Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадры, арыентаваныя на адсутнасьць зьменаў


Паводле адмыслоўцаў, апошнія кадравыя зьмены, зробленыя кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, сьведчаць пра тое, што зьменаў у беларускай сыстэме ня будзе.

13 сьнежня Лукашэнка прызначыў міністра юстыцыі, намесьнікаў старшыні Белтэлерадыёкампаніі, пакінуў ранейшы склад Цэнтрвыбаркаму.

У старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі зьявіліся новыя намесьнікі Алена Гулевіч і Марат Маркаў. Гулевіч раней была ў Міністэрстве фінансаў начальнікам упраўленьня па Менску. А Маркаў на пасадзе намесьніка начальніка ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта апошнім часам і займаўся пытаньнямі Белтэлерадыёкампаніі. Кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі адзначыў:

«Ёсьць проста імкненьне да таго, каб Белтэлерадыёкампанія працавала лепш, каб каналы былі больш цікавымі, пазнавальнымі, інфарматыўнымі. Каб нашы гледачы больш любілі беларускае тэлебачаньне».

Лёгкі ня стаў камэнтаваць адстаўку намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі, мужа Натальлі Пяткевіч. Сам Аляксандар сёньня сказаў:

«Я іх не прызначаў і не магу іх камэнтаваць».

Адносна сваёй будучай працы ён сказаў, што «пакуль ня хоча ні пра што думаць».

Паводле шэф-рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятланы Калінкінай, Мартыненка атрымае нейкую новую пасаду.

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна
«Такія асобы, сыходзячы, атрымлівалі нейкую іншую прапанову. Тут можна згадаць таго ж Думбадзэ, якога прыбралі з эфіру, але зараз жа прызначылі на саюзнае тэлебачаньне. На мой погляд, гэта не канец ягонай кар’еры».

Камэнтуючы новыя прызначэньні ў кіраўніцтве кампаніі, Калінкіна адзначыла, што ўжо даўно ідуць размовы пра неэфэктыўнасьць беларускага тэлебачаньня, што людзі ня тое што ня вераць яму, але і ня хочуць глядзець.

«Нічога ад зьмены кадраў на тэлебачаньні ня зьменіцца. Бо ўлада павінна ўвогуле зразумець, у якім стагодзьдзі яна жыве. І што сёньняшнія людзі — гэта ня тыя, якія ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя вучыліся грамаце і імі можна было кіраваць мэтадамі Сталіна. У нас адукаваныя людзі, адукаваная краіна. А чамусьці кіраўніцтва краіны лічыць, што мэтады Сталіна, у тым ліку і ў інфармацыйнай палітыцы, могуць быць некаму цікавымі».

Дэмакратычная супольнасьць нэгатыўна ўспрыняла прызначэньне міністрам юстыцыі Алега Сьліжэўскага. На сваёй ранейшай пасадзе ён вызначыўся тым, што адмаўляўся рэгістраваць грамадзкія аб’яднаньні, адзначае праваабаронца Гары Паганяйла.

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла
«Сёньня надаецца вялікае значэньне тушэньню ўсялякай актыўнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, партый, вулічнай актыўнасьці. Магчымасьці выкарыстаньня прававых сродкаў для іх ліквідацыі і ўтрыманьня ў становішчы самацэнзуры. Ён гэту сфэру ведае добра, паказаў сябе выканаўчым чыноўнікам. Ён насамрэч служка. Ён зрабіў кар’еру ад начальніка ўпраўленьня да міністра, абмінуўшы пасаду намесьніка. Адносна малады, таму будзе трымацца за гэта крэсла зубамі, верна выслужваючы гэтую пасаду гаспадару».

Паводле палітоляга Юр’я Чавусава, «нас чакае хваля папярэджаньняў, праверак альбо нават ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, а магчыма, і палітычных партый».

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
«Гэта ўсё робіцца ў рэчышчы ўзмацненьня пэўнага сілавога блёку ў асяродзьдзі кіроўнай групоўкі. Кандыдатура Сьліжэўскага не выклікае пярэчаньня ў групы сілавікоў, якая зараз манапольна вызначае характар дзяржаўнай кадравай палітыкі. Што да прызначэньня Ярмошынай, то тут сюрпрызаў не адбылося. Відавочна, што ў сёньняшніх умовах ні пра якую лібэралізацыю гаворкі быць ня можа. Гэта яшчэ адзін паказчык, што зьменаў у беларускай сыстэме ня будзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG