Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сэйме Польшчы абмеркавалі справу Бяляцкага


17 жніўня а 21-й гадзіне паводле менскага часу ў польскім парлямэнце адбылося сумеснае паседжаньне камісіяў у міжнародных справах і ў справах сувязі з палякамі за мяжой, у якім узяў удзел генэральны пракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт.

Падчас пасяджэньня дэпутат Робэрт Тышкевіч заявіў: “Мы, фактычна, выдалі Бяляцкага ў рукі КДБ і цяпер абавязаныя дапамагчы”.

Сэрэмэт паведаміў, што ад 2009 года афіцыйны Менск накіраваў у Польшчу 14 запытаў, датычных банкаўскіх рахункаў сваіх грамадзянаў і ўсе яны былі задаволеныя.

Генэральная пракуратура пачне кансультацыі з МЗС і Міністэрствам юстыцыі каб выпрацаваць мэханізм
“Няма, аднак, інфармацыі, каб нейкія з гэтых запытаў, пра якія мы ўсе ведаем, тычыліся прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі і былі выкарыстаны ў якасьці перасьледу асобаў, якія займаюцца апазыцыйнай дзейнасьцю”, – заявіў генпракурор Польшчы.

Ён адзначыў, што запыт у справе Бяляцкага прайшоў праз рукі “дзевяці альбо дзесяці пракурораў“ і, як аказалася, адзін супрацоўнік варшаўскай акруговай пракуратуры “меў сумневы адносна гэтай справы”.

“На наступным тыдні Генэральная пракуратура пачне кансультацыі з МЗС і Міністэрствам юстыцыі каб выпрацаваць мэханізм, згодна зь якім беларускія запыты аб юрыдычнай дапамозе накіроўваліся ў Генэральную пракуратуру, а не ў акруговыя пракуратуры, як гэта ёсьць цяпер”, – заявіў пасьля паседжаньня камісіі генпракурор Анджэй Сэрэмэт.

Гэта, паводле ягоных словаў, дапаможа “цэнтралізаваць перадачу беларускіх запытаў” ды пазьбегчы памылак.

Сябры камісіяў дамагаліся стварэньня юрыдычных падставаў, якія змушалі б польскую пракуратуру зьвяртацца ў МЗС краіны, калі ёсьць падобныя запыты зь Беларусі.

Такія кансультацыі дапамаглі б прымаць правільныя рашэньні ды пазьбегчы такіх гіганцкіх скандалаў
“Такія кансультацыі дапамаглі б прымаць правільныя рашэньні ды пазьбегчы такіх гіганцкіх скандалаў, які мы маем у выпадку зь Бяляцкім”, – заявіў намесьнік старшыні камісіі замежных справаў, дэпутат Робэрт Тышкевіч.

Падчас паседжаньня камісіі дэпутаты выслухалі дэталёвае апісаньне мэханізму, які прывёў да выдачы інфармацыі пра рахункі Бяляцкага. З гэтага вынікае, што прычынаю выдачы сталі “некампэтэнтнасьць, недапрацоўкі ды бестурботнасьць”. Тышкевіч паведаміў, што гаворка вялася таксама пра дапамогу Алесю Бяляцкаму, якога “мы, фактычна, выдалі ў рукі КДБ” і арганізацыяй такой дапамогі займаецца цяпер МЗС Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG