Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлінскі мур – сымбаль падзелу Эўропы


Каля бэрлінскага муру ў 1984 годзе
Каля бэрлінскага муру ў 1984 годзе
50 гадоў таму пачалося будаўніцтва Бэрлінскага муру, які да свайго разбурэньня 9 лістапада 1989 году і краху камунізму быў самым яскравым сымбалем падзелу Эўропы і савецкага панаваньня над ўсходняй часткай кантынэнту.

50 гадоў таму пачалі будаваць Бэрлінскі мур
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:14 0:00


Нягледзячы на вельмі актыўную пабудову «дзяржавы работнікаў і сялянаў» паводле савецкай мадэлі, улады Ўсходняй Нямеччыны ўвесь час сутыкаліся з ростам колькасьці сваіх грамадзянаў – рабочых і кваліфікаваных спэцыялістаў – якія масава перабягалі на Захад. Ацэньваецца, што ад заканчэньня Другой сусьветнай вайны ў 1945 годзе да 1961 году каля трох мільёнаў чалавек перабеглі ў Заходнюю Нямеччыну з Усходняй.

1378 кілямэтраў мяжы паміж Усходняй і Заходняй Нямеччынай, ад Балтыйскага мора да Баварыі, былі закрытыя на працягу дзесяцігодзьдзяў. Адзін Бэрлін заставаўся ўнікальным кляпанам паміж імі, праз свой асаблівы статус, які надаваў адмысловыя правы чатыром акупацыйным дзяржавам – ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі і СССР.

Лідэр Усходняй Нямеччыны Вальтэр Ульбрыхт аддаў загад збудаваць у Бэрліне сьцяну пасьля таго, як атрымаў падтрымку з боку савецкага лідэра Мікіты Хрушчова. Выкананьне сакрэтнай «Апэрацыі Ружа» было ўскладзенае на Эрыха Хонэкера, які праз 10 гадоў стаў пераемнікам Ульбрыхта.

Перакрыць дарогу на Захад бэтонам


Неўзабаве пасьля поўначы, 13 жніўня 1961 году, на загад ураду больш за 40 тысяч усходненямецкіх салдатаў і паліцэйскіх атачылі Заходні Бэрлін, перакрыўшы ўсе праходы за выняткам 13 прапускных пунктаў. На перакрыцьцё 155-ці кілямэтраў пэрымэтру Заходняга Бэрліну пайшло 10 тысяч кілямэтраў калючага дроту. Першыя бэтонныя канструкцыі сьцяны – Бэрлінскага муру – зьявіліся ўжо 15 жніўня 1961 году. У 1966 годзе была ўзьведзеная суцэльная сьцяна, а ў 1975 годзе быў збудаваны апошні, самы моцны яе варыянт.

Гэты апошні варыянт меў сетку загароды, сыгнальныя загароды, супрацьтранспартныя траншэі, калючы дрот і больш за 30 бункераў. Да 1989 году Бэрлінскі мур утрымліваў 45 тысяч бэтонных блёкаў і 302 вартавыя вежы.

Ахвяры


Паводле ацэнак нямецкіх дасьледнікаў, пры спробах уцёкаў праз Мур за 38 гадоў яе існаваньня загінула 169 чалавек – 136 былі забітыя, а 33 падарваліся на мінах. Іншыя дасьледнікі падаюць, што загінула 239 чалавек. У адным з навейшых дасьледаваньняў сьцьвярджаецца, што агулам загінулі 1065 чалавек, спрабуючы зьбегчы з ГДР праз усе межы краіны.

Каля 5000 чалавек за гэты час здолелі дасягнуць Заходняга Бэрліну. Больш за 75 тысяч чалавек патрапілі ў турму за спробу пакінуць ГДР без дазволу.

Вініфрэд Фройдэнбэрг стаў апошнім жыхаром Ўсходняй Нямеччыны, які быў забіты пры спробе перасячэньня мяжы. Ён спрабаваў зьбегчы на паветраным шары і быў застрэлены 8 сакавіка 1989 году, за 8 месяцаў да разбурэньня Бэрлінскага муру.

«Лепш сьцяна, чым вайна»


Цікава, што сёньня, 50 гадоў пасьля заснаваньня Муру і больш за 20 гадоў пасьля яго дэмантажу, гэтае збудаваньне не выклікае адназначна асуджальных рэакцый сярод жыхараў нямецкай сталіцы.

Паводле апытаньня, праведзенага газэтай Berliner Zeitung, 10 адсоткаў рэспандэнтаў поўнасьцю пагадзіліся са сьцьвярджэньнем, што збудаваньне муру паміж усходняй і заходняй часткай іх гораду было патрэбнае, каб перакрыць адцёк кваліфікаванай рабочай сілы ў Заходнюю Нямеччыну. А яшчэ 25 адсоткаў сказалі, што яны часткова пагаджаюцца з такім сьцьвярджэньнем.

Як падаецца, неадназначна ацэньвалі ўзьнясеньне Бэрлінскага муру і палітыкі, адказныя за захаваньне міру і балянсу сілаў паміж некамуністычным і камуністычным сьветам у часы «халоднай вайны».

Прэзыдэнт ЗША Джон Ф. Кенэдзі, які запамятаўся, між іншым, выказваньнем на нямецкай мове «Я – бэрлінец» у чэрвені 1963 году, калі ён выступаў у Заходнім Бэрліне, выказваючы падтрымку жыхарам падзеленага бэтоннай сьцяной гораду, пры іншай нагодзе сказаў таксама нешта іншае.

Восеньню 1961 году, калі адносіны паміж ЗША і СССР ў сувязі з пабудовай Бэрлінскага муру пачалі набліжацца да мяжы, за якой «халодная вайна» магла ператварыцца ва ўзброены канфлікт, Кэнэдзі сказаў сваім дарадцам: «Гэта ня надта прыгожае вырашэньне, але сьцяна – гэта нашмат лепш, чым вайна» (It's not a very nice solution, but a wall is a hell of a lot better than a war).

Асноўныя даты ў гісторыі Бэрлінскага муру


15 чэрвеня 1961 -- на фоне павелічэньня патоку ўцекачоў з Усходняй Нямеччыны ў Заходні Бэрлін і перасьцярогаў, што мяжа будзе закрытая, лідэр ГДР Вальтэр Ульбрыхт заяўляе: «Ніхто не зьбіраецца будаваць сьцяну".

13 жніўня 1961 – пасьля поўначы усходненямецкія войскі пачынаюць узводзіць збудаваньні, якія Ўльбрыхт назваў «антыфашысцкім ахоўным бар'ерам".

19 жніўня 1961 – першая сьмерць з прычыны пабудовы Муру: разьбіўся чалавек, які спрабаваў перабрацца са сваёй кватэры на верхнім паверхсе дому ва Ўсходнім Бэрліне ў Заходні.

24 жніўня 1961 – Першае забойства ля Муру. Памежнікі застрэлілі 24-гадовага Гюнтэра Ліфціна, які спрабаваў пераплыць на заходні бераг ракі Шпрэе.

26 чэрвеня 1963 – Прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі прыехаў у Заходні Бэрлін, дзе зрабіў каля Сьцяны сваю знакамітую прамову, якая сканчалася словамі па-нямецку “Ich bin ein Berliner” (Я – бэрлінец), на знак салідарнасьці з жыхарамі гораду

3 чэрвеня 1972 – міністры замежных справаў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і СССР падпісалі пагадненьне, якім быў урэгуляваны статус Заходняга Бэрліну.

12 чэрвеня 1987 – выступаючы каля Брадэнбурскай брамы ў Бэрліне прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган сказаў: “Спадар Гарбачоў, разбурыце гэтую сьцяну”.

9 лістапада 1989 – дзесяткі тысяч ўсходніх немцаў, не сустракаючы супраціву памежнікаў і сілаў правапарадку, разбураюць Мур.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG