Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клоўн ці пасярэднік?


Навошта Сільвіа Бэрлюсконі едзе ў Менск? Калі б Эўразьвяз вырашыў накіраваць на перамовы з Лукашэнкам упаўнаважанага ўсімі афіцыйнага эмісара, то пэўна абраў бы на гэтую ролю менш экзатычную постаць.

Палітык, які з прычыны паездкі ня прыйдзе на судовыя працэсы па абвінавачваньні ў сэксе зь непаўнагадовай і ў карупцыі – мякка кажучы, ня самы лепшы прадстаўнік Эўропы. Дарэчы, нядаўна Wikileaks абнародаваў дакумэнт Дзярждэпартамэнту, у якім амэрыканскае дыпляматычнае ведамства выказвала раздражненьне недарэчнымі спробамі сін'ёра Сільвіа пасярэднічаць у розных міжнародных справах, бо ён сваімі эскападамі псуе палітыку ня толькі Злучаным Штатам, але і Эўропе. І ў якасьці аднаго са шматлікіх прыкладаў гэтага прыводзіліся якраз ініцыятывы італьянскага прэм'ера адносна Беларусі.

Так што размова ідзе хутчэй за ўсё пра адну з такіх ініцыятываў.

Праўда, гэтым разам у сп-ра Бэрлюсконі ёсьць спрыяльная глеба для моцнага палітычнага ходу. Бо цяперашні пат у стасунках Эўразьвязу зь Беларусьсю насамрэч нявыгадны ніводнаму з бакоў. Сёньняшняе рашэньне Эўразьвязу, які, насуперак абвешчаным папярэдне плянам, ня ўвёў эканамічных санкцыяў адносна Беларусі, сьведчыць менавіта пра тое, што ЭЗ зусім не зацікаўлены ў эскаляцыі канфлікту і хацеў бы яго хутчэй вырашыць.

Але ёсьць публічна агучаная цана спыненьня канфлікту – вызваленьне палітвязьняў у Беларусі. Эўразьвязу адмовіцца зараз ад гэтай умовы – гэта згубіць твар.

Але па вялікім рахунку страта твару – гэта адзіны чыньнік, які стрымлівае Лукашэнку ад таго, каб выканаць гэтую ўмову. Гандаль вязьнямі – бізнэс выгадны, але зь іншай эпохі. Ніхто зараз з Лукашэнкам у гэтую гульню гуляць ня будзе.

Трэба вызваляць усіх. І ўсяго толькі патрэбны нехта, хто «па-чалавечы» папросіць аб гэтым.

І сп-р Бэрлюсконі ў гэтым сэнсе постаць надзвычай удалая. Нехта лічыць яго клоўнам, нехта – enfant terrible эўрапейскай палітыкі, але фармальна – лідэр адной зь вядучых эўрапейскіх краін.

Пайсьці насустрач просьбе такога паважанага чалавека як бы і ня сорамна.

Тым самым Бэрлюсконі зробіць добрую паслугу і Лукашэнку, і Эўропе, якая без задавальненьня назірае за тым, як Расея ў стасунках зь Беларусьсю зьбірае бонусы ад свайго манапольнага становішча партнэра Менску.

Ці кансультаваўся італьянскі прэм'ер наконт візыту ў Менск са сваімі эўрапейскімі партнэрамі? Хутчэй за ўсё так, паставіў іх у вядомасьць, але наўрад ці яны далі яму на гэта мандат. Сказалі хутчэй за ўсё: «Атрымаецца ў цябе, Сільвіа, будзеш малайчына. Ну а не – дык як быў enfant terrible, так ім і застанесься».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG