Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Між уладай і простым людам — прорва. А пратэставаць супраць несправядлівасьці ў нас бессэнсоўна"


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 28 верасьня 2011 году

Палітвязьні, арыштаваныя і асуджаныя за ўдзел у сьнежаньскіх пратэстах на плошчы Незалежнасьці ў Менску, паступова выходзяць з турмы на волю. Адбываецца гэта на тле вострага эканамічнага і фінансавага крызісу, адолець які ўлада намагаецца, просячы на Захадзе і ў Расеі ўсё новыя шматмільярдныя крэдыты.

Многія з былых палітвязьняў, якія выйшлі на волю ці ўцяклі на Захад, расказваюць пра тое, як зь імі абыходзіліся ў турмах і сьледчых ізалятарах. Паводле шматлікіх сьведчаньняў, у зьняволеньні палітычных актывістаў прыніжалі, шантажавалі, схілялі да таемнага супрацоўніцтва са спэцслужбамі. На гэтую тэму — многія лісты ў нашай пошце апошніх тыдняў.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу даўняга актыўнага аўтара "Свабоды" Мікалая Бусела зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну. Ён піша:

"Надоечы па "Белсаце" Аляксандар Лукашук, Сяргей Навумчык ды іншыя абмяркоўвалі ганебную зьяву — катаваньні ў беларускіх турмах. Яны ўсё казалі правільна. Я ж дадам нядаўні прыклад іншага кшталту. Некалькі тыдняў таму ў Англіі ўзьнік скандал: усплыў факт катаваньня англійскім турэмным вайскоўцам аднаго іракца. Мужчына не ўчыніў аніякага злачынства, але неяк быў арыштаваны, у яго знайшлі зброю і выбухоўку і, натуральна, зьмясьцілі ў астрог. Там англійскія турэмшчыкі зьдзекаваліся зь яго ды зь іншых арыштантаў — катавалі, і ў выніку мужчына памёр ад пабояў і ран. Сям'я падала ў суд. Ангельскія ўлады не аднекваліся, прызналі пляму на мундзіры і правялі сьледзтва. Сам прэм'ер Дэвід Кэмэран выступіў з асуджэньнем злачынства і запатрабаваў недапушчэньня катаваньняў арыштаваных.

Што ж да беларускага досьведу, то трэ зазначыць, што наш рэжым — гэта генэтычны працяг савецкага таталітарна-фашыстоўскага ладу. А органы — сілавыя ці, як яны сябе называюць, "правапарадку" — гэта не інструмэнт абароны асобы, а — органы аховы дзяржавы, ейных верхаводаў. Яны — генэтычны працяг савецкай карнай сыстэмы, дзе няма ані прэзумпцыі невінаватасьці, ані гарантый абароненасьці для асобы.

Вось гэтымі катаваньнямі, прорвай між уладай і падуладнымі, неадчувальнасьцю рэжыму да грамадзкай думкі, школьнай адукацыяй амаль вынішчана пачуцьцё справядлівасьці і непарыўна зьвязаны зь ім пратэст супраць несправядлівасьці.

Грамадзяне, нават калі б хацелі выказаць сваё абурэньне, ня маюць аніякай магчымасьці зрабіць гэта публічна ці разам зь іншымі. Таму так вольна і расьперазана пачуваюцца каты і гіцлі ды іхні верхавод.

Добра, што "Свабода" агалошвае гэтае гідоцьце"
.

Катаваньні зьняволеных, прыніжэньне іхнай чалавечай годнасьці, шантаж, запалохваньні — крымінальныя злачынствы нават паводле тых законаў і Канстытуцыі, якія фармальна дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь. Праблема ў тым, што законы гэтыя — самі па сабе, а рэальнасьць — сама па сабе. Спэцслужбоўцы ад сяржанта да генэрала цьвёрда ведаюць: выконвай тое, што загадае начальнік, і не азірайся ні на якія законы. Будзеш паслухмяны — атрымаеш і пагоны, і кватэру, і ордэн, і пэнсію. Уся гэтая завядзёнка цягнецца яшчэ з той карнай сыстэмы, што была створана бальшавікамі ў СССР. Ніводзін з былых сталінскіх катаў у Беларусі ня быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці: усе спакойна дажывалі і дажываюць свой век у камфортных умовах, з высокімі пэнсіямі. І гэты заганны ланцуг будзе і будзе цягнуцца, пакуль грамадзтва ня знойдзе ў сабе сілы разарваць яго і пасадзіць катаў на лаву падсудных — у якім бы ўзросьце яны ні былі і якімі б палітычнымі матывамі ні апраўдвалі свае ўчынкі.

Наш слухач Пётар Коцікаў з Воршы свой ліст напісаў пасьля таго, як пачуў па "Свабодзе" рэпартаж пра валютчыкаў. Зь вясны і да паловы верасьня гэты нелегальны бізнэс квітнеў ва ўсіх беларускіх гарадах, у тым ліку і ў Воршы. З нагоды пачутага па "Свабодзе" Пётар Коцікаў піша:

"Усё правільна вы распавялі: валютны абмен у Воршы вядзе так званы "Віетнам-банк". Пра гэта ўсе ведаюць ужо гадоў 17—18. Прычым вядуць сваю дзейнасьць валютчыкі практычна ў двары пракуратуры: з бакавых вокнаў усё гэта добра відаць. Да суду — 50 мэтраў, да міліцыі — прыкладна 500, да КДБ — 900.

Гэтак жа нелегальна мяняюць валюту на чыгуначным вакзале. Дзіўна: наўкол міліцэйскія пасты, відэакамэры... Я вось думаю: столькі пераапранутых агентаў выстаўляюць на плошчах, каб хапаць бяскрыўдных удзельнікаў маўклівых акцыяў пратэсту... Даслалі б іх лепш да нас у Воршу, на абмен валюты...

Людзі бачаць няздольнасьць улады справіцца зь ценявым рынкам валюты. Вось да нас едуць натоўпамі расейцы са Смаленску, скупляюць танныя беларускія тавары. А грошы мяняюць ня ў банках, а ў віетнамцаў ці ў валютчыкаў на вакзале... Людзі бачаць усё гэтае ашуканства і ня вераць уладзе. Многія задаюць пытаньне: можа, такі парадак выгадны міліцыі, можа, валютчыкі дзеляцца зь ёю? Выглядае на тое, што валютчыкі ў Воршы перамаглі дзяржаву"
.

Заўважу, што свой ліст на "Свабоду" спадар Пётар высылаў у першай палове верасьня — да таго, як улады аднавілі таргі на валютнай біржы. Пасьля 14-га верасьня, калі даляр у банках стаў каштаваць 8000 беларускіх рублёў, беларускія грамадзяне панесьлі сваю валюту ў абменныя пункты. Праўда, на працягу наступнага тыдня курс беларускага рубля ў банках пачаў так імкліва расьці (а замежнай валюты, адпаведна, падаць), што ў многіх гэта выклікала шмат пытаньняў... Калі справа пойдзе так і далей, то зусім магчыма, што валюта з банкаў, як і раней, зьнікне, а валютчыкі на вуліцах беларускіх гарадоў зьявяцца зноў...

Аўтар наступнага ліста, Аляксандар Сувораў са Смаргоні, разважаючы над палітычнымі падзеямі і зьявамі апошняга часу, прыходзіць да высновы, што цалкам давяраць нельга ні ўладзе, ні апазыцыі. У сваім лісьце на "Свабоду" слухач піша:

"Вось вы расказваеце пра Грэцыю, пра тое, што там, пасьля таго як нават нязначна вырасьлі цэны, народ выйшаў пратэставаць на вуліцу. А наш брат-беларус маўчыць і верыць дзяржаўнаму тэлебачаньню. Мае знаёмыя, якія бывалі ў Грэцыі, кажуць, што ўзровень дабрабыту там вельмі высокі. Навошта ж яны ў такім разе бунтуюць?

Яшчэ адзін момант. Неяк у "Званках на Свабоду" я назваў прыхільнікаў прэзыдэнта крэатурай расейскага імпэрыялізму — у адказ на абвінавачаньні на адрас апазыцыі ў здрадніцтве, на абзываньне яе "пятай калёнай". Цяпер я зразумеў, што ня меў рацыі. Не зьбіраецца Лукашэнка аддаваць краіну расейскім алігархам ды ўводзіць тут расейскую ці любую іншую валюту.

І наконт сымболікі, я лічу, апазыцыя згушчае фарбы. Не падабаецца вам герб ці сьцяг на будынку гарвыканкаму — дык вывесьце ў сябе дома такі сьцяг, які вам падабаецца. І незалежныя газэты ў нас выходзяць. Вунь "Народная воля" ды "Наша ніва" свабодна прадаюцца ў электрычках ды ў "Саюздруку". А наконт падзеяў на плошчы Незалежнасьці 19-га сьнежня — дык гісторыя рассудзіць, хто меў рацыю..."
.

І ў Грэцыі, і ў іншых эўрапейскіх краінах людзі выходзяць на вуліцу пратэставаць тады, калі не пагаджаюцца зь дзяржаўнай палітыкай. Удзельнікі мірных дэманстрацый там не баяцца, што за гэта іх выключаць з унівэрсытэту ці выганяць з працы. І ўлада ўсе свае высілкі накіроўвае не на тое, каб задушыць пратэсты, а — каб улічыць патрабаваньні пратэстоўцаў, залагодзіць грамадзкую думку такім чынам, каб для пратэстаў не было сацыяльнай глебы. Улада, якая ня спраўдзіла спадзяваньняў выбаршчыкаў, у дэмакратычных краінах сыходзіць у адстаўку. І ня толькі ў выніку чарговых выбараў. Калі здараюцца такія сытуацыі, як у Грэцыі, дык міністры не даседжваюць у сваіх крэслах і належных чатырох ці пяці гадоў — вымушаныя сыходзіць датэрмінова.

Што да незалежнай прэсы.... Вы, спадар Аляксандар, падыдзіце да любога шапіка і параўнайце, колькі там незалежных газэт і колькі — афіцыйных. Пры гэтым майце на ўвазе, што выданьне дзяржаўных газэт аплочваецца ў тым ліку і з вашай кішэні. А незалежныя газэты вымушаныя выжываць ва ўмовах, калі ім ня толькі не дапамагаюць — наадварот, на кожным кроку чыняць перашкоды: пазбаўляюць друкарняў, выкідаюць з падпісных каталёгаў, адбіраюць офісы, журналістам абмяжоўваюць доступ да інфармацыі...

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў-падзяк ад нашых даўніх сяброў. Вось што піша Валеры Лебядкоў зь Менску:

"Слухаю "Свабоду" вельмі даўно. Дзякуй за тое, што вы ёсьць. Праца ваша вельмі цяжкая, асабліва ў нашай дзяржаве. Мы, слухачы, гэта цэнім і любім вас".

Яшчэ адна наша даўняя слухачка, Тамара Маханёк зь Менску, піша:

"Зь вялікай цікавасьцю слухаю ўсе вашы перадачы. А зараз зь нецярплівасьцю чакаю кожнае чытаньне вашым аўтарам Аляксандрам Лукашуком ягонай кнігі "Сьлед матылька. Освальд у Менску". З радасьцю даведалася, што неўзабаве гэтыя тэксты можна будзе ўбачыць у выглядзе кнігі".

І яшчэ адзін ліст, які даслала Людміла Цярэшка з Горадні. Слухачка піша:

"Даўно слухаю Беларускую Свабоду — практычна кожны дзень. Вельмі ўдзячна супрацоўнікам вашага радыё за магчымасьць атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра наша жыцьцё. І мае сёстры заўсёды цікавяцца, што гаварыла пра тую ці іншую важную падзею Радыё Свабода".

Дзякуй за добрыя словы вам, Людміла, Тамара і Валеры, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG