Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё больш беларусаў просяць прытулку ў ЗША і Канадзе


Сёлета за першае паўгодзьдзе ў прамыслова разьвітых краінах на 17 працэнтаў вырасла колькасьць заяваў на гуманітарны і палітычны прытулак ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Пры гэтым большасьць заяўнікаў паходзіць з краінаў, якія даўно ўжо зьяўляюцца крыніцай уцекачоў.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Ўпраўленьня вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў. Сёлета ў пэрыяд паміж 1 студзеня і 30 чэрвеня ў прамыслова разьвітых краінах было пададзена 198300 хадайніцтваў аб прадастаўленьні прытулку, у параўнаньні з 169300 за той жа пэрыяд у 2010 годзе.

Сярод прамыслова разьвітых краінаў найбольшую колькасьць заяваў на прытулак атрымалі краіны Эўропы (73 працэнты). Сярод краінаў паходжаньня ўцекачоў, лідэры – Аўганістан, Кітай і Ірак.

Беларусь прысутнічае толькі ў некаторых табліцах справаздачы – да прыкладу, як адна з краінаў паходжаньня ўцекачоў у ЗША і Канаду. Сёлета ў першым паўгодзьдзі ў гэтых дзьвюх краінах падалі заявы на прытулак 196 беларусаў (летась за той жа пэрыяд было 155 заяваў). У краінах Цэнтральнай Эўропы сёлета ў першым паўгодзьдзі падалі заявы на прытулак 36 беларусаў (летась за той жа пэрыяд было 42 заявы).

Беларусь таксама прысутнічае ў сьпісах 10 асноўных краінаў паходжаньня ўцекачоў у шэрагу краінаў Эўразьвязу за другі квартал сёлета. Да прыкладу, у Фінляндыі за гэты час папрасілі прытулку 17 беларусаў. Акрамя гэтага, беларусы ў «дзясятцы» асноўных краінаў паходжаньня заяваў ад ўцекачоў у Літву, Эстонію, Ісьляндыю і Партугалію за другі квартал гэтага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG