Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свабода слова — прылада тыранаў


Belarus - Viktar Marcinovich, journalist
Belarus - Viktar Marcinovich, journalist
Сярод спэцыялістаў старой школы ёсьць меркаваньне, што падчас узьнікненьня крызісных для аўтарытарнай улады сытуацыяў хіба не найлепшае выйсьце для яе — абмежаваць вольныя мэдыі, выкінуць з краіны замежных карэспандэнтаў ды, калі гэта магчыма, наогул адрубіць Інтэрнэт. І што гэта можа й непрыгожа, можа не зусім па-людзку, аднак эфэктыўна.

А таму практыка абмежаваньняў павінна пашырацца сярод Ірадаў нашага часу (калі тыя цікавіліся людзкасьцю?), бо ўлада — даражэйшая за імідж. Аднак ужо падзеі ў Афрыцы выявілі некаторыя хібы гэтага падыходу ў сучасным сьвеце: памятаеце, у пэўны момант падчас забурэньняў у Эгіпце Мубарак адключаў Інтэрнэт? А потым уключыў яго, і карыстальнікі эгіпэцкіх сацыяльных сетак пачалі шырока паведамляць сьвету, што адбываецца на Тахрыры. І ўсе тады думалі, што Мубарак павёў сябе як дурань, ня трэба было ўзнаўляць Інтэрнэт, мо б тады і захаваў пасаду... Другі лідэр, Муамар Кадафі, нібыта ўлічыў дурасьць Мубарака і Інтэрнэт выключыў у першыя ж часы пратэстаў. І вось цяпер, калі параўнаць гісторыю Мубарака з гісторыяй Муамара, выпадае, што стары Мубарак меў рацыю: ягоны лёс склаўся ня так трагічна, як лёс мудрага калегі.

Здаецца, global connectivity, усеагульная мэдыялізацыя, паўсюднае пранікненьне навін і практыкі іх бясконцага спажываньня стварылі новы парадак, у якім абмежаваньні свабоды слова нават у самыя страшныя часы, нават падчас страляніны па натоўпе, працуюць супраць тых, хто страляе. Крызіс у Казахстане падкінуў дастаткова эмпірычнага матэрыялу для абгрунтаваньня гэтай тэзы. Зробім некаторыя высновы.

1. Мы прызвычаіліся чытаць навіны і глядзець фота- і відэа зь месца падзеяў. Калі мы ня можам пабачыць усё ўласнымі вачыма, калі замест фотак ды справаздач незалежных карэспандэнтаў мы бачым паведамленьні, што журналістаў затрымалі, тэлефонную сувязь ды Інтэрнэт выключылі — нашае ўяўленьне пачынае маляваць сцэны значна горшыя за рэальнасьць. Калі жадаеце, мэдыялізаванае масавае ўяўленьне, застаўшыся без навінаў зь месцаў падзей, працуе па законе «вер у найгоршае». Фраза «Інтэрнэт адключылі» гучыць для сучаснага чалавека як мэтафара сусьветнай катастрофы. Нічога горшага за гэта быць ня можа.

2. Паведамленьні аб затрыманьні журналістаў «Камэрсанта», «Ленты» у Жанаэзэне самі па сабе трымалі гэтую тэму высока ў інфармацыйным парадку дня замежных мэдыяў. Калі б журналістам дазволілі працаваць у горадзе, гучаньне забастоўкі казахстанскіх нафтавікоў прынамсі ў Расеі было б не такім інтэнсіўным. Мэдыі маюць уласную лёгіку: пакрыўдзілі нашых? Ну дык мы зараз вам пакажам!

3. Скасаваньне Інтэрнэту ня вырашыла праблемы з блякаваньнем інфармацыі. Аб ахвярах усё роўна даведаліся, бо, як заўсёды ў такіх выпадках, знайшліся мэдыі, у прыватнасьці — радыё «Азаттык», офісы ды facilities якіх знаходзіліся ня толькі па-за межамі Жанаэзэну, аднак і па-за межамі Казахстану. Кантраляваць такія мэдыі немагчыма. Разам з тым, увядзеньне надзвычайнага становішча і спробы фільтраваньня інфармацыі пра страляніну прывяло да таго, што ўлада пацярпела ў інфармацыйнай вайне: ініцыятыву перахапілі такія сілы, як «Сацыялістычны супраціў Казахстану», сайт якога на даволі працяглы час зрабіўся галоўнай крыніцай ведаў аб сытуацыі ў Жанаэзэне.

4. Адным з самых яскравых адваротных эфэктаў камэнданцкай гадзіны ды перашкод у працы мэдыяў, зрабілася зьяўленьне жудасных чутак. У першыя гадзіны пасьля сутыкненьняў праваабаронцы казалі пра 40 загінулых, потым — пра 60, апошняя інфармацыя, якую распаўсюджвае ўсе той жа «Сацыялістычны супраціў» — 90 чалавек. Апошнім часам «Азаттык» — радыё, якому няма падставаў не давяраць, кажа пра 14 загінулых і гэта значна меней, чым ужо паведамілі ўсе сусьветныя сродкі масавай інфармацыі. Абмяжоўваючы журналістаў, казахстанскія ўлады і тут спрацавалі супраць уласных інтарэсаў!

5. З-за Інтэрнэт-блякады ды скасаваньня тэлефоннай сувязі чалавеку звонку наогул незразумела, што адбылося ў Жанаэзэне 16 сьнежня 2011 году. Ці то наўмысна, ці то так супала, аднак у мэдыйным пляне казахстанскія ўлады паўтараюць андыжанскую гісторыю, якая здарылася ў 2005 годзе ў Узьбекістане. Тады ў выніку сутычак з паліцыяй таксама загінула шмат людзей (выглядае так, што значна больш, чым пакуль загінула ў Казахстане). Андыжан быў абвешчаны зонай, забароненай для журналістаў. Туды не пусьцілі нікога, прыкладна з тымі самымі фармулёўкамі, зь якімі цяпер не пускаюць замежных карэспандэнтаў у Жанаэзэн (спасылаючыся на тое, што замежнікам забаронена знаходзіцца ў зоне надзвычайнага становішча, хаця ў тэксьце ўказу Назарбаева нічога пра такую забарону няма). У выніку, узьнікае ўражаньне, што ўлада страляла па людзях без усялякай падставы. Бо пратэсты нафтавікоў цягнуліся з самага траўня і ніхто з іх небясьпекі не ствараў. Аднак адкуль тады ўзяліся спаленыя будынкі, аб якіх паведамляла, у прыватнасьці, афіцыйная казахстанская «Рэспубліка»? Выглядае, што з боку дэманстрантаў правакацыі былі. Аднак адна справа — калі аб такіх правакацыях паведамляюць незалежныя мэдыі, якія выклікаюць давер, іншая — калі аб гэтым кажа казахстанская прапаганда, да якой даверу цяпер няма.

6. Кажуць, Назарбаеў блякаваў Жанаэзэн дзеля таго, каб забурэньні не перакінуліся на сталіцу, каб інфармацыя аб ахвярах ды страляніне не распаўсюдзілася на астатні Казахстан. Аднак зараз казахі даведаліся аб гэтым ужо не ад сваякоў ды сяброў з Жанаэзэна, куды патэлефанаваць немагчыма. Зараз гэтая тэма дайшла да іх праз расейскія ды міжнародныя буйныя СМІ. І выглядае, што праблемы ў Назарбаева яшчэ толькі пачынаюцца. І гэта тым больш дзіўна — з улікам файнага (у параўнаньні з беларускім) стану эканомікі краіны, прыстойнага ўзроўню жыцьця ды стабільнай дагэтуль палітычнай сытуацыі.

7. Як дэманструюць вынікі беларускай Плошчы (хаця б той факт, што ўлада працягвае кіраваць краінай вось ужо цэлы год і зь яе пэрспэктывы ўсё выглядае так, як быццам бы яна ўсё добра зрабіла), — замест блякаваньня інфармацыі больш эфэкту дае маніпуляваньне ёй. У што можа верыць выбарца, адданы Назарбаеву, пасьля 16 сьнежня 2011 году? У тое, што паліцыя зь нейкіх цьмяных прычынаў (цяпер кажуць, што быў абвешчаны плян «Гонг», у выніку якога супрацоўнікі органаў без належнага загаду атрымалі баявыя аўтаматы і патроны) расстраляла натоўп, хай сабе той і паводзіў сябе непрыгожа. У што можа верыць беларускі «правільны» выбарца пасьля 19 сьнежня 2010 году? У тое, што Някляева зьбіў Саньнікаў, кандыдаты плянавалі сілавы захоп улады, як аб тым распавялі на тэлекамэры прадстаўнікі штабоў ды нават некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты.

Эра затыканьня незалежных ратоў мінае. Наступае эра ўкладаньня ў тыя раты патрэбных уладам словаў...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG