Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У Чэхіі ў Бяляцкага рахункаў няма"


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
12 жніўня а 16.30 чакаецца прад'яўленьне абвінавачаньня арыштаванаму старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бяляцкаму. Праваабаронцы апасаюцца рэпрэсій пасьля выдачы рахункаў польскім бокам.

12 жніўня ў турме на Валадарскага ў адваката адбылася сустрэча з Алесем Бяляцкім. Пра гэта паведаміў праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.

"Адвакат сустракаўся са спадаром Бяляцкім. Ён пачуваецца няблага, на здароўе ня скардзіцца. У 16.30 магчыма прад'яўленьне абвінавачаньня".

Польскі бок перадаў зьвесткі пра банкаўскія рахункі праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Уладзімера Лабковіча, Тацяны Равякі і Валянціна Стэфановіча. Пра гэта паведаміла "Свабодзе" Тацяна Равяка. Яна таксама зьняпраўдзіла інфармацыю пра тое, што інфармацыю пра рахункі Алеся Бяляцкага нібыта перадала і Чэхія. З чэскім бокам ніякіх партнэрскіх стасункаў у "Вясны" не было.

"У Чэхіі няма ў Алеся рахункаў. Гэта абсалютная "качка". Што тычыцца сытуацыі з Польшчай, то польскі бок вельмі неабачліва зрабіў. І ў гэтым сьпісе яшчэ трое сяброў праваабарончага цэнтру "Вясна". Па папярэдніх нашых зьвестках, у гэтым сьпісе дадзеныя пра Валянціна Стэфановіча, Уладзімера Лабковіча і Тацяну Равяку".

Прэсавы сакратар чэскага Міністэрства замежных спраў Яраслаў Курфюрст сказаў нашаму радыё, што цяпер ідзе актыўная праверка заяваў пра тое, што Чэхія перадавала беларускім уладам нейкую інфармацыю пра Алеся Бяляцкага. Паводле Курфюрста, пакуль што такім паведамленьням няма ніякага пацьверджаньня.

Міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі выбачыўся ад імя Польшчы з прычыны раскрыцьця польскім бокам афіцыйнаму Менску рахункаў праваабаронцаў. Ён назваў гэта заганнай памылкай, зробленай нягледзячы на засьцярогі МЗС. Камэнтуючы гэта, Тацяна Равяка сказала:

"Няхай яны ў маіх бацькоў папросяць прабачэньня. Ня дай Бог, калі арыштуюць, я ня ведаю, што зь імі будзе. Няхай тады ён прыедзе і папросіць у іх прабачэньня".

Генэральны пракурор Польшчы распачаў службовае расьсьледаваньне, хто вінаваты ў выдачы рахункаў Алеся Бяляцкага беларускім уладам. Яго папярэднія вынікі чакаюцца да 16 жніўня.

Адносна таго, як рэагуюць беларускія ўлады, атрымаўшы інфармацыю пра рахункі іншых праваабаронцаў, Тацяна Равяка сказала:

"Пакуль што мы чакаем, гэтыя дакумэнты знаходзяцца на перакладзе ў беларускага боку. Пакуль што ніякіх дзеяньняў адносна нас не прадпрынята. Мы знаходзімся ў чаканьні, але інфармацыя ўжо выдадзеная і афіцыйна прайшла. І мы чакаем, што будуць адпаведныя і захады. Бо калі рабіліся асобныя захады па нас, то яны рабіліся зь нейкай мэтай".

Тацяна Равяка распавяла, што адносна яе рабіўся запыт таксама і ў Міністэрства юстыцыі Літвы. Але літоўскі банк адмовіўся прадстаўляць такую інфармацыю.

"Была пачатая судовая працэдура, але Мін'юст усё ж не атрымаў дадзеныя пра мой рахунак у Вільні. Магчыма, таму, што я зьяўляюся кіраўніком Дома правоў чалавека, літоўскай арганізацыі. Альбо зь нейкай іншай прычыны. Але польскі бок выявіўся больш згаворлівым. І цяпер кіраўнік арганізацыі за кратамі, трое сяброў Рады — пад пагрозай крымінальнага перасьледу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG