Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Раней расейцы і ўкраінцы зайздросьцілі нам. Цяпер — спачуваюць і насьміхаюцца..."


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 7 верасьня 2011 году

Стоячы ў чэргах па мяса ці па валюту, са страхам пералічваючы нулі на цэньніках, многія людзі ў Беларусі сёньня задаюць пытаньні: куды падзелася тая стабільнасьць, якой столькі гадоў ганарылася ўлада? Як сталася, што ад колішняга так званага "эканамічнага цуду" засталіся толькі ўспаміны? І чаму кіраўніцтва краіны, назіраючы, як пацярпела крах ранейшая палітыка, не пагаджаецца ні на якія рэформы?

На гэтую тэму — значная частка нашай пошты апошніх тыдняў. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста, які даслаў Павал Гасько з Магілёва. Слухач піша:

"Цэны растуць фактычна штодня — і канца гэтаму ня бачна. Заробкі падвышаюць час ад часу, і зусім не на шмат. Робіцца ўсё адмыслова дзеля таго, каб мы ня так выразна заўважалі тое, як нас паступова робяць жабракамі. Але не заўважыць гэтага ўжо ня могуць нават самыя адданыя абаронцы рэжыму. Нас падманваюць самым нахабным чынам. Што гэта за каманду набраў сабе Лукашэнка, якая давяла народ да такога стану? Я часам бываю ва Ўкраіне, у Расеі. Раней многія там зайздросьцілі нам. Цяпер — спачуваюць і насьміхаюцца. Нідзе няма такога бязладзьдзя ў эканоміцы і фінансах, як у нас. Гэта ж трэба дажыцца да такога, давесьці эканоміку — што чалавек ня можа свабодна памяняць сумленна заробленыя грошы на валюту, каб паехаць за мяжу. Што гэта за спэцыялісты ў нас? А галоўнае, колькі яшчэ гэта будзе працягвацца? І калі нарэшце за гэты зьдзек нехта сур'ёзна адкажа? Калі я напартачу на працы (спалю дарагі станок альбо змарную сыравіну) — дык мяне звольняць. А тут паклалі на лапаткі цэлую нацыянальную эканоміку, паставілі на калені ўсю фінансавую сыстэму — і ўсе застаюцца ў сваіх мяккіх крэслах... Што гэта за парадкі ў нас?"

У Беларусі створана такая сыстэма ўлады, пры якой любое больш-менш значнае пытаньне здольная вырашыць толькі адна ўсім вядомая асоба. Усе іншыя выконваюць другарадныя ролі. Колькі іх ні звальняй, як ні перастаўляй — у грамадзкай сьвядомасьці і посьпехі, і правалы ў палітыцы і эканоміцы атаясамліваюцца зусім ня зь імі. Што да пытаньня пра тое, як доўга такая сыстэма можа захоўвацца ў Беларусі — відавочна, залежыць гэта толькі ад цярплівасьці самога беларускага грамадзтва. Вядомая ўсім асоба добраахвотна адмаўляцца ад улады ці перадаваць яе дэмакратычным шляхам у іншыя рукі не зьбіраецца — гэта больш як за 17 год стала відавочна для ўсіх. Але сёньняшнія "дасягненьні" аўтарытарнага рэжыму такія, што і далей разьлічваць на дзесяцігодзьдзі бесклапотнага існаваньня яму наўрад ці выпадае.

Пачутыя па "Свабодзе" крытычныя заўвагі на адрас апазыцыі, папрокі ў неэфэктыўнасьці і няўменьні апазыцыйных актывістаў вучыцца на ўласных памылках выклікалі нязгоду з боку нашага слухача Валерыя Грыцука зь Менску. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Нейкі слухач "Свабоды" напісаў, што за 17 год апазыцыя не змагла навучыцца змагацца .Я доўга думаў — і не стрымаўся, пішу ліст. Не магу забыцца на гэтае абвінавачаньне, бо і я таксама "апазыцыянэр" (хоць лепш, напэўна, ужываць слова "дэмакрат").

Увогуле, якое насельніцтва — такая і апазыцыя (бо Народу ў нас няма). Хто адкажа: адкуль бярэцца апазыцыя? Чаму апазыцыянэр у нас ПАВІНЕН ахвяраваць сваім жыцьцём? Што прымушае людзей рабіцца апазыцыянэрамі?

Няхай крытыкі апазыцыі адкажуць на гэтыя пытаньні. Адразу кажу, што я вельмі крытычна стаўлюся да фармальных лідэраў апазыцыі, і маю на тое права. Вось вам дзеля прыкладу вынік майго змаганьня супраць дыктатуры, жыцьцёвы досьвед апазыцыянэра ад 1988 г. Я страціў працу навукоўца Акадэміі навук, старшага навуковага супрацоўніка; няма сям’і; згубіў кватэру; страціў маёмасьць, грошы; апошні час жыву ва ўмовах кансьпірацыі, бо дыктатура "ўзнагародзіла" мяне крымінальнай справай, а спадзяваньні на салідарнасьць грамадзтва ды міжнародны ціск — марныя. Не хачу губляць здароўе. Вы ж бачыце, што дагэтуль застаюцца за кратамі змагары Плошчы (размова не пра выпадковых людзей: тых выпусьцілі). А дыктатура мяне баіцца, таму вельмі жадае кінуць за краты гадоў на 10—15, бо мая дзейнасьць заўсёды была эфэктыўная (я навучыўся змагацца). Ну то ХТО цяпер хоча "навучыцца змагацца" з дыктатурай? За часы Сталіна ХТО змагаўся? А зараз, пры Лукашэнку, сытуацыя амаль тая ж"
.

Вось перачытваю, спадар Валер, пададзены Вамі пералік вынікаў змаганьня з дыктатурай: "страціў працу", "няма сям'і", "згубіў кватэру", "страціў маёмасьць і грошы"... Спрэс пералік прыватных праблем. Зусім магчыма, што яны і зьвязаныя з вашай грамадзкай дзейнасьцю. Але неяк ня надта стасуецца гэта з высноваю пра тое, што тая ваша апазыцыйная актыўнасьць была эфэктыўнай і што вы навучыліся змагацца з дыктатурай так, як належыць.

Слухачы, якія крытыкуюць апазыцыю, абгрунтоўваюць сваю крытыку відавочным вынікам гэтага змаганьня, які перад вачыма ўсяго грамадзтва. І з гэтай высновай цяжка спрачацца. Калі б апазыцыйныя сілы сапраўды навучыліся эфэктыўна змагацца за ўладу і супрацьстаяць аўтарытарным тэндэнцыям яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў, дык сёньня палітычны лад у Беларусі быў бы, верагодна, зусім іншы. Ну, але якая апазыцыя ёсьць — такая ёсьць. Узяцца іншай няма адкуль. Добра і тое, што ня ўсе яшчэ, дбаючы пра ўласнае здароўе і назіраючы за драматычным лёсам палітвязьняў, паўцякалі за мяжу ды пахаваліся на кансьпіратыўных кватэрах.

Наступны ліст даслаў нам Алесь Станкевіч з Горадні. Слухач разважае пра тое, чаму ў Беларусі дагэтуль на афіцыйным узроўні ўшаноўваюць сталінскую спадчыну, і выказвае меркаваньне пра сувязь такой палітыкі з эканамічнымі праблемамі. Спадар Алесь піша:

"І ў Расеі, і ў Беларусі дагэтуль годным чынам не ўшанавана памяць пра сотні тысяч (калі не мільёны) ахвяраў сталінскага тэрору — у Курапатах ды іншых мясьцінах. А сталінскія памагатыя ўсяляк усхваляюцца ды абельваюцца. Лукашэнка ў гэтай справе цалкам адпавядае пуцінскім поглядам — напэўна, хоча вытаргаваць новыя крэдыты дзеля ўратаваньня сваёй "квітнеючай" эканомікі.

Хоць сапраўды моцны лідэр беларускай дзяржавы не выпрошваў бы ў Расеі падачкі, а даўно падаў на яе ў міжнародны суд — за вялізную шкоду, якую панесла Беларусь ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Можа, Лукашэнка і гаварыў пра гэта з Пуціным. Нездарма ж Расея нейкі час давала нам танныя нафту і газ. Масква нават сьцьвярджае, што за апошнія 15 год дала Менску ў выглядзе розных прэфэрэнцыяў каля 50 мільярдаў даляраў датацый. Але чаму ў такім разе не казаць пра гэта адкрыта — як пра кампэнсацыю, а не дабрачыннасьць? І толькі пра частковую кампэнсацыю. Бо ад катастрофы на ЧАЭС Беларусь страціла значна болей грошай — прынамсі 230 мільярдаў даляраў. І Расея з гэтай сумы павінна заплаціць ня меней чым 100 мільярдаў. Неабходна патрабаваць, а не прыніжацца"
.

Калі-небудзь, магчыма, гэта пытаньне і паўстане. Хоць спадзявацца на простае вырашэньне і сотні мільярдаў даляраў кампэнсацыі тут, спадар Алесь, наўрад ці выпадае. Чарнобыльская АЭС разьмешчана на ўкраінскай тэрыторыі, пасьля распаду СССР стала ўласнасьцю ўкраінскай дзяржавы. Чаму ў такім разе прэтэнзіі павінны выстаўляцца Маскве, а ня Кіеву? А нават калі такія прэтэнзіі і будуць выстаўлены і суд прызнае іх абгрунтаванасьць — хто прымусіць сплаціць шматмільярдныя кампэнсацыі краіну, якая сама мае вялікія фінансавыя праблемы? Менск дагэтуль спрабуе спагнаць з Кіева старыя савецкія даўгі — некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Пакуль — безвынікова. Што ўжо казаць пра сотні мільярдаў...

Аўтар наступнага ліста, Анатоль Новікаў з Наваградку, распавёў пра свае непаразуменьні зь міліцыяй, што здарыліся ў сьвяточны дзень на гарадзкой плошчы. Слухач піша:

"Вы як ніхто павінны адчуць крыўду паэта-навэліста Анатоля Новікава... Справа была 3-га ліпеня. Дата гэтая для мяне не абыякавая. Справа ў тым, што мой бацька — вызваліцель Беларусі, партызан атраду імя Кутузава Буда-Кашалёўскай брыгады Каралёў Анатоль Васільевіч. Дарэчы, вызваляў ён і Наваградак. Дык вось, у гэты дзень мяне, сына вызваліцеля Беларусі, пад нешумлівым дожджыкам падверглі незаконнаму арышту — за тое, што я нібыта быў у нецьвярозым стане... А што, я ня маю права выпіць за памяць пра свайго бацьку, які ваяваў, праліваў кроў у тым ліку і за гэты горад? Дык і ня толькі мяне на гэтай плошчы бралі, а яшчэ і старшыню БНФ (праўда, былога) Аляксандра Петрыка. Бачыце, ім здалося, што мы нецьвярозыя".

Прычым пісаў ён проста на сьвяточнай наваградзкай плошчы, пра што ў лісьце ёсьць адпаведная пазнака. (Напэўна, пасьля таго, як ад яго ўжо адчапіліся міліцыянты. Ці, можа, яны далі яму такую магчымасьць падчас затрыманьня...)

Як вы і просіце, спадар Анатоль, пра факт затрыманьня паведамляем. Сапраўды, наваградзкія міліцыянты маглі б у такі дзень быць больш паблажлівымі да тых, хто прыйшоў сьвяткаваць на плошчу. І заўважу, што звычайна міліцыя падчас афіцыйных сьвяткаваньняў не асабліва чапляецца да людзей нападпітку. Вось толькі можа, спадар Анатоль, вы зь якой-небудзь нагоды ўздумалі на плошчы пляскаць у далоні — тады вас проста не маглі не арыштаваць: у беларускіх міліцыянтаў наконт гэтага строгія інструкцыі...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG