Яго затрымалі на падставе сьпісаў галоўнага камандаваньня паліцыі з мэтай далейшай перадачы польскай пракуратуры.
19:50 Алесь Міхалевіч паведаміў Радыё Свабода, што яго адпусьцілі на волю. Яму зачыталі рашэньне генэральнага пракурора Польшчы пра тое, што ён мусіць быць адпушчаны.
Алесь Міхалевіч: «Міністэрства замежных спраў Польшчы купіла мне новы квіток, і празь дзьве гадзіны я вылятаю ў Лёндан».
Мне ўдакладнілі, што ў адпаведнасьці зь міжнароднай прававой дамовай зь Беларусьсю, Беларусь заявіла мяне на арышт і выдачу. Мне не сказалі, па якой справе, але здагадваюся, што гэта тая самая справа «Арганізацыя масавых беспарадкаў».
Радыё Свабода: «А як далей? Вас цяпер у кожным аэрпорце будуць затрымліваць?»
Алесь Міхалевіч: «Напэўна, так. Але ў Польшчы ўжо дакладна болей затрымліваць ня будуць. Я атрымаў афіцыйнае прабачэньне ад польскай дзяржавы ў асобе намесьнікі міністра замежных спраў Кшыштафа Станоўскага. І ён мяне запэўніў, што ў Польшчы мяне болей затрымліваць ня будуць».
Пасьля візыту ў Лёндан Алесь Міхалевіч мае намер вярнуцца ў Варшаву.
17:50 Алесь Міхалевіч па-ранейшаму знаходзіцца на тэрыторыі памежнага кантролю ў Варшаўскім аэрпорце, аднак яго пашпарт ужо перададзены ў паліцыю. У аэрапорт прыбыў намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Кшыштаф Станоўскі і вядзе размову з камэндатурай паліцыі.
16:58 Прэс-сакратар камэнданта Галоўнай Паліцыі паведаміў, што паліцэйская служба Варшаўскага аэрпорта нічога не паведамляла пра затрыманьне сёньня беларускіх грамадзянаў.
У Вялікабрытаніі ў Міхалевіча былі заплянаваныя сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў і брытанскім парлямэнце. Плянаваны візыт арганізаваны Міністэрствам замежных справаў Вялікай Брытаніі.
Радыё Свабода зьвялася з Алесем Міхалевічам па тэлефоне:
«Так, мяне затрымалі, калі я праходзіў памежны кантроль. Сказалі, што мяне расшуквае галоўны камэндант польскай паліцыі. Пакуль я знаходжуся ў аэрпорце, яны вырашаюць, ці сапраўды я ім патрэбны і ці буду я арыштаваны. Па якой справе я затрыманы, мне не сказалі, бо ў памежнай службы няма такіх зьвестак. Думаю, што гэта зьвязана з запытам Беларусі. Мяне спрабавалі завесьці ў камэру, але я адмовіўся, проста знаходжуся на памежным кантролі. На рэйс я спазьніўся».
У Беларусі Алесь Міхалевіч абвінавачваецца па справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Ён быў затрыманы 20 сьнежня летась, адпушаны пад падпіску аб нявыезьде са сьледчага ізалятару КДБ 19 лютага.
28 лютага 2011 году Алесь Міхалевіч падчас прэсавай канферэнцыі заявіў пра катаваньні, якія яму давялося перажыць у турме, а таксама паведаміў, што падпісаў згоду пра супрацоўніцтва з Камітэтам Дзяржбясьпекі.
У сакавіку Міхалевіч таемна выехаў зь Беларусі і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
Праская пракуратура ў траўні паведаміла Міхалевічу, што Генэральная пракуратура РБ абвясьціла яго ў міжнародны росшук па лініі Інтэрполу і патрабуе ягонай экстрадыцыі
Гарадзскі суд Прагі 13 кастрычніка прыняў рашэньне адмовіць у экстрадыцыі Алеся Міхалевіча ў Беларусь, паколькі ў Беларусі няма гарантый правядзеньня над ім справядлівага суду.