Гэта адбылося пасьля акцыі салідарнасьці з Алесем Бяляцкім, які 25 верасьня адзначае свой дзень нараджэньня ў турме на вуліцы Валадарскага.
Сябры і калегі праваабаронцы, усяго каля дваццаці чалавек, правялі акцыі салідарнасьці каля турмы на Валадарскага і на галоўным менскім паштамце. Пасьля акцыяў міліцыянты затрымалі праваабаронцу Ўладзімера Лабковіча, у якога пры сабе не аказалася дакумэнтаў. Затрыманага для высьвятленьня асобы адвезьлі ў Маскоўскі РУУС.
Як паведаміў БелаПАН, пратрымаўшы Лабковіча тры гадзіны ў Маскоўскім РУУС Менску, яго адпусьцілі.
25 верасьня Алесь Бяляцкі свае 49-я народзіны сустракае ў турме, куды ён увязьнены 4-га жніўня.
12 жніўня Бяляцкаму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (утойваньне даходаў у асабліва буйным памеры). Падставай для крымінальнай справы стала інфармацыя пра рахункі Бяляцкага ў літоўскім і польскім банках, якія ўлады РБ атрымалі ад Мінюсту Літвы і Генпракуратуры Польшчы.
Насамрэч Алесь Бяляцкі акумуляваў грошы на дапамогу рэпрэсаваным, зьніклым і іх сем’ям. Легальна займацца такой дзейнасцю ў Беларусі было немагчыма, -- піша «Наша Ніва». Замежныя грошы ішлі на дапамогу рэпрэсаваным грамадзянам Беларусі і іх сем’ям.
Павіншаваць Алеся Бяляцкага ніколі ня позна, адзначае «НН» і падае цяперашні адрас праваабаронцы:
220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2 СІЗА-1, Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу. Можна таксама сёньня павіншаваць тэлеграмай праз тэлефон 166. Набіраем з гарадзкога тэлефону нумар 166. Дыктуем тэкст віншаваньня, і адрас: Менск, 220030, Валадарскага, 2, СІЗА-1, Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу.
Віншаваньні паплечнікаў і сяброў Бяляцкага, вядомых у Беларусі людзей публікуе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».