Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залатая мумія


Belarus -- Siarhiej Dubaviec
Belarus -- Siarhiej Dubaviec
Літаратурная дыскусія Свабоды:

• Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
• Альгерд Бахарэвіч. Цёмнае мінулае Каяна Лупакі
• Рыгор Сітніца: «Нацыянальнае хунвэйбінства трэба спыняць»
• Ян Максімюк. Цёмная камора белліту
• Барыс Пятровіч: Люблю чытаць Бахарэвіча
Міхась Скобла. Купала Янка і лаянка

Пераходзіць на асобу аўтара ў публічным абмеркаваньні мастацкіх твораў – прыкмета нявыхаванасьці і кепскага тону. Тое, дзе ты жывеш і за якія сродкі, у гэтым кантэксьце такі ж аргумэнт, як у колішнім Брылёвым абразку, дзе дзьве вясковыя кабеты сварацца-сварацца, а калі ўжо словы сканчаюцца, задзіраюць спадніцы і сьвецяць адна адной голым азадкам.

Патрабаваць ад часопіса не друкаваць кагосьці, бо я яго не люблю – таксама адзнака кепскага тону, а да таго ж – таталітарнага мысьленьня, што ўласна і ёсьць хунвэйбінства.

Але гэта антураж.

Што да сутнасьці спрэчкі, дык возьмем яе «чыстую рэшту». Бахарэвіч стварыў моцны і трагічны вобраз Каяна Лупакі. Прасьцей кажучы, сказаў пра Купалу нешта новае і па-свойму. Больш у дыскусіі ніхто нічога новага ці па-свойму не сказаў.

Калі пра Купалу не казаць чагосьці новага і па-свойму, Купала памірае, а мёртвы Купала нікому нецікавы. Можна колькі заўгодна цягаць ягоную мумію па школах і колькі заўгодна крычаць, што ён жывы, але хто паверыць, калі ўсе бачаць труп?

Лупака – вобраз удалы і трапны, бо ён падымаецца над канкрэтыкай і выходзіць за межы беларускай літаратуры, становіцца ўнівэрсальным. Гэта мэтафара страчанага натхненьня, атрафаванага крэатыву, з чым сутыкаецца, мабыць, большасьць літаратараў, «жыцьцёвы шлях прайшоўшы да паловы». Муза ўжо даўно не прыходзіць, а што рабіць з заробленым сацыяльным статусам паэта, тым больш, народнага? Пачынае дакучаць інтымнае пытаньне – ці я ўжо Лупака ці яшчэ Купала?

Купалу немагчыма «зьменшыць» ніякім вобразам ці, калі заўгодна, прысудам, абразай, лаянкай, перакрэсьліваньнем. Пасьмяротнае выпрабаваньне, пра якое піша Міхась Скобла, можа быць толькі адно – выпрабаваньне забыцьцём. Купалу можна толькі забыць, страціць да яго цікавасьць. Калі ж казаць пра яго нешта новае і па-свойму (нават абсалютна няважна што), ён будзе рэальна жыць, быць патрэбным, выклікаць цікавасьць.

Ніхто ня мае на яго манаполіі і абаронцы яму непатрэбныя, яму патрэбныя крэатыўныя інтэрпрэтатары, дакладней, гэта ім яго трэба ўвесь час «будзіць». Ён дае ім на тое падставы.

Трэба моцна недаацэньваць Купалу, каб думаць, што ён «ня вытрымае» Лупакі. Купала-мумія сапраўды ня вытрымае. А, скажам, мой Купала толькі цешыцца на нябёсах, што дае натхненьне сучасным творцам на такія вобразы.

Што да нацыянальнай еднасьці і слабасьці, дык слабасьць якраз ад некрэатыўнасьці, ад заклікаў усім дудзець у адну дудку, а хто не дудзіць – той чужак. Трэба паважаць творчасьць іншага і, нават калі яна табе не падабаецца, падтрымліваць яго. Тады будзе еднасьць і сіла перад тымі пагрозамі, што ідуць звонку культуры.

Тэкст Міхася Скоблы збудаваны на хібных пасылах.

Чаму для пісьменьніка самае цяжкае выпрабаваньне – пасьмяротны поўны збор твораў? Хіба гэта ня сьведчаньне запатрабаванасьці творцы, калі нашчадкам патрэбны ўвесь ягоны сьвет? Памылкі вялікіх становяцца мэтафарамі і целам культуры гэтаксама, як і іх здабыткі.

Чаму, каму і ад каго трэба бараніць Янку Купалу? Ці хацеў бы Купала сабе такой абароны?

Чаму іншаплянэтная гідота ўжо не гідота?

Чаму радкі пра «глюгу зьвесіў» і «згніўшую калоду», напісаныя, каб выклікаць агіду, ня мусяць яе выклікаць?

Чаму параўноўваць лукашызм са сталінізмам некарэктна?

Хіба расейскія пісьменьнікі не зазіраюць у «цёмныя каморы» сваіх клясыкаў? Колькі разоў нашчадкі «перакрэсьлівалі» Дастаеўскага! І хіба ад Дастаеўскага з-за гэтага нешта адвалілася?

Чаму нельга перастаўляць склады ў псэўданіме, калі гэта мастацкі прыём?..

Словам, што ні сьцьверджаньне, то пытаньне. А галоўнае пытаньне – ці гэта спрэчка за манаполію на Купалу? Адказ – так. І вось што самае важнае. Манапалізаваць Купалу можна толькі ў выглядзе залачонай муміі. Тым часам Купала як сонца – у кожнага свой і адзін для ўсіх, яго не манапалізуеш. На што, дарэчы, ніякім чынам не прэтэндуе, бо й ня можа прэтэндаваць эсэ Бахарэвіча.

Тое, што беларусы ўсё менш ведаюць Янку Купалу, – ня добра і ня дрэнна. Гэта натуральна. Як натуральна праходзіць міма «цёмнай каморы», у якой манапалісты трымаюць сваю залачоную мумію бясконца дарагога ім паэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG