Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі мэтад барацьбы з расейскімі дэмакратамі


Вынікам акцый пратэсту ў Маскве і Санкт-Пецярбургу супраць фальсыфікацыі выбараў у Дзяржаўную думу Расейскай Фэдэрацыі стала блізу паўтысячы затрыманых. На многіх складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Назіральнікі адзначаюць усё большае падабенства палітычнай сытуацыі ў Расеі і Беларусі.

На заклік аб’яднанага дэмакратычнага руху «Салідарнасьць» у цэнтры Масквы сабраліся, паводле розных ацэнак, да 10 тысяч чалавек. Арганізатары дазволенага мітынгу ў сваіх прамовах казалі пра шматлікія факты падтасоўкі на карысьць праўладнай партыі «Адзіная Расея», што не дае падставаў прызнаваць іх законнымі. Фрагмэнт выступу аднаго зь лідэраў «Салідарнасьці» Барыса Нямцова:

Барыс Нямцоў
Барыс Нямцоў
«За нас з вамі ім прыпісвалі мільёны галасоў. Усяго ім прыпісалі сама меней 13 мільёнаў нашых галасоў. Хто яны пасьля гэтага? Гэта сапраўдныя злодзеі, сапраўдныя жулікі. Яны думаюць, што мы нічога ня бачым. Але мы бачым усё. Расея — бяз Пуціна, бяз гэтых падонкаў, бяз гэтых нягоднікаў, бяз гэтых падлюкаў. Ганьба ім! Расея — бяз Пуціна!».

Паліцыя не чыніла перашкодаў удзельнікам мітынгу на Чыстапрудным бульвары, але калі натоўп рушыў патрабаваць справядлівасьці да будынку Цэнтрвыбаркаму, пачаліся масавыя затрыманьні. Праваабаронцы заяўляюць пра тры сотні арыштаваных, многія зь якіх дагэтуль застаюцца ў паліцэйскіх аддзяленьнях. Сярод іх — актывісты «Салідарнасьці» Аляксей Навальны і Ільля Яшын, лідэр «Другой Расеі» Эдуард Лімонаў ды іншыя. На многіх складзеныя пратаколы за непадпарадкаваньне супрацоўнікам паліцыі. Больш чым пра 150 затрыманых кажуць у Санкт-Пецярбургу.

Незалежны палітык, экс-дэпутат расейскай Дзярждумы Ўладзімер Рыжкоў у інтэрвію «Свабодзе» выказаў меркаваньне, што падзеі ў Расеі шмат у чым разьвіваюцца па сцэнары, адпрацаваным уладамі Беларусі:

Уладзімер Рыжкоў
Уладзімер Рыжкоў
«Ва ўсіх аўтарытарных рэжымаў, уключна з рэжымамі Лукашэнкі і Пуціна, адна і тая ж праблема. Калі яны прыходзяць да ўлады, яны легітымныя — і Лукашэнка, і Пуцін у свой час, першы раз перамаглі на больш ці менш дэмакратычных выбарах. Але потым, з гадамі, яны пачынаюць зьнішчаць дэмакратычныя выбары, дэмакратычныя свабоды, палітычную канкурэнцыю, свабоду слова, і іх рэжымы з кожным годам страчваюць легітымнасьць. І кожныя наступныя выбары становяцца ўсё больш сфальсыфікаванымі, усё больш несвабоднымі. Рэжым усё больш і больш з кожным годам пачынае абапірацца не на падтрымку народа, а на штыкі, на страх, на падаўленьне і на прапаганду. І ў гэтым сэнсе тое, што праходзіць Беларусь, пачынае сёньня праходзіць Расея».

Расейскія агенцтвы паведамляюць, што ў цэнтар Масквы сьцягваюцца падразьдзяленьні ўнутраных войскаў. Прадстаўнікі сілавых структураў запэўніваюць, што робіцца гэта дзеля арганізацыі бясьпекі грамадзянаў на выпадак новых акцыяў апазыцыі. Грамадзкі актывіст, сябра палітрады руху «Салідарнасьць» Алег Казлоўскі кажа, што і тут сытуацыя паўтарае беларускую — падчас значных палітычных падзеяў і ў Менску, і ў Маскве ўлады дэманструюць апанэнтам не жаданьне перамоваў, а выключна сілу. Тым ня меней, з уласнага досьведу Казлоўскі лічыць, што расейскія сілавікі, адрозна ад беларускіх, наўрад ці пойдуць супраць народа:

«Так, быў досьвед. І на Акрэсьціна я сядзеў 15 сутак, і затрымлівалі мяне ня раз. І магу сказаць, што па некаторых парамэтрах беларуская міліцыя
беларускія міліцыянты досыць шчыра вераць, што трэба вось так жорстка перасьледаваць людзей, якія папросту трымаюцца іншага пункту гледжаньня ...

працуе больш прафэсійна, калі так можна казаць, чым расейская. То бок, у расейскай куды больш расхлябанасьці — часам гэта нават добра, але часам і дрэнна. У той жа час бачна, што беларускія міліцыянты, прынамсі, з кім мне давялося кантактаваць, досыць шчыра вераць, што трэба вось так жорстка перасьледаваць людзей, якія папросту трымаюцца іншага пункту гледжаньня і якія проста не падтрымліваюць уладу. Расейская паліцыя ўсё ж сама дрэнна ставіцца да расейскіх уладаў, да дзяржавы і выконвае гэтыя карныя функцыі з-пад палкі. Што да беларускай міліцыі, то такое адчуваньне, што многім гэта проста дастаўляе задавальненьне, альбо яны вераць, што гэта правільна».

Пакуль што апазыцыйныя выступы ў суседніх краінах маюць досыць шмат адрозьненьняў. Крымінальныя справы з працяглымі тэрмінамі зьняволеньня за палітычную актыўнасьць — зьява для Расеі, у адрозьненьне ад Беларусі, рэдкая. Дый апанэнты тандэму маюць магчымасьць выказваць думкі пад рэальнымі лёзунгамі, з абсталяваных сцэнаў і праз якасную гукаўзмацняльную апаратуру. Выступоўцаў не цягаюць па судах за абразу ўлады ці прэзыдэнта, хоць у Беларусі за аналягічныя выказваньні пагражаў бы канкрэтны тэрмін. Урывак з выступу на Чыстапрудным бульвары 5 сьнежня грамадзкага дзеяча, пісьменьніка-сатырыка Віктара Шандаровіча:

Віктар Шандаровіч
Віктар Шандаровіч
«Давайце сёньня запатрабуем абсалютна простых рэчаў, якія нам вельмі дапамогуць вясной. Усе людзі, якія ўдзельнічалі ў спробе захопу ўлады, усе людзі, якія ўчынялі ўчорашнія фальсыфікацыі, усе гэтыя маленькія пуціны, якія пісалі іншыя лічбы, усе міліцыянты, якія выкручвалі рукі, усе загадкавыя асобы, якія выкрадалі людзей у дзень выбараў, — усе яны павінныя панесьці пакараньне. Усе яны павінныя ведаць, што за свае ўчынкі трэба адказваць і ні на якога Пуціна ім ня ўдасца сьпісаць сваю подласьць і сваё парушэньне закону. Мы павінна запатрабаваць аддаць іх пад суд (скандзіраваньне ў натоўпе: „Пад суд!“, „Пад суд!“ — РС). І зусім простая думка пры канцы: Расея — гэта мы! (удзельнікі мітынгу: „Расея — гэта мы! Расея — гэта мы!“, — РС)».

Расейскія дэмакраты кажуць, што падобнай грамадзкай актыўнасьці ў Расеі не назіралася ад сярэдзіны 1990-х, а апошні масавы мітынг у той жа Маскве адбыўся 10 гадоў таму, калі людзі выступілі на абарону тэлеканалу НТВ. Прагназаваць, ці надоўга хопіць імпэту патрабаваць палітычных зьменаў, палітолягі не бяруцца. Але пры гэтым адным са складнікаў посьпеху апазыцыі называецца пераадоленьне страху — нешта атрымаецца, калі людзі ня будуць ад пачатку сябе настройваць на рэпрэсіі з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG