Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя праваабаронцы заклікаюць выключыць Беларусь з АБСЭ


Валянцін Стэфановіч, Аляксандра Кулаева, Алег Арлоў (Мэмарыял), Вольна Саламатава (Хельсынскі фонд па правах чалавека, Варшава)
Валянцін Стэфановіч, Аляксандра Кулаева, Алег Арлоў (Мэмарыял), Вольна Саламатава (Хельсынскі фонд па правах чалавека, Варшава)
Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый ахарактарызавалі прысуд, вынесены кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму, як жорсткі, незаконны і палітычна матываваны. Пра гэта яны заявілі неўзабаве пасьля завяршэньня працэсу над Алесем Бяляцкім.

Прадстаўнікі шэрагу міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку з Украіны, Польшчы і Расеі, назіралі за ходам працэсу над Алесем Бяляцкім ад самага пачатку. Зробленыя высновы яны агучылі па яго завяршэньні. У прыватнасьці, кіраўнік аддзелу Ўсходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Аляксандра Кулаева заявіла:

Аляксандра Кулаева
Аляксандра Кулаева
«Ягоны прыгавор — гэта палітычная помста і расправа, якая ставіць на мэце прымусіць замаўчаць усе праваабарончыя галасы ў Беларусі. Гэта прыгавор ня толькі Алесю, але і ўсім праваабарончым арганізацыям у Беларусі».

Старшыня праўленьня Праваабарончага цэнтру «Мэмарыял», назіральнік місіі назіраньня Абсэрваторыі па абароне правоў праваабаронцаў Алег Арлоў зьвярнуў асаблівую ўвагу на недаказанасьць абвінавачаньня ў судзе, а таксама на яго палітычную матываванасьць:

«Усе спробы ўладаў схаваць палітычны працэс над Бяляцкім пад выглядам эканамічнага злачынства цалкам праваліліся. А нарматыўная база ў Беларусі створаная такім чынам, што праваабарончым арганізацыям працаваць немагчыма».

Міжнародныя праваабаронцы таксама зьвярнулі ўвагу на шматлікія парушэньні сваіх правоў падчас суду, а менавіта — на пільны асабісты догляд невядомымі людзьмі падчас праходжаньня ў залю паседжаньняў, пра забарону надзяваць майкі з выявай Алеся Бяляцкага і яшчэ шмат якія. У выніку прадстаўніца Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Аляксандра Матвейчук заявіла пра ініцыятыву пазбавіць Беларусь сяброўства ў АБСЭ:

«Мы заклікаем ініцыяваць працэс па выключэньні Беларусі з арганізацыі АБСЭ. Цяпер гэта ці не адзіная магчымасьць ціску на рэпрэсіўныя ўлады Беларусі».
Мы заклікаем ініцыяваць працэс па выключэньні Беларусі з арганізацыі АБСЭ. Цяпер гэта ці не адзіная магчымасьць ціску на рэпрэсіўныя ўлады Беларусі

Намесьнік Алеся Бяляцкага ў праваабарончым цэнтры «Вясна» Валянцін Стэфановіч на заканчэньне падкрэсьліў пазыцыю беларускіх праваабаронцаў:

«Мы ацэньваем гэты прысуд як жорсткі, незаконны і палітычна матываваны, зьвязаны з праваабарончай дзейнасьцю Бяляцкага і цэнтру „Вясна“. Я б сказаў, што прысуд Бяляцкаму — гэта пік палітыкі дзяржавы адносна „Вясны“, што мы назіралі цягам некалькіх гадоў».

Удзел у прэсавай канфэрэнцыі ўзяла таксама прадстаўніца міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Юлія Гарбунова, якая, у прыватнасьці, адзначыла:

«Працэс над Алесем Бяляцкім і вынесены яму прысуд Human Rights Watch разглядае як вынік прававой пасткі. На нашу думку, улада Беларусі доўгі час стварала ўмовы для таго, каб зрабіць працу праваабарончых і грамадзкіх арганізацый вельмі складанай і нават немагчымай. Улады зрабілі ўсё, каб выштурхнуць гэтыя арганізацыі з прававога поля, а пасьля скарыстаць дзейнае заканадаўства, каб прыцягнуць іх прадстаўнікоў да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» распаўсюдзіў заяву, у якой паведаміў, што будзе працягваць змагацца за вызваленьне Алеся Бяляцкага і ўсіх 14 палітвязьняў, а таксама працягне сваю праваабарончую дзейнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG