Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт «Усходняга партнэрства» прайшоў без прадстаўнікоў афіцыйнага Менску


Ангела Мэркель гутарыць зь апазыцыйнай беларускай дэлегацыяй.
Ангела Мэркель гутарыць зь апазыцыйнай беларускай дэлегацыяй.
Сёньня ў Варшаве завяршыўся саміт краін-удзельніц праграмы «Ўсходняе партнэрства» Эўразьвязу. Крэслы беларускай дэлегацыі засталіся пустыя — афіцыйны Менск адмовіўся ад удзелу ў саміце. Затое вялікую праграму перамоў і сустрэч у Варшаве мела дэлегацыя беларускай апазыцыі і сваякоў палітвязьняў.

Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з дэмаршам у апошні момант перад пачаткам пленарнага паседжаньня Варшаўскага саміту. Беларуская дэлегацыя на чале з амбасадарам Віктарам Гайсёнкам так і не зьявілася ў палацы польскага прэм’ера. Адмаўляючыся ад удзелу ў саміце, МЗС Беларусі заявіў пра «дыскрымінацыйныя захады» арганізатараў на адрас Менску. Перш за ўсё — адмову накіраваць запрашэньне Аляксандру Лукашэнку. Апрача таго, МЗС выказаў крыўду, што прызначанага Менскам кіраўніка беларускай дэлегацыі не пусьцілі на ўчарашнюю вячэру лідэраў краін і ўрадаў, якой фармальна пачынаўся саміт.

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных: «Беларусь актыўна працавала ў мэтах падрыхтоўкі саміту і мела намер узяць удзел у ягоных мерапрыемствах. Аднак у гэтых умовах удзел становіцца немагчымым. Партнэрства ня можа быць заснаванае на дыскрымінацыі. Рашэньні саміту, якія закранаюць інтарэсы Беларусі і якія будуць ухваленыя бяз нашай наўпроставай згоды, будуць нелегітымнымі», — заявіў беларускі МЗС вуснамі свайго прэс-сакратара.

Польскі прэм’ер Дональд Туск, які вёў пленарнае паседжаньне саміту, гэтак адрэагаваў на пустыя крэслы беларускай дэлегацыі:

«Гэта яшчэ адзін вельмі моцны сыгнал, наколькі важныя для ўсёй Эўропы і наколькі важныя для Беларусі будуць зьмены, якіх мы ўсе чакаем. Таму што гэтае месца чакае Беларусь — сёньня сымбалічна — але месца ў эўрапейскай сям’і чакае Беларусь».

Прэм’ер Польшчы Туск прапанаваў мадэрнізацыйны пакет дзеля новай дэмакратычнай Беларусі: пры выкананьні пэўных умоваў Беларусь магла б разьлічваць на істотную эканамічную дапамогу, крэдыты, інвэстыцыі. Паводле агенцтва ПАП, да такіх умоваў аднесеныя дэмакратычныя выбары, перамовы з апазыцыяй, поўная амністыя і рэабілітацыя палітвязьняў.

Беларускае пытаньне было адным з самых актуальных на саміце, ня выпала яно і з выніковых дакумэнтаў, у тым ліку з Дэклярацыі саміту. Аднак асобную рэзалюцыю з асуджэньнем беларускага рэжыму, прапанаваную Польшчай, не падпісалі лідэры 5 краін СНД, якія ўваходзяць ува «Ўсходняе партнэрства».

Ігнараваньне афіцыйным Менскам Варшаўскага саміту экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, які знаходзіўся ў польскай сталіцы, назваў палітычнай памылкай, грунтаванай на крыўдах Аляксандра Лукашэнкі:

«Гэтага самі яны дамагліся, тыя людзі, якія працуюць на Лукашэнку, а ня толькі ён сам. І трэба прымаць тое, што яны заслужылі, такія адносіны да рэжыму і ягоных служкаў. Лукашэнка фактычна абарваў магчымасьць усялякіх стасункаў. Гэта можа абярнуцца для Беларусі катастрофай».

Іншы сябар дэлегацыі беларускай апазыцыі ў Варшаве, Анатоль Лябедзька, дэмарш МЗС Беларусі таксама назваў асабістай рэакцыяй Аляксандра Лукашэнкі на тое, што яго не запрасілі:

«Аляксандар Лукашэнка апынуўся па-за гульнёй, але ён усё ж такі хоча, хоць і ўскосна, там прысутнічаць. Сёньня абсалютна зразумела, што Беларусі патрэбен Эўрапейскі Зьвяз зь яго мажлівасьцямі, а не Эўразьвязу патрэбен Лукашэнка».
Сёньня абсалютна зразумела, што Беларусі патрэбен Эўрапейскі Зьвяз зь яго мажлівасьцямі, а не Эўразьвязу патрэбен Лукашэнка.

Паводле Анатоля Лябедзькі, апазыцыйная дэлегацыя ў Варшаве працавала плённа. Яна мела шмат сустрэчаў з эўрапейскімі лідэрамі, якія дапамагаюць фармаваць кааліцыю для выкананьня трохкрокавай стратэгіі: вызваленьне ў Беларусі палітвязьняў, правядзеньне свабодных выбараў і эканамічная дапамога Беларусі:

«Нас пачулі, нас зразумелі, Туск сказаў, што ён ня бачыць нейкай альтэрнатывы гэтай трохкрокавай стратэгіі, і канцлер Мэркель учора сказала: я гатовая з вамі зрабіць гэтыя тры крокі».

Жонка палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч заявіла «Свабодзе», што яна асабіста адчула ў Варшаве падтрымку Эўропы:

«Больш за тое, я атрымала пэрсанальную просьбу канцлера Мэркель перадаць прывітаньне і словы падтрымкі Міколу Статкевічу. У яе было вельмі пазытыўнае стаўленьне і глыбокае веданьне сытуацыі ў Беларусі. Думаю, што Нямеччына цалкам адсочвае сытуацыю ў Беларусі».

Прадстаўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч з варшаўскага саміту таксама вынес перакананьне, што Эўразьвяз надалей заклапочаны сытуацыяй пасьля мінулых выбараў у Беларусі і хоча, каб Менск яе выправіў:

«Гэта дэманстрацыя таго, што Беларусь на сёньня вельмі важная краіна для аб’яднанай Эўропы, што яна застаецца на парадку дня. Нашыя сустрэчы адбываліся на самым высокім узроўні, беларуская апазыцыя, а таксама сваякі палітвязьняў змаглі данесьці інфармацыю пра тое, што сёньня адбываецца ў Беларусі. Увага Эўразьвязу да Беларусі захоўваецца і нават павялічваецца».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што з-за пазыцыі цяперашніх уладаў Беларусь не выкарыстоўвае тыя магчымасьці, якія дае праграма «Ўсходняга партнэрства»:

«Праблема ў прыродзе рэжыму, таму што для гэтага трэба хоць у мінімальнай ступені адпавядаць каштоўнасьцям Эўропы».

Разам з тым Аляксандар Класкоўскі папярэджвае, што ня трэба мець зашмат ілюзіяў наконт эўрапейскай актыўнасьці адносна Беларусі:

«Гэта ня новая праблема для Брусэля, і тут пытаньне ў тым, што вельмі абмежаваны набор інструмэнтаў у Эўразьвязу. І, звыш таго, у Эўропы шмат і іншых клопатаў, а беларускае пытаньне яна трымае, але ня ў фокусе ўвагі. Таму я думаю, што, на жаль, гэтая сытуацыя няпэўнасьці ў дачыненьнях Менску з Эўропай можа зацягнуцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG