Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявонція Чыпурных у Берасьці пакаралі 5 суткамі арышту


Зінаіда Міхнюк (зьлева), Уладзімер Вялічкін і Людміла Дзенісенка не пасьпелі на судовае паседжаньне.
Зінаіда Міхнюк (зьлева), Уладзімер Вялічкін і Людміла Дзенісенка не пасьпелі на судовае паседжаньне.
Затрыманага 3 кастрычніка намесьніка старшыні Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Лявонція Чыпурных пакаралі 5 суткамі арышту. Лявонцій Чыпурных быў затрыманы міліцыянтамі ва ўласным доме падчас збору подпісаў за правядзеньне Народнага сходу.

Як апавёў праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, судьдзя Маскоўскага раёну Тацяна Ўрбановіч прыцягнула палітыка да адказнасьці паводле артыкулу 23.34 адміністрацыйнага кодэксу — «парушэньне вызначанага парадку арганізацыі ці правядзеньня сходу, мітынгу, вулічнага шэсьця, дэманстрацыі ці іншага масавага мерапрыемства або пікетаваньня».

Уладзімер Вялічкін: «Ва ўсім гэтым хацелася б зьвярнуць увагу на сёньня ўжо банальную рэч — нашыя дзяржаўныя структуры дэманструюць факты дэградацыі. Шмат сваякоў, сяброў затрыманага цікавіліся як у міліцыі, так і ў судзе, калі будзе паседжаньне. Аднак суд быў праведзены цішком, у адсутнасьці сваякоў і паплечікаў, што парушае прынцып адкрытасьці суду. Пры затрыманьні ў Чыпурных былі ўсяго 4 асобнікі ўлётак, аднак гэтага было дастаткова, каб асудзіць яго за арганізацыю масавага мерапрыемства. Гэта выклікае пытаньні — чаму затрымліваюць за адно, а судзяць за іншае?»

Як кажа старшыня Берасьцейскага аргкамітэту па правядзеньні Народнага сходу Зінаіда Міхнюк, яна з паплечнікамі не пасьпела на судовае паседжаньне, бо ў судзе на працягу дня не давалі ніякай інфармацыі пра тое, калі ён адбудзецца.

Зінаіда Міхнюк: «Лявонцій — намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі партыі „Справядлівы сьвет“, ён актыўна зьбіраў подпісы за Народны сход. Па сваіх дамах ён сабраў ня 10, а нават 30 працэнтаў подпісаў. Таму я ня думаю, што ён проста так быў арыштаваны. І сымбалічна, што яго выпускаюць у дзень Народнага сходу а 18:30, пры тым, што сход пачнецца а 13:00».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG