Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інтэграцыйная тэма будзе падтрымлівацца любымі палітычнымі сіламі Расеі»


Зьезд "Адзінай Расеі"
Зьезд "Адзінай Расеі"
Ці можа аслабленьне «Адзінай Расеі» ўзмацніць пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі ў палітычнай гульні з Крамлём? Ці не паспрабуе цяпер беларускі кіраўнік яшчэ даражэй прадаць сваю падтрымку Ўладзімеру Пуціну на будучых прэзыдэнцкіх выбарах? Ці можна паводле вынікаў парлямэнцкіх выбараў меркаваць пра цяперашняе стаўленьне расейскіх выбаршчыкаў да інтэграцыйнай тэматыкі?

На гэтыя пытаньні адказваюць — Зь Менску кандыдат філязофскіх навук Уладзімер Падгол, з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных стасункаў Кірыл Коктыш.

Цыганкоў: Ці можна лічыць, што непераканаўчыя вынікі «Адзінай Расеі» будуць «на руку» Аляксандру Лукашэнку? На фоне аслабленьня партыі ўлады можна дапусьціць, што вага кіраўніка Беларусі ў беларуска-расейскіх адносінах цяпер падвышаецца. Тым больш на фоне надыходзячых прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі ці не ўзрастае важнасьць падтрымкі Ўладзімера Пуціна з боку Аляксандра Лукашэнкі?

Галасавалі абы за каго, толькі б не за «Адзіную Расею
Коктыш: Мне здаецца, што такія мары Лукашэнкі будуць марнымі. «Адзіная Расея» не выконвае грамадзкі запыт на мадэрнізацыю, інавацыі — тое, што раней так ці інакш атаясамлівалася зь Мядзьведзевым, а зараз — ні з кім. Лукашэнка на гэтую нішу прэтэндаваць, вядома, ня можа. Можна сказаць, што ягоныя хаўрусьнікі ў Расеі слабеюць, але тыя, хто ім супрацьстаіць, зусім не на баку Лукашэнкі. Так што сытуацыя, мякка кажучы, ня вызначаная, але наўрад ці Менск можа разыграць яе на сваю карысьць.

Цыганкоў: Можа быць вы, Кірыл, надта аптымістычна кажаце пра расейскі электарат? Дзе гэты запыт на мадэрнізацыю, куды ён падзеўся на выбарах? За «Яблоко» і «Правое дело» галасавалі некалькі працэнтаў...

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
Коктыш: Дэмакратычныя партыі не прапанавалі нічога вартага. Гэта было пратэставае галасаваньне, галасавалі абы за каго, абы не за «Адзіную Расею». Гэтая кампанія была разьвязаная блогерам Навальным, ягонай антыкарупцыйнай барацьбой, якая атрымала вельмі добры размах, і супала ў рэзананс з тым запытам, якія даўно існуе ў рэгіёнах. Паколькі галасаваньня «супраць усіх» у Расеі не існуе, то галасавалі абы за каго, толькі б не за «Адзіную Расею».

Цыганкоў: Уладзімер, а як вы лічыце, які аспэкт аслабленьня «Адзінай Расеі» можа паўплываць на беларуска-расейскія дачыненьні?

Падгол: Ніякі. Ніякія вынікі расейскіх парлямэнцкіх выбараў ніякім чынам не ўплываюць на сытуацыю ў Беларусі.

Цыганкоў: Ці не паспрабуе цяпер беларускі кіраўнік яшчэ даражэй прадаць сваю падтрымку Ўладзімеру Пуціну на будучых прэзыдэнцкіх выбарах? Ці яна, па-вашаму, таксама ня мае ніякага значэньня?

Падгол: Імкнуцца да гэтага Лукашэнка будзе. Але гэта падтрымка будзе сытуацыйнай, кшталту таго, як напярэдадні падпісаньня Эўразійскага саюзу Лукашэнка рассыпаўся вулканам камплімэнтаў на адрас Пуціна за ягоныя прыярытэты і аўтарства гэтай мадэлі. Але ўрэшце апынулася, што аўтар гэтага — Назарбаеў, і самі расейскія лідэры аддалі яму належнае.

Таму Лукашэнка будзе імкнуцца ставіць свой спэктакль, але я ня думаю, што расейскія выбарнікі паставяцца да яго сур’ёзна.

Цыганкоў: Ці можна паводле вынікаў парлямэнцкіх выбараў меркаваць пра цяперашняе стаўленьне расейскіх выбаршчыкаў да інтэграцыйнай тэматыкі? Ці гэтая тэму зусім сыходзіць з парадку дня ці вялікія працэнты, якія атрымала КПРФ ці ЛДПР, гавораць усім пра іншае?

Любыя палітычныя сілы ў Расеі будуць падтрымліваць Эўразійскі праект, бо гэта жывыя грошы
Коктыш: Інтэграцыйная тэма застаецца цікавай, найперш эканамічна. Разьлік тут вельмі просты — таваразварот паміж Азіяй і Эўропай каля трыльёну даляраў. Галоўны шлях пралягае праз акіян. Калі атрымаецца Эўразійскі зьвяз, то ён будзе дастаўляць тавары з Кітаю да Эўропы за 10-12 дзён, удвая карацей, чым праз акіян, і значна таньней.

Так што мне здаецца, што падчас крызысу любыя палітычныя сілы ў Расеі будуць падтрымліваць Эўразійскі праект, бо гэта жывыя грошы. Таксама мне здаецца, што гэты праект будзе цікавіць і Казахстан і Беларусь, хто б там ні стаяў каля ўлады. Сёньня Эўразійскі Зьвяз апынуўся па-над палітыкай. Таму што бы не адбылося ў Расеі, гэта інтэграцыйная тэма будзе падтрымлівацца любымі палітычнымі сіламі,і я тут ня бачу ніводнага выключэньня.

Імпэрскі сындром расейцаў — гэта на доўгія гады
Цыганкоў: А як масавы расейскі выбарнік ставіцца да інтэграцыйнай тэмы? Ці зьмянілася тут што-небудзь за апошнія гады, што было б пацьверджанае вынікамі гэтых выбараў?

Падгол: Імпэрскі сындром расейцаў — гэта на доўгія гады. Гэта чыньнік добрага псыхалягічнага самаадчуваньня расейца, калі нехта далучаецца, ці можа далучыцца, ці проста нехта кажа пра далучэньне.

Гэта як, калі адрэзалі руку і яна сьвярбіць. Тут і раны яшчэ не загаіліся, прыходзіць «доктар» і кажа — ды мы гэтую Беларусь назад табе прышыем. Большасьці расейскага электарату, які выхоўваецца на імпэрскіх падручнікаў, ідэалягемах, зь дзяцінства прышчэпліваецца ідэя «вялікай Расеі». Яна гучыць у розных формах, мадыфікацыях, але гэта працуе.

Коктыш: Імпэрскага запыту ў Расеі ўжо гадоў 10 як няма. Ёсьць наадварот — даволі моцны запыт на ізаляцыянізм. І менавіта яго мы ўчора назіралі. Бо большасьць расейцаў вельмі незадаволеныя Паўднёвай Асэтыяй, незадаволеныя тымі вялікімі грашыма, якія Пуцін падараваў Лукашэнку. Так што наадварот ёсьць жаданьне пакуль разабрацца са сваім, і толькі пасьля гэтага можна будзе назіраць нейкую трансфармацыю Расеі і нейкую ідэалёгію. Бо сёньня казаць пра тое, што ў Расеі ёсьць нейкая ідэалёгія — гэта супярэчыць відавочнасьці.

Падгол: Я прафэсійна кожны дзень гляджу тэлебачаньне. Дастаткова ўключыць любыя расейскія асноўныя тэлеканалы, а адразу ўбачыце, як імпэрскасьць вылазіць падчас любых дыскусіяў, форумаў, з вуснаў ад акадэмікаў да даярак.

Коктыш: Гэта ўсё роўна, што рабіць высновы пра Беларусь па перадачах БТ.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG