Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Класкоўскі разгружае лес за 5-7 тысяч у месяц


Аляксандар Класкоўскі-малодшы пазваніў дамоў і расказаў пра працу, якую яму далі ў калёніі. Падрыхтаванае заключэньне пра суд над Дзьмітрыем Вусам. Улады адмовілі ў чарговым пікеце ў падтрымку Мікіты Ліхавіда. Зьміцер Дашкевіч будзе ў ПКТ да 10 верасьня. Цэнзар у івацэвічскай калёніі выйшаў з адпачынку, але лістоў ад сына Людміла Мірзаянава гэтак і не атрымлівае.

Вестак ад Аляксандра Класкоўскага-малодшага не было некалькі тыдняў. Нарэшце 19 жніўня вязень шклоўскай калёніі пазваніў жонцы Натальлі. Гутарка была кароткай. Аляксандар Класкоўскі паведаміў, што яго перавялі ў іншы, 10-ы атрад, які мае рэпутацыю горшага. А таксама далі працу — разгружаць лес, які прывозяць для мясцовага папяровага камбіната. Працы шмат і вельмі цяжкай, а заробкаў амаль ніякіх, даведалася Натальля ад мужа.

«Цягаюць гэтыя бярвеньні з аўтамабіляў, і самае цікавае, кажа, што заробкі — 5-7 тысяч рублёў. Пытаюся: на дзень? Які дзень! Кажа: на месяц. Дык гэта яшчэ самы высокі заробак, а так у некаторых хлопцаў атрымліваецца і па 700 рублёў. Карацей — бясплатная праца. Ён кажа, што вельмі стамляецца і таму радзей стаў пісаць. Кажа, як прыходзіць з працы, дык настолькі стомлены, што напісаць ліст дамоў не хапае сілаў. Карацей, сапраўдны рабаўладальніцкі лад атрымліваецца».
Кажа, што заробкі — 5-7 тысяч рублёў. Пытаюся: на дзень? Які дзень! Кажа: на месяц.

Таксама Аляксандар Класкоўскі сказаў жонцы, што не пісаў і не зьбіраўся пісаць прашэньня аб памілаваньні. Паводле Класкоўскага, да яго і да Мікалая Статкевіча, які таксама знаходзіцца ў калёніі ў Шклове, з такімі прапановамі прадстаўнікі адміністрацыі нават не падыходзілі.

Ад Дзьмітрыя Вуса болей за два тыдні няма лістоў і званкоў. Вуса ўтрымліваюць у калёніі № 19 у Магілёве. Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Яўгенія Вус кажа, што гатовае заключэньне адносна працэсу над мужам, якое неўзабаве будзе прапанаванае мэдыям.

Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча будуць трымаць у ПКТ да 10 верасьня, паведаміла нявеста вязьня Наста Палажанка, якая атрымала яд яго ліст пасьля многіх дзён маўчаньня. У лісьце Зьміцер паведаміў, што пісаў заяву на сустрэчу з адвакатам і што яму вядома пра адмову ў такой сустрэчы. Ці паведаміў што Дашкевіч пра ўмовы ўтрыманьня ў «памяшканьні камэрнага тыпу»?

Наста Палажанка: «Не, нічога ня піша пра ўмовы. Але пра гэта ён напісаў бацьку. Што з большага, гэта такая ж камэра, як у карцэры, але з крыху лепшымі ўмовамі. У прыватнасьці, у ПКТ яму выдалі матрац, дазваляюць пісаць і чытаць».

Маці Мікіты Ліхавіда Алена ня мае ніякіх зьвестак ад сына ўжо некалькі тыдняў. Адвакат паедзе да Мікіты на будучым тыдні. Шмат дзе ў Беларусі спрабуюць атрымаць дазволы на пікеты ў падтрымку палітвязьня, які 5 разоў сядзеў у карцэры наваполацкай калёніі і цяпер утрымліваецца ў ПКТ, — але пікеты не дазваляюць. Чарговым разам не дазволілі пікет салідарнасьці зь Мікітам Ліхавідам у Крупскім раёне Менскай вобласьці. У адказе заяўнікам пікету за подпісам старшыні райвыканкаму Ігара Часнака напісана, што пікет праводзіць няма сэнсу, паколькі «ў раёне няма палітвязьняў».

З той жа праблемай — адсутнасьцю зьвестак ад сына — сутыкнулася Людміла Мірзаянава, чый сын Фёдар адбывае пакараньне ў івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы». Ад Фёдара няма зьвестак ужо некалькі тыдняў. Спачатку ў калёніі тлумачылі гэта тым, што быў у адпачынку турэмны цэнзар, але ўжо тыдзень як цэнзар выйшаў на працу, а сынавых лістоў маці так і не атрымала.

Людміла Мірзаянава: «19 жніўня было 8 месяцаў з дня Плошчы і мы ў сям’і правялі з гэтай нагоды сваесаблівую акцыю. Мы ў Нясьвіжы, дзе наведалі бабулю. І такая ў нас агульная акцыя была — „Напішы ліст нашаму палітвязьню Фёдару“. Глядзелі на ягоныя фотаздымкі. Дарэчы, у „Новым часе“ выйшаў цікавы артыкул Тацяны Шапуцькі пра Фёдара, са здымкамі. На сайце таксама гэты артыкул. І таму такі сумны-сумны ў нас быў дзень».

Фёдара Мірзаянава пакаралі 3 гадамі зьняволеньня за удзел ў падзеях 19 сьнежня 2010 году.

Фёдар Мірзаянаў

Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Мікіта Ліхавід


Мікіта Ліхавід
Нарадзіўся 27 траўня 1990 г. у Менску. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Менскага інстытуту кіраваньня. Навучаўся завочна. Пасьля падзей 19 сьнежня, па словах кіраўніцтва факультэту, выключаны ня быў, але аўтаматычна трапіў у акадэмічны адпачынак (не пасьпеўшы здаць адзін залік з-за арышту), аднаўленьне зь якога ў бліжэйшыя 1—2 гады наўрад ці магчымае. Хоць у той жа час хлопцу прыйшло афіцыйнае запрашэньне на сэсію.

Актывіст руху "За свабоду". Затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, асуджаны на 15-суткавы арышт. 23 студзеня пастанова аб арышце скасаваная. Мікіта зрабіўся абвінавачаным па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці.

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.

Зьміцер Дашкевіч


Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі
Нарадзіўся 26 верасьня 1978 году.

Скончыў Менскую сярэднюю школу № 55, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, потым атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю.

У 1999 годзе паступіў у ДАІ Ленінскага раёну Менску на пасаду інспэктара ДПС. Быў звольнены ў 2005 годзе.

Затрыманы ў ноч на 21 сьнежня 2010 г. у сябе дома.

Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG