Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін, сыходзь сам!». Масавыя затрыманьні ў Маскве і Пецярбургу


Яўгенія Чырыкава выступае на мітынгу
Яўгенія Чырыкава выступае на мітынгу
Акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў у дзярждуму Расеі сабралі тысячы ўдзельнікаў. Мітынг на Чыстых прудах у Маскве, ініцыяваны рухам «Салідарнасьць», сабраў некалькі тысяч чалавек. Карэспандэнты Радыё Свабода, якія прысутнічалі на акцыі, сьцьвярджаюць, што колькасьць мітынгоўцаў склала 7-8 тысяч чалавек. Калі дэманстранты рушылі да ЦВК, пачаліся масавыя затрыманьні.

У Маскве, паводле зьвестак упраўленьня сталічнай паліцыі, больш за трыста чалавек затрыманыя. Як паведамляе ІТАР-ТАСС, усе затрыманыя дастаўленыя ў аддзяленьне паліцыі, дзе разглядаецца пытаньне аб іх прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці.

У Пецярбургу прыхільнікі апазыцыі таксама правялі акцыі пратэсту супраць парушэньняў на выбарах у Дзярждуму. Каля 150 чалавек затрыманыя.



Арганізатары дазволенага ў Маскве на Чыстых прудах мітынгу заяўлялі, што выбары ў Дзярждуму суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі, і яны ня хочуць прызнаваць вынікі такога галасаваньня.

Мітынг праходзіў пад лёзунгамі: «Гэтыя выбары – фарс», «Вернем ўладу народу», «Не фальсыфікацыі выбараў».

Больш падрабязна пра мэты гэтай акцыі раней распавёў Радыё Свабода адзін зь лідэраў руху «Салідарнасць» Ільля Яшын:

-- Мэта вельмі простая: выказаць пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў і ліквідацыі інстытуту выбараў у нашай краіне. Ужо зразумела, што гэта ніякія ня выбары, што гэта працэдура галасаваньня з загадзя перадвызначаным вынікам.

Карэспандэнты Радыё Свабода перадаюць: сярод выступоўцаў на мітынгу былі Віктар Шэндэровіч, Барыс Нямцоў, Дзьмітры Быкаў, Арцёмі Троіцкі, Яўгенія Чырыкава, Уладзімер Рыжкоў, Аляксей Навальны і іншыя.



Удзельнікаў акцыі было так шмат, што яны не зьмясьціліся на плошчы, і былі вымушаныя заняць праезную частку – рух па бульварах практычна быў спынены. Выступоўцы казалі, што гэтыя выбары – толькі пачатак пераменаў, наперадзе – прэзыдэнцкая кампанія. Мітынг адказваў на гэтыя словы скандаваньнем лёзунгу «Пуцін, сыходзь сам!».



Пасьля заканчэння мітынгу прагучаў заклік рушыць на Лубянку, да Цэнтарвыбаркаму. АМАП перагарадзіў Мясьніцкую вуліцу. Пачаліся масавыя затрыманьні.

Карэспандэнт Радыё Свабода паведамляе, што на Лубянцы была вялікая колькасьць АМАПу, а таксама салдатаў унутраных войскаў, ня менш як 7 аўтобусаў чакалі ўдзельнікаў акцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG