Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Завадзкая: «Што зроблена ў пошуках Зьмітра больш чым за 11 гадоў — ніхто не адказвае…»


30 жніўня — Міжнародны дзень зьніклых. Паводле афіцыйнай статыстыкі МУС, штодня ў Беларусі бязь вестак зьнікаюць паўтара дзесятка чалавек. Толькі летась у краіне бясьсьледна зьнікла больш за 1 тысячу грамадзянаў. Каля 90% такіх людзей міліцыя знаходзіць.

Асобная зьява ў Беларусі — палітычныя зьнікненьні. Палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі зьніклі больш за 10 гадоў таму пры загадкавых абставінах. Крымінальныя справы аб іх зьнікненьні ня раз прыпынялі, потым аднаўлялі зноў.

Вольга Завадзкая
Маці зьніклага ў 1999 годзе тэлеапэратара ОНТ Зьмітра Завадзкага Вольга Рыгораўна ўсё яшчэ спадзяецца на цуд. Яе старэйшаму ўнуку Юрыю зараз 22 — роўна палову жыцьця хлопец выхоўваўся бяз бацькі. Апошнія афіцыйныя паперы ад сьледзтва сям’я Завадзкага атрымала 5 гадоў таму.

«Зусім ніякіх зрухаў, зусім ніякай актыўнасьці. Апошнія адпіскі былі дзесьці гадоў 5 назад. Пракуратура, суды, куды мы зьвярталіся пасьля нейкіх гучных заяваў Лукашэнкі — паўсюль адмаўлялі ў разборах. Аднак дзеяньні быццам бы працягваюцца. Якія дзеяньні, што зроблена за гэты час (а прайшло ўжо больш за 11 гадоў) — ніхто не адказвае…».

Карэспандэнтка: «Але ж некалі быў суд, Ігнатовіча і кампанію пакаралі. Вы верыце, што яны маюць дачыненьне да зьнікненьня Дзьмітрыя?»

«Мне цяжка нешта казаць, але, як бы там ні было, яны сапраўды жудасныя злачынцы, мяркуючы па эпізодах, якія разглядаліся судом. Дарэчы, я вельмі шкадую, што не дамаглася на тым этапе, каб справу Дзімы Завадзкага выдзелілі ў асобную вытворчасьць. Тады б была зусім іншая карціна. Можа, можа…».

Ульяна Захаранка
Маці зьніклага экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі Ульяна Захаранка жыве адна, дапамагае ёй пляменьніца Люба. Унучкі Ўльяны Захаранкі ўжо шмат гадоў жывуць у Нямеччыне. Бабуля ня можа стрымаць сьлёз:

«Я плачу дзень і ноч, няма мне спакою… І куды іх падзелі, што зь імі зрабілі? Гэта немагчыма перажыць. Я дзень і ноч узгадваю сына Юрыя. Быў яшчэ брат ягоны старэйшы, але той памёр. І па адным перажываю, і па другім перажываю. І за ўнучак сваіх перажываю…».

Сцэнарыст Уладзімер Халіп, адзін з укладальнікаў кнігі «Мы помнім», сустракаўся з роднымі і блізкімі ўсіх зьніклых. Больш за ўсё яго ўразіла тое, што ўсе яны на ягонае самае галоўнае пытаньне: якім жа чынам усе гэтыя людзі, такія дасьведчаныя, не паклапаціліся пра сваю бясьпеку, ведаючы, з кім маюць дачыненьне? — казалі адно і тое ж:

«І Захаранка, і Ганчар, і іншыя цудоўна разумелі, што гэта за чалавек і што можа быць. Але яны ўсе былі ўпэўненыя, што ёсьць нейкая мяжа, нават у злачынцаў, якую яны перайсьці ня могуць. Але высьветлілася, і асабліва яскрава гэта пацьвердзілася і 19 сьнежня, што ў гэтага чалавека такой мяжы няма. І таму сёньня наша грамадзтва ў вялікай небясьпецы. Гэты чалавек здольны на ўсё. І ў гэты час нельга паддавацца ні на якія яго правакацыі, ні на якія абяцаньні. Мы павінны ратаваць сваіх людзей. Мы павінны не дапусьціць таго, каб паўтарыліся гэткія ж злачынствы. А яны могуць быць — «эскадроны сьмерці» нікуды ня зьніклі, яны стаяць у цені і чакаюць каманды «фас».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG