Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На дадзены момант вялікай неабходнасьці ісьці насустрач Эўропе няма»


Ці паўзьдзейнічаюць на паводзіны афіцыйнага Менску новыя візавыя санкцыі Эўразьвязу? Чаму беларускае кіраўніцтва дагэтуль ня вызваліла ўсіх палітзьняволеных, чаму паляпшэньне стасункаў з Эўропай, здаецца, зноў ня вельмі патрэбнае Аляксандру Лукашэнку? Як уплывае на адносіны Менску з Брусэлем расейскі чыньнік? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітолягі Алесь Лагвінец і Андрэй Фёдараў.


Андрэй Фёдараў
Алесь Лагвінец
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: «Эўразьвяз цяпер не гатовы разглядаць пытаньне пра аднаўленьне дыялёгу зь Беларусьсю». Такую заяву зрабіла ў панядзелак вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан. 11 кастрычніка таксама сталі вядомыя прозьвішчы 16 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ і чые рахункі і актывы павінны быць замарожаныя. Ці можна сказаць, што беларуска-эўрапейскія дачыненьні на дадзены момант застылі на мёртвым пункце? Чаму не апраўдаліся чаканьні тых, хто думаў, што гэтай восеньню пасьля вызваленьня палітвязьняў адносіны паміж Беларусьсю і Эўропай зробяць крок наперад?
Лукашэнка ня любіць прызнаваць, што нешта робіць пад прымусам

Лагвінец: «Па-першае, Эўрапейскі зьвяз вымушаны рэагаваць і штосьці рабіць. Беларускія ўлады нічога ня робяць, каб пазытыўна адрэагаваць на прапановы Эўразьвязу, палітвязьні па-ранейшаму за кратамі, і таму іншага выйсьця для Брусэлю няма.

Больш за тое, беларускі рэжым ня выканаў „дарожную мапу“, якая была сфармаваная падчас сустрэчы Лукашэнкі зь міністрам замежных спраў Баўгарыі Мікалаем Младэнавым. Там было канкрэтна заяўлена, што да пачатку кастрычніка беларускія ўлады выпусьцяць усіх палітзьняволеных. Сёньня мы бачым, што вязьні застаюцца за кратамі. Больш за тое, Менск працягвае распальваць канфлікт з Польшчай, абвінавачваючы Варшаву ў тэрытарыяльных прэтэнзіях да Беларусі. Унутры краіны ўлады працягваюць палітыку рэпрэсіяў, гэта відаць па ціску на ўдзельнікаў кампаніі „Народны сход“.

То бок беларускія ўлады не мяняюць сваіх паводзінаў, хоць гэта і абяцалі. Таму міністрам замежных спраў Эўразьвязу нічога не застаецца, як прыняць рашэньне пра новыя візавыя санкцыі. Яно, вядома, збольшага зноў жа сымбалічнае, але для тых людзей, якія знаходзяцца ў гэтым сьпісе, гэта ня вельмі прыемна».

Цыганкоў: «А чаму праваліўся плян, распрацаваны на сустрэчы Лукашэнкі і Младэнава? Ці толькі таму, што інфармацыя пра гэтую таемную сустрэчу стала здабыткам СМІ? Ці, можа, зь нейкіх прычынаў на цяперашні момант паляпшэньне адносінаў з Эўропай зноў ня так ужо і патрэбнае Аляксандру Лукашэнку?»

Фёдараў: «Тут мае месца зьбег абставінаў. Сапраўды, тое, што пра сустрэчу стала вядома СМІ, Лукашэнку ня вельмі спадабалася. Бо з гэтага атрымліваецца, што нейкія рэчы беларускі кіраўнік робіць пад прымусам, а гэтага Лукашэнка ня любіць прызнаваць.

Аднак наўрад ці гэта была адзіная прычына. Можна пагадзіцца з вашымі словамі, што цяпер афіцыйнаму Менску падаецца, што цяпер ён не ў такой ступені залежыць ад адзінай Эўропы. Нібыта нейкім чынам наладзіліся адносіны з Расеяй, і ёсьць спадзяваньні, што будзе нейкая дапамога з таго боку. Да таго ж ходзяць размовы пра крэдыты з Ірану, існуюць, як звычайна, спадзяваньні на Кітай — карацей, ёсьць разьлік уладаў, што на дадзены момант ісьці насустрач патрабаваньням Эўропы няма патрэбы».

Цыганкоў: «У Расеі набліжаюцца выбары, і, на думку большасьці назіральнікаў, у гэты час Масква ня будзе канфліктаваць зь Менскам. І гэта якраз той момант, калі беларускае кіраўніцтва можа нешта вытаргаваць з Масквой. Ці ня стаў менавіта гэты расейскі чыньнік нагодай для адступленьня Менску ў адносінах з Эўропай ад распрацаванай „дарожнай мапы“?»
Традыцыйнае лявіраваньне паміж Захадам і Ўсходам усё яшчэ дае плён для беларускіх уладаў

Лагвінец: «Беларускія ўлады дачакаліся зручнага моманту, здолелі пераседзець і ўступіць у пэрыяд выбарчых кампаніяў у Расеі. Так, сёньня Крамлю не патрэбныя канфлікты зь Беларусьсю. Мяркую, нездарма Пуцін званіў Лукашэнку напярэдадні ягонай прэсавай канфэрэнцыі з расейскімі журналістамі. Думаю, там была даслана вестка наконт стрыманасьці і неканфліктнасьці ў выказваньнях.

Сёньня Менск мае пэўныя аргумэнты, актуальныя падчас выбарчай кампаніі ў Расеі. Лукашэнка ўжо заявіў, што калі з 1 студзеня ня будуць роўныя правы для суб’ектаў гаспадараньня, то ён яшчэ падумае, ці трэба Беларусі ўдзельнічаць у такіх важных для Пуціна праектах, як ЕЭП.

Традыцыйнае лявіраваньне паміж Захадам і Ўсходам усё яшчэ дае плён беларускім уладам. І хаця поле для гэтага звужаецца, нельга сказаць, што ўсе магчымасьці вычарпаныя».

Цыганкоў: «Як беларускае кіраўніцтва адрэагавала на прапановы польскага боку пра магчымую дапамогу Беларусі ў выпадку дэмакратызацыі? Ці афіцыйны Менск палічыў, што гэта несур’ёзна, ці разважыў, што падарунак надта рызыкоўны? Што нават за такія грошы дэмакратызацыя, якой патрабуюць эўрапейцы, можа стаць надта вялікай пагрозай для існаваньня цяперашняга рэжыму ў Беларусі?»

Фёдараў: «Хутчэй другое. Беларускае кіраўніцтва выдатна разумее, што калі пайсьці тым шляхам, які прапануе Эўропа, гэта раней ці пазьней прывядзе да страты ўлады. Таму быў зроблены выгляд, што гэта ўсё не рэальна, што гэта абяцанкі-цацанкі і гэтак далей.
Кіраўніцтва краіны выдатна разумее, што калі пайсьці тым шляхам, які прапануе Эўропа, — гэта раней ці пазьней прывядзе да страты ўлады

Вяртаючыся да папярэдняга пытаньня — відавочна было, што ўлады хваляваліся наконт магчымых акцыяў пратэсту беларусаў. Але такія пратэсты не адбыліся, і гэта ўмацавала ўладу ў думцы, што пакуль яшчэ можна трымацца і без Эўропы, і без рэформаў».

Цыганкоў: «Раней ці пазьней, але афіцыйнаму Менску давядзецца зьвяртацца да МВФ па крэдыт. А там вялікі пакет акцыяў маюць прадстаўнікі Эўропы і ЗША. Ці магчыма ўявіць сытуацыю, што яны прагаласуюць у МВФ за выдачу крэдыту Беларусі ў той час, калі яшчэ ня будуць вызваленыя палітвязьні?»

Фёдараў: «Немагчыма ўявіць, што прадстаўнікі заходніх краінаў прагаласуюць у МВФ за выдачу крэдыту Беларусі пры тых абставінах, якія існуюць сёньня ў краіне. Таму можна пагадзіцца зь меркаваньнем, што калі эканамічная сытуацыя ў краіне будзе заставацца вострай і будзе захоўвацца небясьпека нейкіх сацыяльных пратэстаў, беларускія ўлады будуць вымушаныя пайсьці на пэўныя саступкі ўва ўнутранай палітыцы».

Цыганкоў: «Калі афіцыйнаму Менску зноў давядзецца рабіць крокі насустрач Эўропе?»

Лагвінец: «Афіцыйны Менск паказаў, што калі трэба, то ён здольны рабіць чаканыя крокі. Выпускаць палітвязьняў, лібэралізаваць эканамічную палітыку, нават гуляць у грамадзкі дыялёг і гэтак далей. І я думаю, што пры вялізарнай патрэбе будуць зроблены пэўныя крокі — вядома, адпаведна абстаўленыя прапагандай.

У той жа час я ня думаю, што толькі вызваленьне палітвязьняў задаволіць Захад. Гэта будзе першым і абавязковым крокам з боку Менску, каб толькі атрымаць нейкія шанцы пачаць дыялёг. Аднак пасьля таго, што адбылося 19 сьнежня і далей, плянка чаканьняў узьнятая на вышэйшы ўзровень. З боку многіх заходніх палітыкаў ёсьць раздражненьне пазыцыяй афіцыйнага Менску, і ня кожны зь іх захоча вельмі проста і лёгка вярнуцца да дыялёгу з кіраўніцтвам Беларусі. Таму сытуацыя больш складаная для беларускіх уладаў.

Але, як слушна заўважыў спадар Фёдараў, тут вырашальным будзе тое, які будзе стан грамадзкай думкі і наколькі моцны будзе ціск зьнізу на беларускія ўлады».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG