Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавая капітуляцыя Лукашэнкі


Сёньня ў Маскве ў рамках паседжаньня Вышэйшага дзяржаўнага савету так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі быў падпісаны пакет газавых дамоваў, згодна зь якім Беларусь прадала Расеі магістральныя газаправоды «Белтрансгаз» і атрымала «інтэграцыйную» зьніжку на цану газу на будучы год.

Адкрываючы пасяджэньне Вышэйшага дзяржаўнага савету, Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што яшчэ тры месяцы таму ён дамовіўся зь Мядзьведзевым, што яны ня будуць «гробіць» праект Саюзнай дзяржавы, якая зьяўляецца ня толькі эканамічным, але і «вайскова-палітычным» утварэньнем.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падтрымаў Лукашэнку, заявіўшы, што «Саюзная дзяржава свайго патэнцыялу ня вычарпала», а сёлета «набыла новае дыханьне», стала дзейнічаць больш дынамічна і зьмястоўна, хоць летась многія думалі, што яны выдыхнулася. «І я скажу шчыра: Расейская Фэдэрацыя гэтаму рада».

Паводле падпісаных сёньня дамоваў, у 1-м квартале 2012-га цана на газ для Беларусі складзе 165,6 даляра за тысячу кубамэтраў. Гэта амаль удвая меней, чым Беларусь павінна плаціць у 4-м квартале 2011 году. Пры гэтым «Газпром» набывае ўсе 100% акцыяў «Белтрансгазу».

«Гэта вялікае пытаньне, якое ўрэгулюе нашы адносіны зь Беларусьсю на гады наперад і дасьць магчымасьць забясьпечыць безумоўны транзыт празь беларускую тэрыторыю нашых энэрганосьбітаў спажыўцам у Заходняй Эўропе, — заявіў з гэтай нагоды Ўладзімер Пуцін. — Беларусь атрымае так званую інтэграцыйную зьніжку і на працягу некалькіх гадоў выйдзе на роўнадаходныя цэны, да 2014 году».

Як патлумачыў «Свабодзе» менскі эканаміст Сяргей Чалы, «роўнадаходныя цэны» азначаюць кошты на газ, прывязаныя да нейкага расейскага рэгіёну, у нашым выпадку — Ямала-Ненецкай акругі. Тут няма асаблівага альтруізму з расейскага боку:
Гэта, па вялікім рахунку, тое, што Расея нам была абавязаная яшчэ з пачатку працы Мытнага саюзу

«Гэта, па вялікім рахунку, тое, што Расея нам была абавязаная яшчэ з пачатку працы Мытнага саюзу, а потым адклала да часу Адзінай эканамічнай прасторы, а потым нам для гэтага давялося падпісаць дэклярацыю аб эўразійскай інтэграцыі… Ласкі нам Расея ня робіць, гэта тое, дзеля чаго мы ўва ўсе гэтыя саюзы ўступалі. Закон адзінай цаны павінен працаваць, проста Расея на гэта доўгі час не ішла, а цяпер яна гэта выдае як нейкую дабрачыннасьць».

Звычайным беларускім спажыўцам ня варта разьлічваць, што газ стане таньнейшы. Паводле падлікаў Сяргея Чалага, у сувязі зь міжурадавай дамоўленасьцю аб норме рэнтабэльнасьці «Белтрангаза», газ для іх падаражэе прыкладна ўдвая: сёлета насельніцтва плаціць па 110 даляраў за тысячу кубамэтраў, а ў наступным годзе будзе каля 200. Дзяржава ж на новых коштах газу будзе эканоміць каля 3 мільярдаў даляраў, плюс атрымае 2,5 мільярда за «Белтрангаз». Гэта падтрымае эканоміку і ўладу Лукашэнкі ва ўмовах крызісу, прызнаў спадар Чалы.

Тое ж, што «Белтрансгаз» прададзены Расеі, яго насьцярожвае, бо не было яшчэ прыкладаў, каб «Газпром» цалкам валодаў газавай структурай у нейкай краіне.

Былы супрацоўнік «Белтрансгаза» Алесь Мех продаж гэтай кампаніі Расеі называе пагрозай незалежнасьці Беларусі:
Трэба гэтых чыноўнікаў папярэдзіць, што гэтае іх рашэньне незаконнае і антыбеларускае

«Расея набыла стратэгічнае прадпрыемства Беларусі, ключ да ўсёй эканомікі. Тут ужо ня ціск Масквы, гэта калі дзяржаву бяруць за горла… Трэба гэтых чыноўнікаў папярэдзіць, што гэтае іх рашэньне незаконнае і антыбеларускае».

Алесь Мех перакананы, што ўрэшце рэшт за газ давядзецца плаціць рынкавую цану.

Аналітык у галіне энэргетыкі Тацьцяна Манёнак мяркуе, што пераход Беларусі на так званыя роўнадаходныя з Расеяй цэны на газ напэўна будзе адкладзены пазьней, чым на 2014 год, як абяцае Пуцін. Пытаньне ў тым, якія гарантыі тут атрымае Менск. Але на гэты момант Беларусь мае ад Расеі значныя эканамічныя прэфэрэнцыі, кажа спадарыня Манёнак:

«Я думаю, што гэта плата, якую Расейская Фэдэрацыя плаціць Беларусі за ўсе падпісаныя ёю інтэграцыйныя праекты. А яшчэ гэта такі намёк Украіне: паглядзіце, калі вы ўступіце ў нашыя інтэграцыйныя аб’яднаньні, то таксама атрымаеце такі істотны бонус».

Апрача газавага, сёньня было падпісанае і атамнае пагадненьне — Расея абавязалася выдаць Беларусі 10 мільярдаў даляраў крэдыту на будаўніцтва АЭС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG