Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія кошты палохаюць нават расейцаў


На працягу вясны і лета жыхары памежных з Расеяй беларускіх рэгіёнаў пакутавалі ад масавага вывазу усходнімі суседзямі тавараў – перадусім харчаваньня. Якая сытуацыя цяпер, калі кошты на беларускія прадукты харчаваньня значна вырасьлі, а расейскі рубель прыкметна абясцэніўся?


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Расейцаў цяпер больш цікавіць вопратка. Скупляюць тавар партыямі

На Магілёўшчыне расейскіх пакупнікоў стала меней. Тыя, хто прыяжджае, харчы не набываюць, як раней. Скупляюць прамысловыя тавары.

У Магілёве, як сьцьвярджаюць мясцовыя пакупнікі, расейцаў цяпер больш цікавіць вопратка. Скупляюць яны гэты тавар партыямі. Гаворыць жыхарка Магілёва Алена:

Пасьля таго, як краму наведалі расейцы, выбару ўжо не засталося ...

"Паліто, курткі, ніжнюю бялізну, трыкатаж наш. Учора заходзілі ў трыкатажную краму — там нават у памерах выбару няма, ня тое што ў разнастайнасьці адзежы. Прадавачка сказала: пасьля таго як краму наведалі расейцы, то выбару ўжо й не засталося. Яны дужа адрозьніваюцца ад простага беларускага пакупніка. Паводзяць сябе нахабна".

У памежным райцэнтры Клімавічы расейцы перавагу аддаюць прамысловым таварам. Купляюць з ахвотай і тую ж вопратку. Харчамі больш не цікавяцца, сьцьвярджае жыхарка райцэнтру Вольга.

Наш самы дарагі "куток" каштуе столькі, колькі ў іх самы танны ...

"Цэны сталі вышэйшыя, ужо столькі ня купіш, як яны маглі купіць у канцы лета. Таму не відаць, каб куплялі ў вялікай колькасьці прадукты. На рынку расейцы зьдзіўляліся, што ў нас дужа танная мэбля. Што ў нас самы дарагі "куток" мяккі каштуе столькі, колькі ў іх самы танны. Трэба сабе купіць — хоць ён не патрэбны, аднак па такой цане трэба ўзяць. Я гэта сама чула".

У Мсьціславе на мінулым тыдні чыноўнікі праводзілі выязное паседжаньне аблвыканкаму. Тавару, харчоў у райцэнтар навезьлі ўдосталь. Хапіла ўсім — і мясцовым, і наежджым расейцам. Яны цяпер, кажа жыхарка райцэнтру, аддаюць перавагу харчам з рынку:

Разьбіраюць, нават не таргуюцца ...

"Прыяжджаюць на базар. Скупляюць усё. Мясныя прадукты скупляюцца імгненна. У нас кароўка, дык мы лішак — тваражок — на базар носім. У восем гадзін прыйшоў, а ў дзевяць ужо нічога няма. Разьбіраюць, нават не таргуюцца. Яно цяпер і нашы вывозяць. Ёсьць такія перакупшчыкі".

ВІЦЕБШЧЫНА


"Цяпер пакупнікі, якія прыяжджаюць з суседняй Пскоўшчыны, сталі пераборлівыя, бяруць, што таньнейшае"

Жыхары памежных рэгіёнаў Віцебшчыны таксама адзначаюць зьніжэньне колькасьці расейскіх пакупнікоў, якія прыяжджаюць у Беларусь па таньнейшыя, чым у Расеі, тавары.

Жыхар Гарадка зьвязвае гэта з падвышэньнем цэнаў на харчы:

"Кошты растуць і растуць, і курс рубля быў упаў. Пакупнікі з Расеі цяпер сталі пераборлівыя. А яшчэ месяц таму сапраўдны быў жах — яны сюды набягалі, як саранча".

Цяпер пакупнікі, якія прыяжджаюць на Гарадоччыну з суседняй Пскоўшчыны, сталі пераборлівыя: купляюць ужо ня ўсё запар, а толькі тое, што яшчэ застаецца таньнейшым у параўнаньні з расейскімі коштамі:

"Малочныя прадукты бяруць, яны танныя, бо дзяржава іх даціруе, дык бяруць масла сьметанковае, яшчэ — кілбасы добрыя, мяса… У нас ёсьць сьвінагадоўчы комплекс "Паўночны" ў Пальмінцы, дык яны крамку адчынілі ў Гарадку, шапік такі, а там па 30 тысяч лапатка і гэтак далей".

"Харчовы турызм" трымаецца пакуль у Воршы

Прыкладна такі самы асартымэнт харчоў набіраюць расейцы і ў аршанскіх крамах. Адзін з жыхароў пэрыядычна назірае праявы "харчовага турызму" ў бліжэйшай краме і таксама адзначае што "турыстаў" з кошыкамі паменела:

"Мала ўжо стала, дый курс цяпер нявыгадны. Увогуле, тыя, хто хацеў, ужо, мусіць, і "наеліся". Раней каля нашай крамы стаяла безьліч іхных машын, а яны грэблі цэлымі сумкамі. Цяпер ужо такога няма. Я заўжды ў краму заходжу, дык бачу: стаяць двое расейцаў і бяруць сыркі глязураваныя, сьмятану — толькі малочныя прадукты".

На Смаленшчыну едуць беларускія саматужныя гандляры

Але пакуль можна хоць крыху выйграць на абменным курсе, на Смаленшчыну едуць беларускія саматужныя гандляры. Прычым зьбіраюцца ў адмысловыя брыгады, абмінаюць крамныя абмежаваньні на набыцьцё мясных вырабаў — і вязуць іх за ўсходнюю мяжу, кажа суразмоўца:


Нашы вязуць пераважна мяса й гарэлку ...

"Паствараліся брыгады, яны ў крамах закупляюць прадукцыю на Смаленск. Пераплочваюць гандляркам па адной-дзьве тысячы за кожны кіляграм кілбасы ці мяса, бо інакш хто табе дасьць па 10 кілё ў адны рукі! А яны ж з адным кіляграмам ня езьдзяць — пакуюць сумкі калясальныя. І вязуць пераважна гэта — мяса і гарэлку. Пакуюцца, едуць, гандлююць, а потым на расейскія грошы купляюць алей і рыбныя кансэрвы — тое, што там таньнейшае"…

У крамах Віцебшчыны, сапраўды, зрабілася нашмат вальней — пакупнікоў з Расеі стала менш, а сваіх пагатоў не дабавілася. Бо рост коштаў на харчы ня толькі распудзіў замежнікаў, але і "сваіх" паставіў у такія ўмовы, што пры цяперашніх заробках можна дазволіць сабе далёка ня ўсё.



Камэнтар "Свабоды"


"Штодня фіксуем, што доля расейцаў у гандлёвай выручцы зьмяншаецца"

Дырэктар сеткі харчовых крамаў у беларуска-расейскім памежжы Віктар Маргелаў ацэньвае зьмены ў сытуацыі наступным чынам:

"Нельга сказаць, што ў гэтых рэгіёнах цяпер няма пакупнікоў з Расеі. Аднак, калі параўноўваць з ранейшым, то доля расейцаў у фармаваньні гандлёвай выручкі істотна зьменшылася. Гэта мы фіксуем амаль штодня".

"Тое, што ляжыць цяпер на паліцах беларускіх крамаў, не нашмат таньнейшае, чым у Расеі".

На думку экспэрта "Свабоды", галоўнымі рэгулятарамі сытуацыі сталі паніжэньне цягам двух папярэдніх тыдняў курсу расейскага рубля, а таксама рэзкае падаражэньне беларускіх прадуктаў — галоўным чынам сьвініны, ялавічыны і вырабаў зь іх.

Маргелаў: "Тое, што ляжыць цяпер на паліцах у беларускіх крамах – не нашмат таньнейшае, чым у Расеі".

Паводле экспэрта, продаж найбольш запатрабаваных прадуктаў у адны рукі павінен заставацца абмежаваным.

І ўсё ж, паводле Віктара Маргелава, Беларусі яшчэ рана пазбаўляцца дадатковых абмежаваньняў для расейцаў у айчынным гандлі. Па ацэнцы экспэрта, водпуск найбольш запатрабаваных прадуктаў павінен заставацца нармаваным:

"У крамах памежных рэгіёнаў зьявілася цяпер масла сьметанковае. Тым ня менш, яно прадаецца ў адны рукі абмежавана – па адным альбо два пачкі. І гэта апраўдана пакуль, бо няма нават тэхнічнай магчымасьці нахапаць гэтага масла зашмат – ці для сябе, ці для знаёмых і нават для перапродажу…".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG