Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зьеў наша мяса?


На працягу апошніх тыдняў у многіх крамах і на рынках часта здараюцца перабоі зь мясам. І гэта нягледзячы на тое, што цэны на мясныя прадукты няспынна растуць. Прычыны такой сытуацыі высьвятлялі сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Ні сьвініны, ні ялавічыны

У буйной краме «Асарці» на вуліцы Перамогі у продажы толькі куры. Ні сьвініны, ні ялавічыны.

Дырэктар крамы Васіль Шаўчук:

«Дзесяць хвілін таму ў мяне прынялі заяўку на сьвініну. Хутка будзе. Мясакамбінаты спасылаюцца на нястачу сыравіны. Мы заяўку даем пастаянна. Калі бывае магчымасьць, яе выконваюць. Імкнемся працаваць з усімі вытворцамі, але як выходзіць, тое й маем. Відаць ёсьць нейкія часовыя цяжкасьці — нам не тлумачаць. Проста спасылаюцца на недахоп сыравіны».

У «Роднай старонцы» — голыя вітрыны

Прыкра выглядае мясная вітрына ў краме «Родная старонка» на праспэкце Леніна. Уражаньне такое, што тут даўно надышоў «ледніковы пэрыяд». Адразу пазнаеш хіба толькі сьвіныя ногі. Што тут яшчэ ляжыць — цяжка разабраць. Тлумачэньні дае загадчыца крамы:

«Гэта — фарш, ногі. Што там у нас далей ідзе? Ныркі. Субпрадукты ў нас таксама ня ўсе і не заўсёды. Заяўкі мясакамбінат ня ўсе выконвае. У асноўным бярэм з гомельскага. Як тлумачаць на мясакамбінаце, у іх няма сыравіны».

У краме на праспэкце Леніна ўзгадваюць пра паляндвіцу на мінулым тыдні

Разнастайнасьцю не адзначаецца й мясная вітрына фірмовай крамы Гомельскага мясакамбінату на праспэкце Леніна, за дзьвесьце мэтраў ад аблвыканкаму. На вітрыне — сальная сьвініна па 25 тысяч рублёў, эскалёп у латочку й субпрадукты.

Дырэктарка крамы ад камэнтару адмаўляецца. Затое прадавачка кажа, што яшчэ зусім нядаўна асартымэнт прадукцыі быў значна лепшы:

«У нас яшчэ тыдзень таму была паляндвіца, асобна шыйная частка, эскалёпная, філейка цэлая. Былі, былі, але ўжо ўсё прадалі. Цяпер, відаць, няма запасаў».

Бедна выглядалі сёньня й вітрыны фірмовай крамы саўгаса-камбінату «Сож» на вуліцы Кірава. Ляжалі бачок парасяціны, субпрадукты й дзьве вялікія сьвіныя галавы.


Цэх забою часова спынены — сьвіньні падрастаюць да верасьня.

У камэрцыйным аддзеле камбінату «Сож» адсутнасьць мяснога асартымэнту ў сваіх крамах тлумачаць проста: цэх забою часова не працуе, да верасьня сьвіньні падрастаюць:

«На дадзены момант у нас закрыты цэх забою, таму мы не забясьпечваем. Казалі, што да верасьня. Думаю, у сярэдзіне верасьня ўсё будзе. Часова проста зачынены, пакуль падгадоўваем сьвіней».

Гамяльчук, які наведваў фірмовую краму, выказаўся пра дэфіцыт мяса гэтак:

«У горадзе нідзе няма мяса. Справа ў тым, што яго скупляюць расейцы й украінцы. Мяса зьнікла з прылаўкаў».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Накупіла каўбасаў, павязу іх у Тамбоў»

Заўважаю, як на Калгасным рынку жанчына фатаграфуе вітрыны з каўбасамі. Падыходжу да яе і пытаюся, што так зьдзівіла? Жанчына аказалася паломніцай з Расеі. (Яшчэ ў мінулую пятніцу на Берасьцейшчыне адбыўся хросны ход у гонар праваслаўнага мучаніка Афанасія, ігумена Берасьцейскага). Жанчына патлумачыла, што разам з групай іншых расейскіх паломнікаў яна зайшла на рынак. Кажа, што беларускія каўбасы ў Расеі вельмі любяць:

Спадарыня: «Па беларускае мяса ў крамах заўсёды чэргі. Калі да мяне госьці прыяжджаюць, або сын, я заўсёды купляю беларускае. Вось зараз ён мне сала замовіў, але я не набыла, бо ня ўбачыла».

Жанчына кажа, што апошнім часам у Расеі ўсё больш зьяўляецца беларускіх крамаў. Яна лічыць, што такі гандаль выгадны і Расеі, і Беларусі:

Спадарыня: «Беларусы кажуць, што мы ім дапамагаем, а мы кажам, што і яны нам»

«У нас вельмі шмат беларускіх крамаў. Ёсьць прадпрымальнікі, якія возяць, і мы ў іх на рынку адразу ж купляем. Яны нам прывозяць адзеньне, абутак і прадукты. Яны кажуць, што мы ім дапамагаем, а мы кажам, што і яны нам».

Пэрыядычна ў фірмовых мясных крамах Берасьця ўзьнікаюць ажыятажныя чэргі. У гэтых чэргах часам таксама трапляюцца расейцы, якія вельмі хваляць беларускую прадукцыю:

Спадарыня: «Цэны ў асноўным аднолькавыя. Толькі там мясапрадукты немагчыма ўжываць у ежу, а тут вельмі смачныя. Я накупіла гару каўбас і павязу ў Тамбоў».

Простых жа берасьцейцаў кошты ня ўсьцешваюць:

Спадар: «Ды з такімі цэнамі на мяса даўно ўжо пара вэгетарыянцам рабіцца. Вось захацеў мяса купіць, паглядзеў на гэтыя чэргі і цэны — і думаю, што лепей я сабе каўбасы куплю якой-небудзь».

«У Беларусь усё больш вяртаецца савецкая сыстэма разьмеркаваньня»

Міхась Залескі
Эканаміст Міхась Залескі лічыць, што цяперашнія ваганьні на мясным рынку ў Беларусі — справа чыноўнікаў, перадусім іх умяшаньня ў працэс разьмеркаваньня прадуктаў:

«Паводле ўліку Нацыянальнага статыстычнага камітэту, вытворчасьць мяса ў Беларусі адпавядае ўнутраным патрэбам. Але цяпер у краіне адбываецца развал і разбурэньне эканамічнай сыстэмы, з-за чаго ўтвараюцца дэфіцыты.

Праблема ў тым, што ёсьць сыстэма разьмеркаваньня й ёсьць сыстэма попыту й прапановы. У Беларусь усё больш і больш вяртаецца савецкая сыстэма разьмеркаваньня».

Карэспандэнт: «Гэта значыць, калі нешта прапала, то чыноўнікі пачынаюць рэгуляваць, груба кажучы, затыкаць дзірку, лапіць эканоміку…».

Залескі: «Менавіта. Таму што ня можа адзін разьмеркавальнік быць, як кажуць, сем пядзяў лоб, каб кожнаму дагадзіць».
XS
SM
MD
LG