Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На віцебскіх арганізатарак Народнага сходу склалі пратаколы


Тацяна Севярынец, Ірына Яскевіч
Тацяна Севярынец, Ірына Яскевіч
Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС прыйшлі дахаты да Ірыны Яскевіч, якая вяла сход жыхароў Віцебску 8 кастрычніка, і да Тацяны Севярынец, якая была сакратаром сходу. На абедзьвюх склалі пратаколы як на арганізатараў несанкцыянаванага мерапрыемства.

Ірына Яскевіч заявіла міліцыянтам, што ня згодная з пратаколам:

"Мы кіраваліся законам пра мясцовыя сходы. Санкцыя ўладаў на такія сходы не патрэбная. Гэта самае я казала і ў пракуратуры Кастрычніцкага раёну, куды мяне выклікалі 7 кастрычніка. Таму да пратаколу я дадала свае тлумачэньні. І сказала, што на суд, якім мне пагражаюць, абавязкова запрашу і супрацоўнікаў пракуратуры, і ўдзельнікаў сходу — жыхароў вуліцы Хмяльніцкага, якія дзяліліся сваімі праблемамі падчас імпрэзы".

Тацяна Севярынец пратакол пра правапарушэньне падпісваць адмовілася ўвогуле:

"Ня стала нічога падпісваць і нічога тлумачыць. Не зьбіраюся тлумачыць тое, што на правядзеньне сходаў людзі маюць права — гэта прапісана ў заканадаўстве. А яшчэ мне сорамна падпісваць пратакол, дзе столькі артаграфічных памылак, я ўсё ж былая настаўніца расейскай мовы зь немаленькім стажам працы ў школе! Я так і сказала міліцыянтам: "Перадайце свайму кіраўніцтву, што я гатовая правесьці колькі заняткаў з вашымі супрацоўнікамі, каб яны сталі больш пісьменныя. Паколькі я чалавек грамадзка актыўны, то згодная гэта зрабіць бясплатна".

Дата суду над Ірынай Яскевіч і Тацянай Севярынец пакуль не вядомая: спадарыням сказалі, што дашлюць позвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG