Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Той, хто лічыць сябе прэзыдэнтам, сустрэўся з тымі, хто лічыць сябе пісьменьнікамі»


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь сябрамі Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, які ўзначальвае Мікалай Чаргінец. Як ацэньваюць тэмы і вынікі размовы прадстаўнікі праўладнага СПБ і незалежнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў?

Лукашэнка паставіў перад сябрамі СПБ задачу адрадзіць «былую славу беларускай літаратуры і падняць яе на новы мастацкі ўзровень», хоць запатрабаванасьць іхных твораў назваў «сур’ёзнай праблемай». З гэтай мэтай даручыў розным міністэрствам «навесьці парадак у ганарарнай палітыцы», «падумаць аб адраджэньні практыкі экранізацыі твораў», «аднавіць практыку напісаньня п’есаў на дзяржаўную замову», а таксама перагледзець школьныя праграмы, каб «выключыць другарадных аўтараў і аддаваць больш часу сапраўды вялікім творам». Кіраўнік СПБ Мікалай Чаргінец пракамэнтаваў «Свабодзе» сэнс гэтых заклікаў:

Мікалай Чаргінец
«Ён меў на ўвазе, што трэба пастаянна мадэрнізаваць школьныя праграмы з улікам патрабаваньняў часу. Тыя імёны, якія пра сябе заявілі ў літаратуры — канечне, яны застануцца. Гэта толькі прыдумка была, што мы прыбіраем Быкава, Барадуліна, Бураўкіна — гэта проста хлусьня. І прэзыдэнт ня меў на ўвазе, што давайце там высечам усё — не, і мы правільна разумеем гэта. Таксама выказваліся пра тое, што пісьменьнікі даўно пакутуюць з-за нізкіх ганарараў. Таксама пагадзіліся з прэзыдэнтам, што пісьменьнікам таксама варта мець свае „тармазы“. Улічваць тое, што твой твор ня самы лепшы ў сьвеце, як некаторыя спрабуюць давесьці. Вось гэтыя пытаньні праскочылі, і яны правільна былі пастаўленыя».

Падчас сустрэчы Аляксандар Лукашэнка заклікаў сяброў праўладнага пісьменьніцкага саюзу «сьмела падымаць у сваіх кнігах сацыяльныя, сьветапоглядныя і маральныя праблемы сучаснасьці. Але не апускацца да вульгарнасьці, ачарненьня і пошласьці». І патлумачыў, што СПБ і быў створаны таму, што «Аддаваць культуру на ганьбаваньне адшчапенцам было нельга». Што «Саюз беларускiх пiсьменьнiкаў», у які ўваходзяць такія вядомыя беларускія паэты і празаікі, як Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімер Арлоў і многія іншыя, — гэты саюз «заграз у нацыяналізьме і палітычных інтрыгах», а самі так званыя «сьвядомыя пiсьменьнiкi» «разьмянялі талент на замежныя гранты, у сваіх опусах паліваюць брудам нашу краіну, абражаюць уласны народ і падбухторваюць моладзь да бессэнсоўных бунтаў». Тэмы і зьмест размовы кіраўніка краіны і праўладнага пісьменьніцкага саюзу камэнтуе палітык і паэт, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Уладзімер Някляеў:

Уладзімер Някляеў
«Той, хто лічыць сябе прэзыдэнтам, сустрэўся з тымі, хто лічыць сябе пісьменьнікамі. Насамрэч ні ў першым, ні ў другім выпадку гэта не адпавядае рэчаіснасьці. І рэальныя праблемы на гэткай сустрэчы абмяркоўвацца не маглі. Рэальныя праблемы — гэта, найперш, стан беларускай мовы і наўпрост з гэтым зьвязаная праблема — самой літаратуры.

Я напісаў кшталту ліста да вось гэтага праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, які забраў гістарычную назву найстарэйшай пісьменьніцкай арганізацыі, каб яны ўзважылі тое, што насамрэч адбываецца ў краіне. Яны дэкляруюць нейкія рэчы патрыятычнага кшталту, грамадзянскага палу, а насамрэч ёсьць тое, што ёсьць — катастрафічны стан беларускай мовы. І пры ўсім тым, што яны дэкляруюць, іх не чытаюць не таму, што яны мала друкуюць кніг, а таму, што іх няма каму чытаць. Што сёньня нельга набраць нават адной беларускамоўнай першай клясы, як тое было ў Горадні. Вось дзе праблема.

З гэтай праблемы і пачалася гаворка ў тыя „ліхія 90-я“, пра якія згадвае Лукашэнка, і чаму мы не паразумеліся. Ён тады запрашаў Раду Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, каб мы пайшлі да яго ў ідэалягічную абслугу, каб мы абслугоўвалі ідэалягічны праект „адзіная дзяржава Беларусь-Расея“. Гэтага не магло быць, і праз гэта ўзьнік канфлікт, праз гэта Лукашэнка і стварыў „правільны“ пісьменьніцкі саюз. Саюз, які ў сёньняшняй сытуацыі — катастрафічнай для беларускай нацыі — прымае дакумэнт, што ўхваляе „мудрую“ палітыку гэтага чалавека, які называе сябе беларускім прэзыдэнтам. І які адначасна заяўляе, што на беларускай мове нельга напісаць нешта значнае, вартае і вялікае. Дык пра што можна размаўляць з такім чалавекам? Вось там ніякай гаворкі і не было».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG