Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі ня можа спаткацца з бацькам


Сёньня праваабарончы цэнтар Вясна --> http://spring96.org/be/news/48484 паведаміў, што Натальля, жонка Алеся Бяляцкага  атрымала другі па ліку адказ ад старшыні суда Першамайскага раёна Менска Тамары Высоцкай наконт магчымасьці спатканьня Бяляцкага з цяжка хворым бацькам. Адказ судзьдзі па сутнасьці нічога не мяняе.

Зыходзячы з папярэдняга адказу, Натальля ў паўторнай заяве прасіла судзьдзю пры станоўчым вырашэньні пытаньня ў дакумэнце на дазвол спатканьня, па-першае, указаць адрас месца спатканьня і, па-другое, даць указаньне адпаведным структурам пра прыняцьце неабходных захадаў для забесьпячэньня гэтага спатканьня.

На гэта спадарыня Высоцкая адказвае, што “суд Першамайскага раёна г. Менска лічыць магчымым ажыцьцявіць яго [спатканьня] прадастаўленьне, у тым ліку с канваіраваньнем абвінавачанага да месца спатканьня за межы СІЗА №8 пры ўмове арганізацыі бясьпекі падчас шляху сьледаваньня і спатканьня і неадкладнага вяртаньня да месца утрыманьня пасьля спатканьня”. На пытаньне, чым па сутнасьці гэты адказ адрозьніваецца ад папярэдняга, судзьдзя толькі заўважыла, што “і так пайшла насустрач”.

Як піша праваабарончы цэнтар Вясна, яшчэ ўчора ў жонкі Алеся Бяляцкага Наталлі была невялічкая надзея, што вырашэньне гэтага пытаньня знаходзіцца ў кампэтэнцыі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, куды разам з адвакатам яна аднесла адпаведную заяву. Аднак з Дэпартамэнту паведамілі, што паводле заканадаўства асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, маюць права на спатканьне са сваякамі ў адведзеных для гэтага памяшканьнях у месцах утрыманьня пад вартай. “Іншага парадку прадастаўленьня спатканьня асобам, у дачыненьні да якіх абвінаваўчы прысуд не ўступіў у сілу, не прадугледжана”, - падвёў рысу ў адказе на заяву спадар Працэнка, які часова выконвае абавязкі начальніка Дэпартамэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG