Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У 30-я гады Бэрлін папрасіў зьвесткі пра рахункі антыфашыстаў"


Арышт лідэра праваабарончага цэнтру "Вясна", віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага камэнтуюць вядомыя палітыкі і праваабаронцы.

Паводле кіраўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэя Юрава, арышт Алеся Бяляцкага — гэта спроба ўладаў "прыдушыць рэшткі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі".

Андрэй Юраў
"Гэта вельмі благі знак. Бяляцкі — адзін зь вядомых і буйных праваабаронцаў Беларусі ня толькі на нацыянальным, але і на міжнародным узроўні. Гэта стварае рэальную пагрозу для працы "Вясны" — адной з самых буйных і вядомых праваабарончых арганізацый Беларусі. Што б там ні адбывалася, сапраўдная прычына гэтых падзеяў — гэта неадпаведнасьць беларускай правапрымяняльнай практыкі міжнародным стандартам свабоды асацыяцый. Зусім відавочна, што беларускія праваабарончыя і іншыя грамадзкія арганізацыі працуюць у такіх складаных умовах і іншы раз парушаюць нейкія прававыя нормы тыпу вядомага 193-га артыкула толькі ў сілу таго, што самі гэтыя законы супярэчаць усім міжнародным стандартам па фундамэнтальных правах чалавека".

Сёлета ў красавіку кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра замежнае фінансаваньне апазыцыі. Маўляў, "гэтую кармушку трэба зачыніць". Ці можна меркаваць, што арышт Бяляцкага якраз і зьвязаны з гэтым загадам Лукашэнкі? Палітык Віктар Івашкевіч адзначае, што ў Беларусі нічога ня робіцца бязь ведама Лукашэнкі.

Віктар Івашкевіч
"Відавочна, што ўдар па "Вясьне" і па яе кіраўніку Бяляцкаму зьвязаны з імкненьнем рэжыму перашкодзіць праявам салідарных дзеяньняў міжнароднага грамадзтва зь людзьмі, якія змагаюцца за свабоду ў Беларусі. "Вясна" займалася дапамогай палітрэпрэсаваным. У першую чаргу па гэтай сыстэме падтрымкі рэпрэсаваных нанесены ўдар. Пры ўсіх праблемах, якія ў зьвязку з гэтым узьнікаюць, і пры тым, што пад крымінальны артыкул імкнуцца падвесьці канкрэтных людзей, якія міжнародную дапамогу палітрэпрэсаваным арганізоўвалі, я думаю, беларуская і эўрапейская грамадзкасьць знойдзе мэханізмы ўсё роўна аказваць гэтую дапамогу".

Былы лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначае, што Алесь Бяляцкі "муляе ўладам сваёй дзейнасьцю, сваёй адвагай, сваёй прынцыповай паставай". Камэнтуючы факт перадачы Міністэрствам юстыцыі Літвы банкаўскіх рахункаў 400 грамадзянаў Беларусі, сярод якіх быў і Алесь Бяляцкі, беларускім уладам, спадар Вячорка, не праводзячы ніякіх паралеляў, згадаў, што ў 30-я гады Бэрлін зьвярнуўся да швайцарскіх банкаў з просьбай даць зьвесткі пра рахункі нямецкіх антыфашыстаў на падставе міжнароднага права і дамоваў.

Вінцук Вячорка
"Што да гэтай сытуацыі, то Міністэрства юстыцыі, міністар і яго намесьнікі, не ідыёты. Бо ўжо гучалі такія галасы, што гэта глупства нейкіх паасобных чыноўнікаў. Усе выдатна разумеюць, якая палітычная сытуацыя ў Беларусі, чым выклікана тое, што некаторыя арганізацыі альбо людзі мелі рахункі, неабходныя для працы іх грамадзкіх арганізацый, за межамі Беларусі, а ня ў ёй самой. Гэта выдатна ўсім вядома. Асабліва высокапастаўленым урадавым чыноўнікам той жа Літвы. Тыя мільёны, на якія, відаць, разьлічваюць нейкія літоўскія прадпрымальнікі, у выніку забесьпячэньня добрых, спрыяльных кантрактаў з Лукашэнкам, заключаных зь яго ведама, будуць сьмярдзець смуродам беларускіх турэмных камэраў".

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, Алесь Бяляцкі — гэта знакавая фігура, і доўгі час улады асьцерагаліся яго чапаць.

Аляксандар Класкоўскі
"Менавіта цяпер дзейнасьць "Вясны" пад кіраўніцтвам Бяляцкага стала асабліва раздражняць улады. Усіх застрашылі, а гэтыя праваабаронцы насуперак усяму ўсё ж прытрымліваюць гэты меч рэпрэсій і дапамагаюць ахвярам. Яны вырашылі, што праваабаронцы, зь іх гледзішча, пераходзяць усялякія межы. І, зноў жа, палітычны закладнік. Гэта стварае сытуацыю торгу з Эўропай. Напрыклад, зараз нейкі цень упаў на Літву, якія зьліла нейкую канфідэнцыйную фінансавую інфармацыю. Цяпер Літва ў няёмкім становішчы, і гэта дае козыры беларускаму боку. Гэта нейкі такі момант узьнікае палітычнага торгу паміж Менскам і Эўразьвязам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG