Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каўчэг Барадуліна


Адна з памятных падзеяў 2011 году — у Ерусаліме зьявілася табліца з тэкстам малітвы «Ойча наш» на беларускай мове. Падобных мэмарыяльных табліцаў — на многіх мовах — там усталявана больш за сотню, цяпер і паломнік зь Беларусі можа спыніцца каля сваёй і прачытаць: «Ойча наш, каторы ёсьць у небе...». Кожны добры хрысьціянін ведае гэтую малітву на памяць, праўда, яе праваслаўны і каталіцкі варыянты адрозьніваюцца. І мне неаднойчы даводзілася чуць, як рознаканфэсійныя вернікі падчас супольнага набажэнства зьбіваліся, не патраплялі ва ўнісон, дакорліва паглядаючы адзін на другога.

Вось жа яшчэ праблема: адзін і той жа тэкст перакладзены на адну і тую ж мову, а гучыць па-рознаму ў царкве і касьцёле. І чым даўжэй гучыць па-рознаму, тым менш у яго шанцаў загучаць аднолькава. І ўсё ж вернікі ўсіх канфэсій могуць прыйсьці да згоды, кампрамісна зьмясьціўшы ў сваіх малітоўніках трэці варыянт малітвы «Ойча наш» — у паэтычным пераказе Рыгора Барадуліна. «Ойча наш, што ў нябёсах, / хай сьвяціцца Імя Твае і ў зорах, і ў лёсах. / Хай прыйдзе Валадарства Твае, як спатоля, / хай Твая ўсеўладарная збудзецца воля / як на небе, гэтак і на зямлі. / Хлеб наш надзённы пашлі, / Жыцьцядар, сёньня нам / i даруй нам нашы даўгі, / як даруем і мы даўжнікам»... Ладна, складна і сугучна з арыгіналам.

У сваёй новай кнізе «Anima» Рыгор Барадулін ня толькі «Ойча наш» зарыфмаваў. Паэт працягвае свой высокі дыялёг з Богам, распачаты яшчэ на старонках кнігі «Ксты» (2005), якая па сваёй спавядальнасьці, малітоўнасьці, па зьмесьце сваім хрысьціянскім ня мае сабе роўных у беларускай паэзіі. Біблейскія тэксты тысячы разоў ператлумачаныя, мільёны разоў працытаваныя, хто іх толькі ні выкарыстоўваў у якасьці будматэрыялу для ўласных твораў! Здавалася б, немагчыма застацца першапраходцам, ідучы па безьліч разоў таптаных сьцежках. Аказваецца — магчыма. Калі ты сапраўдны вершапраходзец, то ты — першапраходзец усюды. Што нам і дэманструе Барадулін, у кім шчасьліва спалучыліся гэтыя дзьве якасьці.

Паэзія — мастацтва хадзіць па вясёлцы. Пахісьнесься — упадзеш, засумняваесься ў цьвердзі пад нагамі — упадзеш таксама. А ісьці па вясёлцы і гуляць у мэтафары з Богам — занятак архіскладаны, нават небясьпечны. У свой час Андрэй Вазьнясенскі, прайшоўшы палову шляху, згуляў няўдала: «Чайка — гэта плаўкі Бога». І тут жа восілка вясёлкі хіснулася пад ім так, што мільёны вачэй ад страху прымружыліся: упадзе — не ўпадзе...

Барадулін не блюзьнерыць. Ён таксама ўмее хадзіць па ўскраі (па вясёлцы як ні ступі — скрай), але мяжу адчувае: «Белую аблачынку вішні, / здаецца, выдыхнуў Усявышні», «Ізноў жывыя нада мной, / як думкі Госпада, аблокі», «Зямля — парушынка ў Гасподнім воку». Чытаеш такое і пачынаеш бачыць сьвет і сусьвет у нейкім касьмічным маштабе. Як астранаўт, які прыляцеў на Месяц. Ці падабаецца гэта таму, хто, па словах паэта, думае аблокамі? Можа, і падабаецца. Нездарма ж кажуць, што паэзія — ад Бога. Калі б не падабалася, атрымаў бы паэт пажыцьцёвую пячатку на вусны — а гэта для творцы як найвышэйшая мера. З другога боку, знакі звыш нам увесьчасна пасылаюцца, трэба іх толькі бачыць і распазнаваць. Ехалі мы аднойчы з Рыгорам Барадуліным на Вушаччыну — на адкрыцьцё Быкаўскага музэю ў Бычках. Перад павароткай на Бараўляны Барадулін кажа: «А вось тут Васілёва машына заўсёды ламалася». І толькі ён гэта прамовіў, як мая да гэтай пары безадмоўная «Аўдзі-80» пару разоў чмыхнула і заглухла. І завёў яе толькі выкліканы па тэлефоне рамонтнік, з добрую гадзіну пакорпаўшыся пад капотам. Што гэта было — выпадковасьць ці знак?

У Бычкі і Вушачу мы тады ўсё ж даехалі. І загаварылі вушацкія краявіды да мяне вершамі Барадуліна. Адчуваньне было — быццам нямое кіно проста пры табе агучылі. І наш настрой таксама падымаўся «на дыбачкі над возерам ля Глыбачкі», дзе ён заўсёды распагоджваўся ў Васіля Быкава. І бачылі мы, як на ўскрайку амаль адзічэлага саду «маладзюткі туман сівеў». І чулі, як на ўсе лады за вокнамі барадулінскай хаты гаманіла брукаванка, пакрытая парэпанымі панцырамі камянёў. Заяжджалі мы тады і на стары вушацкі могільнік, дзе паэт так проста і натуральна пацалаваў барэльеф маці на пацямнелым ад часу помніку...

Сваю малую радзіму Барадулін ператварыў у вялікую — у літаратурным вымярэньні. Вушаччына столькі яму дала як паэту, а ён усё ёй вярнуў — як доўгатэрміновую пазыку, з залатымі адсоткамі сваёй паэзіі. І сёньня я, чытаючы ў новай кнізе «Ліст Васілю Быкаву ў Нямеччыну» («На бацькоўшчыне ў даўнюю хату заходзь, / вінавата сагніся ў малебным паклоне»), прыгадваю нізкія дзьверы быкаўскай хаты, што сапраўды ад кожнага наведніка вымагалі паклону. Прызнацца, я спачатку думаў, што гэта — цясьлярскія недаробкі, а тут, як аказалася, цэлая жыцьцёвая філязофія. Пакланіцца хаце. Пакланіцца маці. Каб потым, набраўшыся ад іх сілы, адчуць сябе іхнім апошнім і бясстрашным заступнікам: «Ірве стаеньнік павады, / на волю скача. / Мне адступаць няма куды — / за мной Вушача».

За Барадуліным — ня толькі Вушача. Хто абароніць беларускую мову перад чужамоўным цунамі? Ніякімі дамбамі тут не абгародзісься, ніякімі шчытамі не прыкрыесься. Мову ўратуе толькі шэдэўр, створаны на ёй. Значыць, паэт — самы эфэктыўны абаронца мовы. Вобразна кажучы, творчасьць Барадуліна — гэта і ёсьць той Ноеў каўчэг, у якім мова беларуская выплыве ў будучыню праз усе цунамі.

Барадулін афарыстычны — у сваіх ахвярынках (так называюцца ягоныя двух-чатырохрадкоўі). Барадулін па-апостальску мудры — у «Псальмах Давідавых» і «Біблейскіх балядах». Барадулін вынаходлівы і нечаканы — у кожным вершы, а іх у кнізе больш за тры сотні. Часам уражваюць ня толькі вершы, але і подпісы пад імі. Так, верш «Як па сухому...» напісаны ў рэанімацыі менскай лечкамісіі, калі жыцьцё паэта вісела на валаску. Жыцьцё на валаску вісела, а ён перажываў, што... верш запісаць не пасьпее. Верш запісаць не пасьпее — значыць, выратавальны каўчэг для мовы не дабудуе. У свой час Бог падоўжыў век Ною, які пасьля сусьветнага патопу пражыў яшчэ 350 гадоў. Падоўжыў Бог век і паэту. Каўчэгабудаўнікі мусяць жыць доўга — так выглядае з Богавых раскладак.

Ня ведаючы яшчэ і пра гэткую — выратавальніцкую — місію паэта, сёй-той часам агітуе яго эміграваць, абяцаючы на чужыне залатыя горы. Гадоў пяць таму Рыгор Барадулін атрымаў з адной з каўкаскіх рэспублік за пераклады з тамтэйшай паэзіі незвычайны ганарар — папаху, бурку і... сэртыфікат на валоданьне ладнай дзялянкай зямлі ў адным з аулаў. Шчодры ганарар. Беспрэцэндэнтны ў гісторыі беларускай літаратуры. Магчыма, нехта і паквапіўся б на тую нятанную зямлю. Але — не Барадулін. Бо за ім — Вушача, бо за ім — недабудаваны каўчэг, бо гэта ж ён сам сабе вызначыў звышмэту: «Паэт, ствары сабе Радзіму!». І ён яе створыць, калі ўлягуцца цунамі, а каўчэг ягоны прыткнецца да зямное цьвердзі.

«Anima» (у перакладзе з лаціны — душа) — дзясятая па ліку кніга Рыгора Барадуліна, выдадзеная Чырвоным касьцёлам. Яго пробашч, ксёндз-магістар Уладыслаў Завальнюк — сам паэт, аўтар летапіснай паэмы «Так хацеў Бог!», прысьвечанай фундатару касьцёлу Эдварду Вайніловічу. У сваіх казанях ксёндз — яшчэ і бліскучы прамоўца — часта цытуе вершы Барадуліна. І, падаецца, ім у Чырвоным касьцёле ўтульна, яны там прыжыліся, як тыя ластаўкі ў стрэсе ці жаўрукі ў паднябесьсі. «Сонцакрылы жаўранак каханьня», — любіць пасмакаваць ксёндз Уладыслаў выдатны барадулінскі вобраз, які сее сьвятло ў душы вернікаў не раўнуючы як касьцельны абраз. Паслухаеш, і міжволі прыгадаецца польскамоўны выраз cały w skowronkach — увесь у жаўруках. Гэтак палякі называюць нечым нечакана ашчасьліўленага чалавека. Ксёндз працытуе яшчэ і яшчэ, і ўвідочніцца, што ён — увесь у жаўруках барадулінскай паэзіі, і ўсе вернікі — у тых жаўруках. У такія хвіліны ў храме — сьвята.

З Чырвонага касьцёлу — блізкая дарога на Галоўпаштамт, дзе ў гэтыя дні самы час падпісаць сябрам калядныя паштоўкі з віншаванкамі Рыгора Барадуліна (мастачка — Вольга Бяліцкая): «Шчадрыцеся, гаспадары, / жывіце год да ста так! / Хай едзе ў вашыя двары / прыбытак і дастатак!». І сябрам няхай перападзе жаўруковага сонцакрылага сьвята, якое творыць у беларускай паэзіі Рыгор Барадулін.

Вершапраходзец і будаўнік каўчэгу.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG