Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Лібіі ў Менску пад кантролем спэцслужбаў


Пасольства Лібіі ў Менску
Пасольства Лібіі ў Менску
У Менску каля амбасады Лібіі быў затрыманы грамадзкі актывіст Стас Рамановіч, які спрабаваў ускласьці кветкі на знак салідарнасьці зь лібійскімі паўстанцамі.

Напярэдадні гэта забаранілі зрабіць яшчэ аднаму актывісту Антону Жылко. Вось што ён паведаміў Радыё Свабода:

«Калі амбасада Лібіі ў Менску вывесіла сьцяг лібійскіх паўстанцаў, у інтэрнэце зьявіўся заклік да акцыі салідарнасьці. А менавіта — прыходзіць да амбасады, класьці кветкі і гэткім чынам віншаваць лібійскіх змагароў за свабоду зь перамогай над дыктатурай. Я і Стас Рамановіч як звычайныя грамадзяне палічылі гэтую прапанову слушнай і вечарам 23 жніўня пад’ехалі да амбасады, каб там ускласьці кветкі. Са стацыянарнага пункту беларускай міліцыі, якая ахоўвае амбасаду, да нас адразу падышлі міліцыянты і забаранілі класьці кветкі. Міліцыянты заявілі, што нібыта быў вусны загад зь лібійскай амбасады, каб ускладаць кветкі забаранялі. Натуральна, што пацьвердзіць гэта яны нічым не змаглі і прапанавалі прыйсьці на наступны дзень у працоўны час, каб запытацца пра гэта ў саміх лібійцаў. Назаўтра я пайсьці ня змог і Стас з кветкамі выправіўся адзін, дзе і быў затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў».

Дакадафіеўскія сьцягі ля пасольства.
Стас Рамановіч: «Да мяне ізноў падышлі супрацоўнікі міліцыі з тымі ж самымі словамі пра забарону ўскладаць кветкі. Я прапанаваў запытацца ў саміх лібійцаў, якая іх пазыцыя на гэты конт і ці аддавалі яны такі загад беларускім сілавікам. У адказ на гэта зьявіліся супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным, якія мяне затрымалі і адвялі ў аўтобус, што быў адмыслова падрыхтаваны і стаяў непадалёк. Там сядзелі некалькі спэцназаўцаў і людзі ў цывільным. Яны загадалі адключыць тэлефон і забралі дакумэнты, пры гэтым паводзіліся досыць груба. Пасьля мяне адвезьлі ў РУУС Ленінскага раёну, дзе доўгі час высьвятлялі, чаму і навошта я ішоў да лібійскай амбасады. Але асабліва міліцыянты цікавіліся тым, што, на іх думку, там мусіла зьявіцца яшчэ вялікая група грамадзян, якія зьбіраліся зрабіць тое ж самае. Таму іх вельмі цікавіла, колькі мусіла быць чалавек і хто менавіта зьбіраўся прыходзіць. Прычым падчас спрэчкі міліцыянты выказваліся, што людзі сапраўды падыходзілі, але яны іх адганялі. У выніку ў мяне зьнялі адбіткі пальцаў, зрабілі фотавідэаздымку і адпусьцілі без складаньня пратаколу».

Антон Жылко: «Канечне ж, дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і спэцслужбаў былі незаконныя, бо ніякіх падставаў для затрыманьня не было — гэта па-першае. А па-другое — лібійцы, пэўна, наўрад ці былі б супраць, каб каля амбасады ўскладалі кветкі. Пры тым, што яны сьвядома ўзьнялі сьцяг паўстанцаў. Гэткім чынам беларуская міліцыя і спэцслужбы самавольна ўзялі на сябе права трактаваць пазыцыю гэтай амбасады. Фактычна яны блякуюць амбасаду і перашкаджаюць доступу да яе беларускіх грамадзян. Я думаю, што калі хтосьці паспрабуе зараз туды падысьці па нейкіх іншых справах, да прыкладу, атрыманьня візы ці іншых, то іх таксама могуць затрымаць і незаконна адабраць пэўны час. На сёньня амбасада Лібіі ў Менску — у пэўнай блякадзе».

У Лібійскай амбасадзе адмовіліся ад камэнтароў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG