Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка разьлічвае на падтрымку Ватыкану


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка
Ад каталіцкай царквы і асабіста ад папы Бэнэдыкта XVI мы чакаем большага ў абароне нашых інтарэсаў, асабліва на Захадзе.

Пра гэта кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў 14 лістапада ў Менску падчас сустрэчы са старшынёй Папскай рады па садзейнічаньні хрысьціянскаму адзінству Куртам Кохам і мітрапалітам Менскім і Слуцкім, патрыяршым экзархам усяе Беларусі Філарэтам.

"Мы не прымаем той палітыкі, якая цяпер праводзіцца эўрапейцамі адносна Беларусі. Гэта ненармальна. Таму мы б чакалі больш актыўнай пазыцыі ў гэтым кірунку ад каталіцкай царквы. Усё-ткі ў гэтым несправядлівым, бяздонным сьвеце самым справядлівым сусветным органам зьяўляецца Царква. Хацелася б, каб Царква сказала ў абарону справядлівасьці", — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі нагадаў аб сваёй сустрэчы ў 2009 годзе з папам рымскім. Ён адзначыў, што на яго гэтая сустрэча зрабіла "вельмі моцнае ўражаньне".

"Я ўдзячны за тую падтрымку, якую аказвае нам каталіцкая царква, у тым ліку на міжнароднай арэне. Усё, што я абяцаў тады, мы выканалі", — заявіў Лукашэнка, перадае Інтэрфакс.

Кіраўнік Беларусі адзначыў мірнае існаваньне ўсіх канфэсій у краіне.

"Зь першых дзён нараджэньня незалежнай Беларусі ў аснову былі пакладзены хрысьціянскія каштоўнасьці. Думаю, вы добра інфармаваныя пры сытуацыю ў Беларусі, рэлігійную сытуацыю. Вядучай канфэсіяй у Беларусі зьяўляецца праваслаўе, другая па значнасьці — каталіцкая царква. Паміж дзьвюма канфэсіямі ў нас усталяваліся прыязныя, братэрскія адносіны. Я гэта вельмі цаню".

Паміж урадам Беларусі і Беларускай праваслаўнай царквой быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве. "Такі ж дагавор паміж урадам і Каталіцкай царквой распрацаваны, ён гатовы, і ў пэрспэктыве ён можа быць падпісаны", — сказаў Лукашэнка.

Ён папрасіў прадстаўніка Ватыкану перадаць Бэнэдыкту XVI "самыя добрыя пажаданьні, доўгіх гадоў жыцьця і бурнай дзейнасьці".

Кардынал Кох, які прыбыў у Менск для ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі па пытаньнях праваслаўна-каталіцкага дыялёгу, заявіў, што для яго было "велізарнай радасьцю ўбачыць поўныя людзей цэрквы, як каталіцкую, так і праваслаўную".

"Гэта сьведчыць пра тое, што ў Беларусі жывая ня толькі рэлігія, а жывая ў народзе вера", адзначыў старшыня Папскай рады.

Ён лічыць важным, што ў Беларусі "абедзьве царквы, з пункту гледжаньня духоўных, чалавечых каштоўнасьцяў, могуць сьведчыць у адным кірунку". Кардынал падзякаваў "за дыялёг паміж дзяржавай і канфэсіямі" і паабяцаў данесьці словы кіраўніка Беларусі да Bатыкану.

Мітрапаліт Філарэт акцэнтаваў увагу на тым, што цяперашняя сустрэча праходзіць "у прыкметнай атмасфэры дружбы, узаемаразуменьня і ў надзеі на разьвіцьцё нашых адносін".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG