Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцу Івану Шылу далі 20 сутак арышту


Іван Шыла
Іван Шыла
Актывіста зарэгістраванай у Чэхіі грамадзкай арганізацыі «Малады фронт» Івана Шылу Горацкі раённы суд пакараў адміністрацыйным арыштам на 20 сутак. Маладафронтавец прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце ля адміністрацыйнага будынка горацкай папраўчай калёніі № 9. Акрамя таго, ён, паводле выраку, аказаў супраціў міліцыі пры затрыманьні.

Цяпер хлопец знаходзіцца ў Польшчы. Пра гэта паведаміў яго бацька Ўладзімер. Паводле спадара Ўладзімера, паведамленьне пра прысуд з Горацкага суду даслалі поштай.

Раней Іван Шыла пісьмова зьвяртаўся да суду, каб яму прызначылі пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі, бо ён мае хваробу скуры. Ён таксама прасіў, каб справу разгледзелі безь яго.

У папраўчай калёніі № 9 адбывае двухгадовае пакараньне лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. 2 жніўня чатыры дзясяткі актывістаў наведаліся да кіраўніцтва турмы патрабаваць, каб яно дазволіла адвакату сустрэцца са зьняволеным актывістам. Сярод іх быў і Іван Шыла. Пасьля адмовы актывісты зладзілі пікет з расьцяжкай «Спыніце перасьлед». Акцыю пратэсту разагналі, пятнаццаць удзельнікаў затрымалі. 3 жніўня іх судзілі.

На судзе Іван Шыла запатрабаваў адваката, і яго адпусьцілі. Вядома, што 8 жніўня адбыўся разгляд яго справы. У судзе, аднак, праз тэлефон адмовіліся сказаць, які вырак яму вынесьлі.

За ўдзел у пікеце пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі ад 5 да 17 сутак 11 актывістаў. Аднаму далі штраф 30 базавых велічыняў, аднаго адпусьцілі, не складаючы пратаколу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG