромная!» Все громче и громче…» Канец.

Ну, і як вам п’еска пра Купалу? Паў «ад рукі таварышаў ганебнай сьмерцю»? Заслона ўпала, можна ўставаць: верыце вы ці не? Не? А я, як літаратар, ня веру ў фантасмагарычныя вершы, прыпісаныя Купалу, прынамсі моцна сумняваюся. Не, яны мяне расьцьвельваюць па-свойму. Але мне вядома пра сталінскія працэсы, пра падземныя хады ў Швэцыю і гэтак далей, дык чым праўдзівейшыя «факты» з аўтарствам Купалы?

Што праўда, выдатны матэрыял для сучаснай п’есы. Чытаў: у Венскай опэры ідзе спэктакаль «Гогаль», паводле матываў біяграфіі пісьменьніка. Там ёсьць усё і ўсе — пэрсанажы твораў разам з аўтарам, і заканчваецца судом… У мастацкай фантасмагорыі ўсё магчыма. І, нейкім чынам, больш апраўдана, чымся ўра-саладжавыя п’есы на поўным сур’ёзе альбо, з другога боку, выкрывальныя артыкулы.
Янка Брыль

«Пераглядаю трэці, чацьверты і пяты тамы новага Збору твораў Купалы. Ох, гэты цяжкі ды змрочны пяты том!.. З «паэзіяй» трыццатага — сорак другога гадоў, вельмі далёкай ад Яго таленту. Ніякага асуджэньня, а толькі жаль і позірк на падобнае і ў самога сябе», пісаў пры канцы жыцьця Янка Брыль.

Калі ўдзельнічаў у хоры, выкрываць іншых нейк не выпадае. Іншая рэч, калі ня жыў у тыя часы, калі не змушалі цябе пісаць пра Сталіна. А зрэшты: ці змушалі напраўду? Ці існаваў сьпіс: ад паэта Вярэйкі чакаем паэмы, празаік Іванчык абавязаўся нашрайбаваць трылёгію? Хіба што не, хаця магу памыліцца. Але хутчэй атмасфэра змушала, правілы жыцьця: у краіне адзін гаспадар, якому належаць, апроч нетраў, гарадоў, заводаў, усе пагалоўна — зь іхнімі думкамі, душамі. І калі ты пісьменьнік, значыцца правадыр дазваляе табе існаваць, пісаць, друкуе твае кніжкі і плаціць ганарар. Твая рэакцыя?

Устрымацца, ня ўдзельнічаць — учынак. Тое ж самае, калі сёньня знайсьці волю і патрэбу, само сабой, выказацца пра дзейнасьць «героя нашага часу». Словам, сытуацыя, можна сказаць, люстэркавая: маўчаньне ў 1937-м роўнае немаўчаньню цяпер. Вядомая рэч: калі чалавек забраўся ў крамлёўскую вежу і адчуў сябе волатам, практычна Богам, яму ўласьціва лічыць, што ягоныя погляды на гісторыю, на сучаснасьць, на яго самога — адзіна дапушчальныя. А тут раптам паэт Казімірчык не згаджаецца.

Не, не чакалі паэты — у якія жорны трапяць. Ні тады, ні цяпер. Вось такая «Беларусь» вам. Бальшавіцкага ўзору. Дзе ўсё беларускае топчуць. Ня выключана, чалавек зламаўся: НКВД з паэтамі не цырымонілася. Колас быў больш асьцярожны, абачлівы, скрытны. Памёр сваёй сьмерцю. А Купалу адпомсьцілі: «зваліўся п’яны зь лесьвіцы», сам малым чуў ад дарослых «расхожее мнение», калі парэшткі перавезьлі з той Масквы. Не на дуэлі загінуў, напрыклад, не на барыкадзе, не ад сухотаў урэшце.

Што ні кажыце, кантэкст таксама не абы-якая справа. Прыкладам, калі паэт Крэмень ходзіць сёньня Сталінскім (ці як ён цяпер называецца?) праспэктам і не маўчыць наконт цяперашняга нэасталінізму, то каменьчык у гарод дзядзькі Янкі будзе выглядаць нейкім чынам маральна апраўданым. Але мяркую, паэт гэты ня будзе мець патрэбы ўнутранай, калі сам трымаецца «на вышыні становішча». Бо ён жа Крэмень.
Пінжак крытыка

Канечне, можна атрымаць задавальненьне ад кавы і адставіць кубак убок. А можна пільна разглядаць пазадкі — гушчу на дне, удумвацца, разгадваць малюнкі, рабіць высновы. Баюся, што пінжак крытычны будзе на мне дрэнна сядзець, «бялінскі» зь мяне ніякі, мне хапае кавы і люблю, каб гушча засталася не ў маім кубку, тады можна будзе ў яго даліваць пазьней.

Але хай я часова крытык. Тады я мушу разглядаць ня толькі вяршыні творчасьці Купалы, але й нізіны. Я азірнуся напачатку: Сталін быў зьместам жыцьця, для пісьменьнікаў асабліва, ягоны цень накрыў краіну. Вершыкаў з правадыром хапала ў многіх. Але паколькі як крытык, я ня стаўлю пад сумнеў аўтарства Купалы, што датычыць паэзіі часоў 37-га, то мушу прызнаць, што ён пераступіў мяжу: пяяў тэрор. Амэрыканскае аўто, ленінскі ордэн атрымаў замест нагана, можна сказаць. Як прыладу да дзеяньня. Што ж, балюча, прыкра, шкада. Але як крытык я павінен захоўваць паставу: сам вінаваты, што гуляўся з агнём.

Сталінскія жорны ня проста рэч мэханічная, яна — злавесная, бязьлітасная, прагная крыві, як парыская гільятына некалі. Цяперашнія жорны — зьменшаная копія, але таксама пра паэтаў не забываюцца. Хаця некаторым начальства часам адшкадуе прэмію, за духоўнае прасьвятленьне ці накшталт таго. Фордамі больш не раскідаецца, эканоміць. Купалу падарунак дарагі каштаваў сьмерці. Але сьмерць гэтая ў канчатковым выніку паспрыяла, што паэтаў перасталі пускаць у расход, хоць і хадзіць даводзіцца на сваіх дваіх. Хай гараць гэтыя колы сталінскія!

Думаю, праблема Купалы была ў ім самім. Ордэн далі, але разумелі, што гідзіцца сваёй ролі. А трэба захапляцца шчыра, ва ўсякім разе — да рэшты. Скажам, прыкідвацца лапцем трэба так, каб сябе адчуць ім. Навука мімікрыі ніколі не састарэе… Тады ацалееш можа. Адзін з анэкдотаў пра Сталіна і пісьменьнікаў: паэт Булатаў напісаў паэмы — па чарзе — пра дзяцінства правадыра, пра малалецтва, а цяпер натхніўся, каб выдаць наступную — пра юнацтва. Сталін: а як у яго з жытлом? Кватэра і дача? А з узнагародамі? Ордэн Леніна і Сталінская прэмія? Дык што ж яму яшчэ ад мяне трэба?!

Калісьці, яшчэ ў царскі час, будучы пралетарскі пісьменьнік пахваліў «ребят-белорусов» Купалу з Коласам, каторыя пішуць так «задушевно-примитивно». Нават калі мелася на ўвазе, што «па-народнаму», усё ж гучыць неяк фанабэрліва. З другога боку, каб не разьвіваўся Купала, застаўся на дарэвалюцыйным узроўні, можа і ацалеў бы, хто ведае: ня ўсім жа ордэны давалі, можа не пацягнуў бы.
Янка Купала, Янка Купала…

Я паспрабаваў пабыць у ролі крытыка, каб лепей адчуць сваё стаўленьне да Купалы. Што ж: ён ніколі ня быў сярод маіх любімых. Мне болей падабаецца ягоная творчасьць часоў БНР, за што ён, мабыць, і паплаціўся найболей потым. Так, мне не даспадобы апошнія тэксты Купалы. Але на гэтым усё. Для мяне ён застанецца партрэтам на сьцяне, ня ведаю, хай зь вянком з дубовага лісьця. Я заўсёды буду памятаць, што яны ненавідзелі Купалу, як сёньня ненавідзяць нас. Яны, ворагі беларушчыны. Я заўсёды буду памятаць, што косткі Купалы ня толькі ў падмурку нашага саюзу пісьменьніка, яны таксама ў пантэоне беларусаў. Што праўда, ім гэта абыякава. Але неабыякава нам, мне. Словам, у мяне такія шалі пад рукой: пераважвае Купала станоўчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG