Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Младэнаў: «Спадзяюся, што палітвязьні выйдуць з турмаў і будуць удзельнічаць у дыялёгу пра будучыню Беларусі»


Мікалай Младэнаў
Мікалай Младэнаў
У адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі не камэнтуюць вынікаў сустрэчы зь міністрам замежных спраў Баўгарыі Мікалаем Младэнавым, якая адбылася 26 жніўня ў Менску. У часе той сустрэчы Лукашэнка паабяцаў вызваліць палітвязьняў і аднавіць грамадзкі дыялёг у краіне. Тым часам спадар Младэнаў 2 верасьня выказаў сваю ацэнку вынікаў той сустрэчы.

Баўгарскі міністар замежных спраў Мікалай Младэнаў сёньня ў Сафіі на прэсавай канфэрэнцыі пасьля перамоваў з бразыльскім калегам Антоніу Патрыётам падрабязна распавёў пра сваю паездку ў Менск, да Аляксандра Лукашэнкі, і пра падрыхтоўчую працу:

«Прайшло больш за месяц з таго часу, калі мы пачалі перамовы з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным урадам, намагаючыся схіліць іх вызваліць з турмы асоб, якія былі арыштаваныя або абвінавачаныя за дэманстрацыі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў, і спыніць іх перасьлед, а таксама распачаць агульнанацыянальны дыялёг з апазыцыяй, усімі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці».
Прайшло больш за месяц з таго часу, калі мы пачалі перамовы з прэзыдэнтам Беларусі.

Гаворачы пра зьмест гутаркі з Аляксандрам Лукашэнкам, Мікалай Младэнаў паведаміў, што беларускі кіраўнік абавязаўся да пачатку кастрычніка адпусьціць з турмаў палітвязьняў і вызваліць ад крымінальнай адказнасьці ўсіх абвінавачаных у сувязі з дэманстрацыямі падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама выступіць з ініцыятывай агульнанацыянальнага дыялёгу.

«Я думаю, што для ўсіх у Эўропе мае вялікае значэньне, каб у Беларусі — як краіне, якая мяжуе з Эўразьвязам і чыя стабільнасьць мае ключавое значэньне для ўсяго рэгіёну — пачаўся рэальны дыялёг, каб былі запушчаныя рэальныя рэформы, каб мела месца рэальнае супрацоўніцтва паміж тымі, хто ўва ўладзе, і апазыцыяй, каб краіна трымалася шляху дэмакратызацыі і ўмацаваньня дэмакратычнай сыстэмы».

Спадар Младэнаў выказаў задавальненьне, што баўгарская ініцыятыва на гэтым этапе прыносіць плён:

«Я спадзяюся, што гэта будзе працягвацца і ўсе палітвязьні выйдуць з турмы і будуць жыць свабодна ў краіне, дзе ўсе бакі ўдзельнічаюць у цывілізаваным і сучасным дыялёгу пра будучыню».

У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі ніякіх камэнтароў наконт перамоваў са спадаром Младэнавым не даюць. Кіраўнік прэсавай службы Павал Лёгкі не абверг, але і не пацьвердзіў факт сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных спраў Баўгарыі.

Зь іншых крыніц вядома, што сустрэча Лукашэнкі і Младэнава адбылася на просьбу беларускага боку, доўжылася яна 2,5 гадзіны і Лукашэнка ў ходзе размовы з Младэнавым нібыта нават прызнаў, што ў яго «зашмат улады».

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька перакананы, што пайсьці на гэткія крокі Лукашэнку прымусіў эканамічны крызіс і неабходнасьць манэўру ў дыялёгу з Расеяй:

«У тым, што выйдуць на волю ўсе фігуранты справы 19 сьнежня, відаць, сумнявацца не даводзіцца, гэта пытаньне толькі часу… Пакуль што Лукашэнка агучыў сваё жаданьне вярнуцца ў сытуацыю 19 сьнежня 2010 году ў адносінах з Эўразьвязам. Цяпер мяч на баку Брусэля, які павінен сфармаваць сваё стаўленьне да прапаноў Лукашэнкі».
Аляксей Кароль: Вяртаньне да дыялёгу на тых умовах і падставах, пра якія гаварылася падчас выбарчай кампаніі, я думаю, ужо немагчыма.

Апазыцыйны палітык Аляксандар Мілінкевіч мяркуе, што сытуацыя ў Беларусі можа вярнуцца да так званай «лібэралізацыі». Ва ўмовах эканамічнага крызісу і прэсінгу з боку Расеі беларускае кіраўніцтва мусіць зьвяртацца да рэфармаваньня эканомікі з дапамогай Захаду:

«Захад заняў пазыцыю вельмі маральную, цьвёрдую і рашучую: вызваленьне палітвязьняў — тады можа пачынацца дыялёг, і дыялёг будзе пакрокавы і з дарожнай мапай. Паводле дарожнай мапы ўлада ня будзе хацець, але будзе вымушаная рабіць саступкі ў напрамку лібэралізацыі, палітычнай і эканамічнай. Гэта на карысьць Беларусі, бо дзякуючы такому працэсу яна будзе ўзмацняць сваю эканамічную незалежнасьць».

Спадар Мілінкевіч разумее, што ўлада будзе імкнуцца да мінімальных саступак і псэўда-лібэралізацыі, але апазыцыя і Эўропа мусяць дамагацца рэальных крокаў. Паколькі цяпер у Эўропы няма ніякага даверу да шчырасьці абяцаньняў Лукашэнкі, там будуць зьвяртаць увагу толькі на канкрэтныя крокі, перакананы спадар Мілінкевіч.

Палітоляг Аляксей Кароль мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка хоча зноў лявіраваць паміж Захадам і Расеяй і атрымліваць прэфэрэнцыі з абодвух бакоў дзеля старой мэты — захаваньня сваёй улады:

«Агульная тэндэнцыя тут не мяняецца… Што ж тычыцца Захаду, то вяртаньне да дыялёгу на тых умовах і падставах, пра якія гаварылася падчас выбарчай кампаніі, я думаю, ужо немагчыма. Кожны з бакоў будзе мець у падтэксьце свае мэты, а ў Захаду будзе свой недавер. 17 гадоў ва ўладзе, відавочнае адступленьне ад сваіх слоў, намераў, відавочны падман, гульня і хітрыкі… Думаю, што гэта не праходзіць дарма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG