Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шымашус і Ажубаліс пра прысуд Бяляцкаму


Рэмігіюс Шымашус
Рэмігіюс Шымашус
«Ніякіх палітычных кантактаў, ніякіх прававых дамоваў, абменаў дэлегацыямі ці нечага падобнага», – так адрэагаваў на прысуд Бяляцкаму міністар юстыцыі Лівы Рэмігіюс Шымашус.

Камэнтуючы агенцтву BNS суд над Алесем Бяляцкім, ён паведаміў:

«Адказваючы каротка, прысуд ацэньваю дрэнна. І сапраўды, як яшчэ можна ацэньваць прысуд, у якім шмат чаго сьведчыць пра тое, што гэта працэс на палітычную замову, а не юрыдычная працэдура. Зьвесткі, атрыманыя ад Літвы, былі адкліканыя і, на нашу думку, ніхто ня меў права выкарыстоўваць іх у працэсе, а тым часам яны выкарыстоўваліся. Сёньняшні прысуд можа і ня быў нечаканым, аднак нельга схаваць расчараваньня. Палітычных працэсаў ні ў Літве, ні ў суседніх краінах быць не павінна».

Паводле Шымашуса, пасьля выпадку зь Бяляцкім зроблена ўсё, каб такія сытуацыі не паўтарыліся. Міністар зазначыў, што прававое супрацоўніцтва зь Беларусьсю адбываецца толькі на практычным узроўні, каб у людзей не ўзьнікалі «праблемы, скажам, пры атрыманьні спадчыны ад родных у Беларусі або каб не заставаліся няўлоўнымі гандляры наркотыкамі або людзьмі».

«Ніякіх палітычных кантактаў, – запэўніў міністар, – ніякіх прававых дамоваў, абменаў дэлегацыямі ці нечага падобнага ўжо нейкі час няма і не плянуецца».

Паводле міністра замежных справаў Літвы Аўдронюса Ажубаліса, які цяпер выконвае абавязкі старшыні АБСЭ, прысуд сьведчыць аб тым, што беларускі рэжым канчаткова адвярнуўся ад Захаду. Міністар таксама паведаміў, што Літва будзе прапанаваць кандыдатуру Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру.

Ён выказаў шкадаваньне, што перададзеныя Літвой зьвесткі, якія выкарыстала правасудзьдзе РБ, былі выкарыстаныя для «выкананьня благіх справаў», аднак дадаў, што, на ягоную думку, беларускі народ будзе натхняцца новым сымбалем свабоды.

«Мне шкада, што перададзеная Літвой інфармацыя была выкарыстаная для благіх справаў, аднак я перакананы, што прозьвішча Бяляцкага ў найбліжэйшай будучыні стане такім самым сымбалем свабоды і дэмакратыі, як імя бірманскай змагаркі Аўн Сан Су Чы, паўднёваафрыканца Нэльсана Мандэлы, расейца Андрэя Сахарава. А з такімі сымбалямі, як паказвае практыка і гістарычны досьвед, для рэжымаў змагацца амаль безнайдзейна», – заявіў Ажубаліс.

«Натхнёныя такімі сымбалямі народы раней ці пазьней выйграюць гэтую бітву за свабоду. З другога боку, мы паводле магчымасьцяў падтрымлівалі і ягоных блізкіх і, вядома, запрапануем ягоную кандыдатуру на Нобэлеўскую прэмію міру» – дадаў міністар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG