Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 жніўня – Міжнародны дзень зьніклых


Адзначаецца гэты дзень з ініцыятывы Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа, які зьвярнуўся да ўсясьветнай супольнасьці з заклікам даць больш сур’ёзную ўвагу адной з найбольш складаных гуманітарных праблем, якія ўзьнікаюць падчас узброеных канфліктаў.

Традыцыю адзначэньня Дня зьніклых бязь вестак 30 жніўня запачаткавала ў пачатку 1980-х гадоў лацінаамэрыканская Фэдэрацыя сваякоў зьніклых людзей FEDEFAM. Гэтая арганізацыя ў якасьці першай, а ўсьлед за ёю такія праваабарончыя арганізацыі, як Amnesty International, Human Rights Watch і “Мэмарыял”, пачалі ўздымаць на міжнароднай арэне пытаньне зьніклых людзей.

Колькі людзей ува ўсім сьвеце лічацца зьніклымі бязь вестак, дакладна невядома. Паводле FEDEFAM, практыка затрымліваньня і затым зьнішчэньня людзей стала выкарыстоўвацца ўладамі Гаіці і Гватэмалы яшчэ ў 1960-я гады. Зьнікненьні палітычных апанэнтаў сталі ў Лацінскай Амэрыцы, у прыватнасьці ў Чылі, у гады кіраваньня генэрала Піначэта ледзь ня нормай. Паводле арганізацыі, з 1960-х гадоў агулам у Лацінскай Амэрыцы зьніклі бязь вестак 90 тысяч чалавек, а на сёньняшні дзень у гэтым сэнсе найгоршая сытуацыя ў Калюмбіі.

Дзякуючы намаганьням праваабарончых арганізацыяў у 1992 годзе Генэральная Асамблея ААН прыняла адмысловую дэклярацыю ў пытаньні гвалтоўных выкраданьняў. Гвалтоўнае выкраданьне было прызнанае злачынствам у канстытуцыях шэрагу краінаў сьвету. У сьнежні 2006 году Генэральная Асамблея прыняла Канвэнцыю аб абароне ад гвалтоўнага выкраданьня. Упершыню ў гісторыі зьявіўся міжнародны дакумэнт, які абавязвае ўрады ўключаць выкраданьні людзей у лік злачынстваў, прадугледжаных заканадаўствам, а таксама гарантаваць судовае расьсьледаваньне і пакараньне вінаватых. Канвэнцыя ставіць па-за законам сакрэтнае ўтрыманьне пад вартай, патрабуе паведамляць сваякам і адвакатам аб месцы знаходжаньня затрыманых і прычынах іх затрыманьня.

Дакумэнт падпісалі больш за 80 дзяржаваў. Беларусь гэтай канвэнцыі не падпісала.

У Беларусі няма войнаў і канфліктаў. Але чатыры чалавекі – палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі – зьніклі пры загадкавых абставінах. Крымінальныя справы аб іх зьнікненьні ня раз прыпынялі, потым аднаўлялі зноў.

Патрабаваньні раскрыць праўду пра выкраданьне гэтых людзей зьмяшчаюцца ў рэзалюцыях Камісіі ААН у пытаньнях правоў чалавека, Парлямэнцкіх асамблеяў Рады Эўропы і АБСЭ. Дзейным і былым чыноўнікам сілавых структур Уладзімеру Навумаву, Віктару Шэйману, Юр’ю Сівакову, Дзьмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу з прычыны падазрэньня ў дачыненьні да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, Віктара Ганчара, Юр’я Захаранкі, Анатоля Красоўскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG