Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Чырвоны Крыж не дапамагае палітвязьням


Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка пачынае праходзіць у турме мэдычную рэабілітацыю пасьля апэрацыі на хрыбетніку. Днямі магчымасьць дапамагчы беларускаму палітвязьню разглядаў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ў Жэнэве. Сваякам Зьмітра Бандарэнкі паведамілі, што такой дапамогі ня будзе.

У штаб-кватэру Чырвонага Крыжа ў Жэнэве зьвярнулася Юлія — дачка Зьмітра Бандарэнкі. Ад імя сваёй сям’і яна папрасіла паспрыяць мэдычнай рэабілітацыі, якая неабходная ў турме яе бацьку. Адказ быў несуцяшальны, паведаміла «Свабодзе» Вольга — жонка Зьмітра Бандарэнкі:

Вольга Бандарэнка
«Яны зьвязаліся з МЗС Беларусі, і там паведамілі, што Зьмітру будзе цалкам дадзеная ўся неабходная мэдычная рэабілітацыя і што ў наглядзе няма ніякай патрэбы. Я ведаю, што на той момант ніякай рэабілітацыі на Валадарскага не было. Сёньня я атрымала два лісты з калёніі, зь якіх я зразумела, што да масажу справа не дайшла, да лекавай фізкультуры, як было ў эпікрызе, таксама, але нейкі малы магніт на сьпіну паставілі. Што тычыцца Чырвонага Крыжа, то, папраўдзе, ня ведаю, што яны павінны рабіць. Ведаю, што яны павінны змагацца за тое, каб людзям аказвалі дапамогу. Спадзяюся, што яны будуць і надалей пісаць лісты. Зрэшты, ня думаю, што вялікая праблема для цывілізаванай краіны, каб назіральнік прыехаў, пабываў у турме, паразмаўляў зь вязьнем, паглядзеў, у якіх умовах ён знаходзіцца. Проста ў нашай краіне гэта немагчыма».

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ў Жэнэве — арганізацыя, якая займаецца дапамогай ахвярам збройных канфліктаў, унутраных непарадкаў, у тым ліку праблемамі вязьняў. У Беларусі прадстаўніцтва гэтай арганізацыі не існуе, а Беларускае таварыства, складнік Міжнароднай фэдэрацыі Чырвонага Крыжа, праблемы вязьняў не вырашае, кажа намесьнік кіраўніка Мікалай Андрэеў:

«Калі да нас зьвяртаюцца зьняволеныя з турмаў, што ў іх няма пасты ці зубной шчоткі, то мы ня маем аб’ектыўнай інфармацыі пра тое, ці сапраўды чалавек пастаўлены ў нейкія залежныя ўмовы, у адрозьненьне ад іншых. Калі мы зьвяртаемся ў МУС, то нам даюць зразумець, што адносна забесьпячэньня зьняволеных усе нарматывы вытрымліваюцца. А так гэта ці ня так, каб прыйсьці праверыць, мы такога статусу ня маем. У адрозьненьне ад Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа — у іх ёсьць мандат на гэта».

Алег Гулак
Праваабарончая арганізацыя «Беларускі Хэльсынскі камітэт» шмат гадоў дасьледуе праблему ўмоваў адбыцьця пакараньня ў беларускіх турмах. Праваабаронцы таксама не засьведчылі ўплыву Чырвонага Крыжа на пэнітэнцыярную сыстэму Беларусі, хоць не аднойчы яна магла б спатрэбіцца, кажа старшыня БХК Алег Гулак:

«Я ведаю, што Чырвоны Крыж працуе на сыстэмным узроўні, не для асобных людзей. Фактаў у падобных сытуацыях, што патрэбная нейкая адмысловая дапамога, якую ня можа прапанаваць пэнітэнцыярная сыстэма Беларусі, мне не вядома. І, канечне, ёсьць праблема ў тым, што гэтая пэнітэнцыярная сыстэма закрытая. Дзіўна выглядае, калі лёс чалавека залежыць ад таго, што скажа МЗС. А зь якой нагоды ён будзе прызнаваць, што ў Беларусі чагосьці не хапае? І, найхутчэй, гэта будзе адбівацца на канкрэтных людзях».

Як паведаміла Вольга Бандарэнка, каб кампэнсаваць нястачу мэдычнай рэабілітацыі, патрэбнай для яе мужа Зьмітра Бандарэнкі, ёй прапанавалі аплаціць паслугі масажыста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG